Вольга Шостак на ўзнагароджанні. Фота Настассі Уткінай.

Вольга расказала пра любімую працу, з якой прыйшлося звольніцца, пра збор подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты, пра штрафы, якія хутка сабралі вілейчукі, і перамогу ў нашай акцыі.

Пра перамогу ў акцыі «Асоба года»

– Пра ўключэнне ў спіс і перамогу даведалася праз сацсеткі. У вашым спісе было многа годных людзей. Сама галасавала за віляйчанку Ларысу Якавюк. Яна шмат робіць у экалагічным кірунку, часам мы супрацоўнічалі. Таму вырашыла падтрымаць зямлячку. Калі даведалася пра перамогу, з аднаго боку, было вельмі прыемна, з іншага, разумела, што гэта не толькі мая перамога, а перамога каманды актывістаў рэгіёна, з якімі я супрацоўнічала сёлета. Часта думала пра тое, што ж такое робяць людзі, каб перамагчы ў вашай акцыі.

Гэта перамога, на маю думку, куды важней, чым Нобелеўская прэмія. Бо гэта сведчыць аб прызнанні маіх землякоў.

Пра выбар прафесіі педагога

– Я – дачка настаўнікаў з Касцяневічаў. Бацькі, Зінаіда Анастасьеўна і Вячаслаў Станіслававіч Марцюгі, працавалі ў мясцовай школе. Бацька выкладаў матэматыку, фізіку і інфарматыку, матуля – геаграфію. Потым яна была намеснікам дырэктара, дырэктарам. Роднай школы ўжо няма. Яе зачынілі, будынак знеслі. Нават няма куды прыехаць. Гэта шчымліва. Бо ў нас былі вельмі добрыя настаўнікі, з актыўнай пазіцыяй. Магчыма, мой актывізм пачаўся са школы. Бо настаўнікі данеслі, што важна не толькі мець добрыя адзнакі, але і быць актывістам па жыцці. У школе ўдзельнічала ў абласных этапах алімпіяды па геаграфіі. І паставіла мэту – паступіць на геафак у БДУ. Што і зрабіла. Бацькі не адгаворвалі. Відаць, таму, што вельмі любілі сваю працу.

Вольга Шостак і галоўны рэдактар “РГ” Аляксандр Манцэвіч. Фота Настассі Уткінай.

Паступіла на факультэт, дзе некалі вучылася мая мама, а потым – сястра. Студэнцтва прыпала на няпросты час – канец 1990-х – пачатак 2000-х, крызіс. Але ў нас былі неверагодныя педагогі. Яны аб’ездзілі ўвесь свет і пра далёкія краіны расказвалі не па кніжках, а з уласнага досведу. Запомнілася выкладчыца па беларусазнаўстве і выкладчык па матэматыцы. Апошні прыехаў з Расіі, але вывучыў беларускую мову і матэматыку выкладаў па-беларуску. Для мяне – выпускніцы беларускамоўнай школы гэта было зручна.

Пра «Планету навуковых цудаў»

– Пасля ўніверсітэта накіроўвалі ў школу ў Пагост на Вілейшчыне. Але потым прапанавалі працу на станцыі юных натуралістаў у Вілейцы. Ёй загадваў Войцех Канецкі. Некалькі год працавала з ім. Пасля шмат вучылася ў свайго метадыста Наталлі Сухан. У межах гуртка і пачалася мая актыўнасць. Прыходзілі дзеці, мы нешта прыдумвалі, праводзілі мерапрыемствы ў школах, складалі экалагічныя казкі, удзельнічалі ў раённых конкурсах, выступалі на гарадскіх пляцоўках. Менавіта дзеці канчаткова навучылі мяне быць актыўнай. Каб вучні хадзілі на гурткі, з імі трэба быць шчырымі і ўвесь час нешта прыдумваць. Праграма ёсць, але ў дзяцей можа быць іншы настрой. Была вельмі дружная група, з якой я працавала тры гады. Дзяўчаты адтуль пайшлі на медыкаў, абралі той кірунак, якім займаліся ў гуртку.

Пасля дэкрэтнага паглыбілася ў навуковую і даследчую дзейнасць. Пачала шукаць напрамак, які быў бы цікавы дзецям. Так з’явілася «Планета навуковых цудаў». Адразу пачыналі працаваць са смеццем, з тым, што побач. Разам з дзецьмі праводзілі фізічныя і хімічныя доследы. Звяртала ўвагу на тое, каб доследы былі бяспечныя. Як настаўнік і як мама ведала: дзіця захоча дома паўтарыць. Праводзілі самыя простыя – з паветрам, вадой, содай, цукрам, соллю, вітамінам С.

