Фота dobrae.by. Вось так выглядала пякарня ў Мінску.

У мінулым годзе ў Мінску працавала сацыяльная пякарня «Добрае печыва». Гэта першы падобны праект у Беларусі – большасць работнікаў ініцыятывы маюць ментальную інваліднасць.

Пра тое, чаму пякарня пераязджае ў Маладзечна, хто можа шукаць там працу і калі маладзечанцы змогуць пачаставацца добрым печывам, мы распыталі заснавальніка сацыяльнай пякарні Дзмітрыя Багданава.

Каб стварыць пякарню, Дзмітры ўкладаў свае грошы, а таксама атрымаў фінансаванне як пераможца 11-га конкурсу сацыяльных праектаў  Social Weekend. Абарот пякарні пастаянна рос.

Але спыніць сацыяльны бізнес давялося праз каронавірус.

Так як пераважна кліентамі былі кампаніі, што пайшлі ў сакавіку-красавіку мінулага года на ўдалёнку, арганізацыя засталася без заказаў.

Будзе не толькі пякарня

Заснавальнік лічыць, што найхутчэй адкрыць пякарню ў Маладзечне змогуць вясной. Цяпер Дзмітры Багданаў заняты тым, што шукае памяшканне. Ці будзе яно каля стрыт-фуда або ў іншым месцы, пакуль невядома.

Печыва спярша будуць выпускаць трох гатункаў, як і на мінулым месцы, – аўсянае, шакаладнае і сырнае. Яго можна набыць у пякарні, а можна заказаць дастаўку. Магчыма, пазней асартымент разнастаяць.

«Добрае печыва» не выкарыстоўвае аднаразовую ўпакоўку, што ацэняць жыхары, якія клапоцяцца пра навакольнае асяроддзе.

У Маладзечне будзе працаваць разам з пякарняй і кавярня, так што можна будзе адразу не толькі купіць слодыч, але і папіць гарачы напой, пасядзець разам з сябрамі.

Каго запрашаюць

У маладзечанскай сацыяльнай пякарні будзе шэраг вакансій. Прымуць у штат пяцярых работнікаў з ментальнай інваліднасцю, якія будуць працаваць пад кіраўніцтвам прафесійнага кандытара. Таксама чакаюць барыста, якім можа стаць чалавек на вазку. Да каманды далучацца кур’ер і бухгалтар.

Па пытаннях працаўладкавання можна звяртацца праз кантакты, якія знойдзеце на сайце dobrae.by.

Як атрымалася вярнуць справу

Каб ініцыятыва сацыяльнай пякарні атрымала працяг, Дзмітры паўдзельнічаў у конкурсе ініцыятыў у межах праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект выконваюць у межах Праграмы развіцця ААН, а фінансуе яго Еўрасаюз.

Ахвотныя маглі падаць на конкурс заяўкі бізнес-ідэй. Сярод іх выбіралі пераможцаў, якія атрымалі фінансавую падтрымку на выконванне ідэі. Маладзечаншчына – адзін з раёнаў, дзе рэалізуюць праграму.

Таму пякарня і будзе працаваць у Маладзечне – фінансаванне неабходна асвоіць у раёне, дзе выйгралі конкурс.

Ініцыятыва мае фінансаванне на шэсць месяцаў працы. Ці будзе сацыяльная пякарня працаваць пасля гэтага тэрміну, залежыць ад эканамічнага поспеху.