6 студзеня ў судзе Смаргонскага раёна мясцовага жыхара пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі» за абразу прэзідэнта, перадае незарэгістраваны праваабарончы цэнтр «Вясна».

Крымінальную справу па ч.1 арт.368 разглядалі ў дачыненні да 18-гадовага смаргонца Іллі Вайткевіча. Справу разглядаў судзя Сяргей Боландзь, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Клышэвіч.

Следства ўстанавіла, што 28 жніўня Вайткевіч знаходзіўся на самізаляцыі і пакінуў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ў групе «Нетипичный Островец» каментарый, у якім, згодна экспертызе, дапусціў негатыўную ацэнку прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — напісаў, сярод іншага, што ён «гаў…» і «кончаны…».

На судзе Вайткевіч патлумачыў свае дзеянні эмоцыямі і нястрыманасцю, раскаяўся ва ўчыненым. Суд улічыў малады ўзрост абвінавачанага, прызнанне віны і раскаянне, а таксама тое, што Ілля раней быў несудзімы.

Суддзя Балондзь пастанавіў прызнаць Іллю Вайткевіча вінаватым і вынес пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.