Перапрафіляваныя пад прыём пацыентаў з COVID-19 аддзяленні устаноў аховы здароўя Мінскай вобласці неўзабаве вернуцца да звычайнага рэжыму працы. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА расказала начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінаблвыканкама Наталля Баярская.
– Захворванне на каронавірусную інфекцыю па краіне ніжэй, чым чакалася, таму многія ўстановы аховы здароўя вяртаюцца да звыклага рэжыму працы. Такая сітуацыя складваецца і ў цэнтральным рэгіёне, дзе на сённяшні дзень налічваецца каля 900 свабодных ложкаў, якія раней былі падрыхтаваныя для пацыентаў з COVID-19, – распавяла Наталля Баярская. – Калі ў далейшым будзе назірацца зніжэнне захворвання пнеўманіямі ў Мінскай вобласці, частка ложкавага фонду, які раней перапрафілявалі ва ўстановах аховы здароўя, паступова і паэтапна пачне пераходзіць на звычайны рэжым работы.
У стацыянарах Мінскай вобласці для пацыентаў з COVID-19 было перапрафілявана 32% ложкавага фонду.
Найбольшая колькасць свабодных ложкаў, па словах Наталлі Баярскай, налічваецца ў Мінскім абласным процітуберкулёзным дыспансеры, ЦРБ Салігорскага, Слуцкага, Стаўбцоўскага, Клецкага, Валожынскага, Маладзечанскага, Вілейскага і Уздзенскага раёнаў.
• Текст доступен на языке: Русский