Так цяпер выглядае сядзіба Стругачаў. Да 1949 года вёска, дзе яна месціцца, называлася Святы Дух. Пасля стала Будзёнаўкай. Фота Радыё Свабода.

1937

Рэпрэсавалі ўраджэнца Ашмянаў, дзяржаўнага дзеяча, члена Цэнтральнага выканаўчага камітэта Літоўска-Беларускай Рэспублікі Эдуарда Сянкевіча (нарадзіўся ў 1889). Удзельнічаў у рэвалюцыі 1905 года, Першай сусветнай вайне, служыў у органах НКВД. У 1937 і загінуў. Рэабілітаваны пасмяротна.

Выданне Kurjer Wilenski ад 24 ліпеня піша пра самагубства дзяўчыны ў Ашмянах: «Аб справе самагубства 20-гадовай Генуэфы Дарачынскай, цела якой было знойдзенае ў р. Ашмянцы 31 мая бягучага года. У выніку даследавання стала вядома: Генуэфа Дарачынская пасля смерці сваіх бацькоў была ўладкаваная на працу афіцыянткай у рэстаран свайго дзядзькі Матоўскага ў Гальшанах, дзе пазнаёмілася з нейкім Янам Яваровічам, з якім часта хадзіла на прагулкі аж да ночы. На гэта звярнула ўвагу жонка дзядзькі Марыя Матоўская, каторая наказала прыпыніць такія шпацыры. Але тая сваёй цёткі не паслухалася. 23 мая Дарачынская гуляла з Яваровічам да 2 гадзін ночы, а калі вярнулася дахаты, Матоўская яе не ўпусціла. Адразу Дарачынская пайшла пешшу ў напрамку Ашмянаў, і калі праходзіла праз раку Ашмянку, здзейсніла самагубства праз утапленне. Справа накіраваная ў віцэпракуратуру ў Вільню».

У Казахстане, у турме НКВД, камуністы расстралялі ўраджэнца Гальшанаў, каталіцкага святара, грамадскага дзеяча Яна Вярсоцкага (нарадзіўся ў 1888 годзе). Расстралялі і ўраджэнца Астраўца, грамадскага дзеяча Сяргея Карпа (нарадзіўся ў 1892 годзе). Апошнія гады быў старшынёй Дзяржаўнай планавай камісіі РСФСР.

У Варнянах, на Астравеччыне, палякі адчынілі сямігадовую школу ў цэнтры вёскі. Будынак быў вялікі, з прасторнымі, светлымі класамі, пячным ацяпленнем.

1949

У Ашмянах адкрываюць гарадскую бібліятэку.

Ураджэнец Ашмянаў, будучы спявак і заслужаны артыст Літвы Уладзімір Рубацкі (1914-1981) становіцца салістам Тэатра оперы і балета Літвы.

Савецкія ўлады зачынілі касцёл у вёсцы Анжадава, на Ашмяншчыне, а ксяндза арыштавалі.

Вёску Святы Дух на Ашмяншчыне перайменавалі ў Будзёнаўку. Месца вядомае закінутай сядзібай 19 стагоддзя, якая належала прадпрымальнікам Стругачам. Сёння сядзіба ў занядбаным стане прадаецца на аўкцыёне.

1961

Побач з Ашмянамі з’явіўся аэрадром. Ён працаваў 30 год. Узлётная паласа пралягала там, дзе сёння вуліца Зыгмунта Мінейкі.

Да Гродна з Ашмянаў на самалёце «АН-2» даляталі за гадзіну. Білет да Гродна каштаваў пяць рублёў, да Мінска – тры.

На Ашмяншчыне да Гальшанскага сельсавета далучылі тэрыторыю скасаванага Барунскага. Пачало працаваць Гальшанскае лясніцтва.

1973

На Ашмяншчыне Куцавіцкі сельсавет перайменавалі ў Навасёлкаўскі.

Ашмянскі аўтаклуб прызналі лепшым у Беларусі.

У Астраўцы скончылі будаўніцтва трохпавярховага вузла сувязі.

У Спондаўскай школе, на Астравеччыне, стварылі музей. Гэта быў першы школьны музей у раёне.

У Ашмянах паставілі помнік на брацкай магіле часоў Другой сусветнай.

1985

У Астраўцы пачаў працаваць дзіцячы сад №3.

А мясцовыя актывісты заснавалі Клуб аматараў лазні.

Гісторык Алесь Краўцэвіч праводзіць археалагічныя даследаванні Ашмянаў. Раскопкі праводзіліся каля былога францысканскага касцёла і ў цэнтры горада. Большасць знаходак належала да 16-18 стагоддзяў.

1997

У Гальшанах ладзяць выставу работ мастака Фердынанда Рушчыца.

Фердынанд Рушчыц. Зямля

У Астраўцы ўпершыню зладзілі Гашкевіцкія чытанні – прысвечаныя дыпламату даследчыку Японіі і Кітая Іосіфу Гашкевічу. Ён быў пахаваны ў Астраўцы ў 1875 годзе на могілках, якія цяпер не існуюць.

На Ашмяншчыне, ва ўрочышчы Люгаўшчына, рэканструявалі помнік на месцы загінулых 1200 ашмянскіх яўрэяў. Помнік паставілі ў 1958 годзе.

Ураджэнца Астраўца, прафесара і літаратуразнаўцу Адама Мальдзіса Кембрыджскі ўніверсітэт прызнаў Чалавекам года ў галіне культуралогіі.

Адам Мальдзіс. Фота “РГ”.

Па словах мясцовых жыхароў, калі рэстаўратары чысцілі скляпенні манастыра ў Гальшанах, пад адной сцяной знайшлі жаночы шкілет. Яго хацелі перапахаваць, але нешта пайшло не так і рэшткі пагубляліся. Цяпер сцвярджаюць, што часам ноччу па мурах замка ходзіць прывід Белай панны.

Гальшанскі школьны музей атрымаў званне народнага.

2009

Астравецкі раён узнагародзілі ганаровым вымпелам Міністэрства ЖКГ за перамогу Астраўца, тады яшчэ гарадскога пасёлка, у нацыянальным конкурсе санітарнага стану і добраўпарадкавання.

У Астравец прывозілі копію крыжа Еўфрасінні Полацкай.

У Альхоўцы, на Астравеччыне, асвяцілі новую праваслаўную царкву.

Правялі рэспубліканскае грамадскае абмеркаванне папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння Беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе.

У Ашмянах скончылі рэстаўрацыю будынка краязнаўчага музея імя Багушэвіча і адчынілі выставачную залу.

Гальшаны сталі аграгарадком. З гэтага часу штогод тут праводзяць фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак».

• Текст доступен на языке: Русский