Супрацоўнікі міліцыі ідуць да пратэстоўцаў на маладзечанскай плошчы 9 жніўня.

Маладзечанскі суд працягвае разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да Вадзіма Гурмана, якога абвінавачваюць у актыўных дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, і ў пагрозе гвалтам супрацоўнікам міліцыі.

На папярэдніх пасяджэнняў заслухоўваліся паказанні пацярпелых і сведак. 15 студзеня паказанні таксама давалі пацярпелыя і сведка.

Чытайце яшчэ: «Давайце іх вешаць». У Маладзечне адбыўся першы суд па крымінальнай справе за 9 жніўня

Чытайце яшчэ: «Весела яму было, не так як зараз». Сведкі з міліцыі далі паказанні па справе Гурмана

«Яны хацелі, каб мы перайшлі ад дзейнай улады да народа»

Павел Сіняўскі – камандзір роты патрульна-паставой службы. 9 жніўня знаходзіўся на службе па ахове грамадскага парадку. Бачыў Вадзіма Гурмана, які выкрыкваў лозунгі: «Жыве Беларусь!», «Верым! Можам! Пераможам!», «Міліцыя з народам!»

– Нічога апазіцыйнага ці супрацьзаконнага ў выразе «Жыве Беларусь!» я не бачу. А калі натоўп крычаў «Міліцыя з народам!», то яны хацелі, каб мы перайшлі ад дзейнай улады да народа, – патлумачыў міліцыянер.

Калі Гурман стаяў паблізу Сіняўскага, той пачуў, што хлопец сказаў: «Будзем рэзаць, вешаць. Выбірайце сабе слупы». Адвакат Літвіновіч зачытала паказанні міліцыянера, што ён даваў на папярэднім следстве:

– Гурман паведаміў у наш адрас: «Мусара [нецэнзурная брань] будзем вас вешаць».

Падпалкоўнік Руслан Манькоўскі.

Сіняўскі лічыць, што сэнс выразу адзін і той жа. Па яго словах, Гурмана не затрымалі, таму што не было загаду ад падпалкоўніка Руслана Манькоўскага. Сіняўскі адзначыў, што яму яшчэ паказалася, што Гурман мог знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення – ён так лічыць з-за хісткай хады хлопца.

Пацярпелы міліцыянер заявіў позву аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 500 рублёў. Сказаў, што калі пачуў гэтую фразу, то ў той жа момант адчуў пагрозу свайму жыццю і здароўю.

«Заклікаў міліцыю перайсці на бок пратэстоўцаў»

Аляксандр Цярэньцьеў даваў паказанні па відэасувязі з дому, таму што знаходзіцца на лячэнні. Падчас паказанняў адвакат абвінавачваемага звярнула ўвагу, што Цярэньцьеву можа нехта падказваць. Сакратар суда, якая знаходзілася з пацярпелым міліцыянерам, паведаміла, што побач была яго жонка.

Цярэньцьеў расказаў, што 9 жніўня быў на службе. Падпалкоўнік Манькоўскі загадаў міліцыянерам стаць у шарэнгу насупраць пратэстоўцаў, каб не даць тым магчымасці падысці да райвыканкаму.

– Гурмана пабачыў з самага пачатку. Ён скандаваў, заклікаў міліцыю перайсці на бок пратэстоўцаў. А пасля стаў заклікаць наносіць цялесныя пашкоджанні і пагражаў фізічнай расправай міліцыянерам, – падзяліўся Цярэньцьеў.

Цярэньцьеў дадаў, што Гурман сказаў у бок супрацоўнікаў Маладзечанскага РАУС, што іх павешаюць. Яшчэ пацярпелы лічыць, што абвінавачваемы спрабаваў завесці натоўп, каб ён прарваў шарэнгу міліцыянераў, а частка людзей нават спрабавала падысці да супрацоўнікаў.

Прэтэнзій ў Цярэньцьева да Гурмана няма, але міліцыянер заявіў позву аб кампенсацыі маральнай шкоды на 1000 рублёў — гэтыя грошы ён збіраецца аддаць Радашкавіцкаму дому-інтэрнату.

– Я адчуваў рэальную пагрозу за жыццё і здароўе. Яго заклікі нанесці цялесныя пашкоджанні сталі рэальнымі ў той вечар. Невядомы нанёс мне траўму.

«Казаў, чаму мы гэтым займаемся за такія заробкі»

Сямён Курэц не працуе ў міліцыі са жніўня 2020 года. Увечары 9 жніўня знаходзіўся на ахове грамадскага парадку. Упершыню Курэц убачыў Гурмана на плошчы разам з яго дзяўчынай і сябрам.  Па яго словах, абвінавачваемы не ўяўляў для яго пагрозы.

– Не памятаю, што ён казаў. Толькі пра заробкі. Ён сказаў: «Чаму вы гэтым займаецеся за такія заробкі? Чаму вы гэта робіце?»

Рэальнай пагрозы ад Гурмана Курэц не адчуваў.

***

Наступнае пасяджэнне пройдзе 19 студзеня – будуць даваць паказанні сведка Цар і пацярпелы Лазар.