Шмат выступалі. Адразу, каб дзеці не саромеліся, здымалі відэаролікі і адпраўлялі іх на конкурсы – у Магілёў, у Казань. З Казані нам даслалі дыпломы. Пасля паказвалі доследы на масавых мерапрыемствах у Вілейцы. Былі ў Барысаве, Мінску, летась прадстаўлялі Мінскую вобласць у «Зубраняці». А ў конкурсе Social Weekend нашу каманду ўзнагародзілі навучаннем.

Пра СТЭМ-клас у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

– Хацелася стварыць нейкі праект, каб атрымаць фінансаванне для далейшага развіцця «Планеты», набыць наборы, якія дазваляюць праводзіць больш доследаў, рабіць гэта прафесійна. Шмат пісала заявак на гранты.

Было не проста, мы прывыклі да адмоў, але не здаваліся.

На адным з конкурсаў я прадставіла свой досвед і як спецпрыз выйграла планшэты. Зрабілі маленькі СТЭМ-клас у Цэнтры дадатковай адукацыі. Паклалі туды гэтыя планшэты. І больш там нічога не было. А потым нас заўважыла і падтрымала ІТ-кампанія, нам падарылі 3D-прынтар. Дзякуючы дырэктару Беларускаму дзіцячаму фонду і вілейскай кампаніі ў нас з’явіўся механічны канструктар. Атрымалася добрая база.

Пра тое, як прыйшла да грамадскай дзейнасці

– Чаму вырашыла заняцца зборам подпісаў падчас выбарчай кампаніі? Па-першае, у творчым плане быў дасягнуты Эверэст. Хацелася праявіць сябе ў іншым. Па-другое, бачыла, што мая праца патрэбная мне і дзецям, а вось бацькам – не асабліва. Вельмі мала было бацькоў, якія цікавіліся нашай дзейнасцю.

Да пэўнага часу я жыла ў сваім свеце – пазітыўныя дзеткі, навуковыя цуды, усмешкі. Аказалася, свет не такі ўжо і радасны.

Бацькам маіх вучняў няма калі цікавіцца нашай навуковай дзейнасцю і дзякаваць педагогам за поспехі. Яны думаюць пра іншае: як выжыць, як зарабіць. Значыць, у краіне нешта не так.

Як географ я гляджу на іншыя краіны. Бачу, якія неверагодныя тэхналогіі там. І хачу, каб мая Беларусь была на ўзроўні, а не плялася ззаду. Вырашыла: трэба нешта мяняць. Таму падалася ў групу па зборы подпісаў за Ціха’ноўскую.

Пра збор подпісаў

– Акунулася ў гэту актыўнасць, пазнаёмілася з актывістамі рэгіёна, адчула іх падтрымку. Раней думала, што актыўныя, высока маральныя, неабыякавыя людзі недзе далёка. Аказалася, іх шмат побач. Збор подпісаў – гэта вельмі станоўчы досвед.

Раней я бачыла, што дзеці ўмеюць шчыра радавацца. Цяпер убачыла шчырую радасць і надзею ў вачах дарослых.

Падчас збору подпісаў людзі ставіліся паважліва і прыязна адзін да аднаго і да нас.  Напрыклад, у Смаргоні чарга была тры гадзіны. Людзі стаялі спакойна, ніхто не папракаў мяне, што марудна пішу. Нават прапанавалі адпачыць, паілі кавай. Збор подпісаў акрыліў. У Вілейцы, Маладзечне, Смаргоні, Мядзеле, Ашмянах, Ільі я ўбачыла шмат людзей, якія хочуць змен.

З журналістамі і галоўным рэдактарам. Фота Настассі Уткінай.

Пра звальненне з любімай працы

– Прычыны дзве – ідэалогія і бяспека. Я не магу маніць дзецям, казаць ім пра тое, што ў нашай краіне цэняць ІТ-спецыялістаў, калі ІТ-кампаніі з’язджаюць з Беларусі. Не магу казаць пра тое, што ў беларускім грамадстве цэняць камунікацыі, крытычнае мысленне. Бо многія з тых людзей, якія валодаюць крытычным мысленнем і гатовыя адстойваць сваю пазіцыю, сёння за кратамі.

А яшчэ, як аказалася, у маю кватэру могуць прыйсці сілавікі і напалохаць маіх дзяцей. Такое ўжо было. Пакуль я не працую. Сям’ю забяспечвае муж, дапамагаюць бацькі.

Пра салідарнасць

– Слова 2020 года – гэта, безумоўна, слова «салідарнасць». Яе я адчула і падчас збору подпісаў, і тады, калі вілейчукі вельмі хутка сабралі мне грошы на абодва штрафы, прысуджаныя Вілейскім судом па артыкуле 23.34.

 

• Текст доступен на языке: Русский