Выхавальніца беларускамоўнай групы смаргонскага садка №8 Эдзіта Бранцэвіч.

Герой дзясятага выпуску «Таршэра» – Эдзіта Бранцэвіч са Смаргоні. Эдзіта Эдуардаўна працуе выхавальніцай у беларускамоўнай групе смаргонскага садка №8. Менавіта яна стала пераможцай у намінацыі «Натхненне года» нашай акцыі «Асоба года-2019». Вось які спіс атрымаўся ў спадарыні Эдзіты.

Складана вызначаць вартыя ўвагі творы мастацтва, бо кожны чалавек звяртае ўвагу на тое, што яму падабаецца, што адпавядае яго светапогляду і з’яўляецца каштоўнасцю.

У першую чаргу, мяне прыцягваюць мастацкія творы,  якія раскрываюць глыбіню і адметнасць беларускай культуры, гісторыі і таямніцы чалавечай душы.

  1. «Вянок»  Максіма Багдановіча

На мой погляд, паэзія Максіма Багдановіча ўнікальная: глыбокая, дасканалая, рамантычна-ўзнёслая. Паэт імкнуўся зрабіць яе такой, прытрымліваючыся погляду, што толькі дасканалыя, прыгожыя радкі могуць крануць сэрцы чытачоў:

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

I сказаць:

“Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

I нясецца за сонцам зямля.

Аднойчы мне пашчасціла пачуць вершы Максіма Багдановіча з вуснаў цудоўнейшага экскурсавода філіяла музея ў Ракуцёўшчыне. Не перадаць словамі гэту асалоду! Здаецца, што вакол трымцела паветра ад той гамы пачуццяў, што віравалі вакол.

Толькі ўнікальны чалавек з вялікай душой мог стварыць такія вершы.

Пазней я даведалася, што  важнымі прынцыпамі паэта былі: «Прыгожае – вышэй за ўсё», любыя змены ў будучым немагчымыя без ведання мінулага. І гэтыя прынцыпы мне вельмі сугучныя.

Фота onebook.by.
  1. Раман Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы»

У сваiм аўтабiяграфiчным рамане «Каханак Вялiкай Мядзведзiцы» Сяргей Пясецкi ўвекавечыў беларускае мястэчка Ракаў.

Старажытны Ракаў быў вялiкi i багаты. На Ракаўскiм кiрмашы можна было набыць самыя дэфiцытныя тавары. Нават мiнскiя моднiцы прыязджалi сюды, каб купiць прыгожыя панчохi, пальчаткi, карункавую бялiзну, футра. Золата, спiрт, шкуркi пушных звяроў былi самай лепшай валютай у той час сярод кантрабандыстаў.

Галоўны герой быў вельмі паспяховым кантрабандыстам. Падчас розных удалых і не вельмі пераходаў праз мяжу паміж Савецкай Беларуссю і Польшчай яму дапамагалі знайсці дарогу зоркі Вялікай Мядзведзіцы. Кожнай зорцы кантрабандыст даваў імёны каханых жанчын.

У жніўні 2019 года падчас Ракаўскага фэсту адкрылі помнiк Сяргею Пясецкаму: мемарыяльны камень з выявай Вялiкай Мядзведзiцы, зорачкi якой свецяцца ў цемры.

Фота afisha.tut.by.
  1. П’еса Аляксея Дударава «Чорная панна Нясвіжа»

Кранальны сюжэт п’есы на дасканалай беларускай мове выклікае цэлы вір эмоцый ад няшчаснага кахання, здрады і чалавечай подласці.

Барбара Радзівіл адкрылася для мяне з новага боку. Не як жанчына, якая праславілася прыгажосцю, прыналежнасцю да наймагутнейшага магнацкага роду, няшчасным каханнем да караля Жыгімонта. А як чалавек пэўнага гістарычнага часу, але ж з тымі патрэбамі, што і зараз: кахаць і быць каханай, мець дзяцей, выбіраць свой лёс.

Фота yuliya-s-b.livejournal.com.
  1. «Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак» выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»

Кніга складаецца з цікавых расказаў пра тых істот, якімі ва ўяўленнях людзей быў населены навакольны свет.

Тут, у нашым краі, «паміж пустак, балот», сярод палёў і лясоў, азёр і рэк, на падворку і ў хаце, у вадзе і пад зямлёй нібыта існавалі – жылі, дапамагалі ці шкодзілі – усе персанажы, якія склалі міфы нашай Бацькаўшчыны.

Яшчэ цудоўнай акалічнасцю з’яўляецца тое, што кніга ілюстраваная славутым мастаком Валерыем Славуком. Кніга зачароўвае як дзяцей, так і дарослых.

  1. Карціны Марка Шагала

Асабліва падабаюцца палотны «Над горадам» і «Каханкі».

У аснову знакамітай серыі Марка Шагала «Каханкі» лягла гісторыя прыгожага кахання беднага маладога мастака і дачкі віцебскага ювеліра. Серыя складаецца з чатырох карцін: «Блакітныя каханкі», «Ружовыя каханкі», «Шэрыя каханкі», «Зялёныя каханкі».

Карціны былі прысвечаны каханай жанчыне і жонцы Марка Шагала Бэле Розенфельд. Мастак вельмі часта пісаў жаночыя вобразы са сваёй каханай жонкі як падчас іх шлюбу, так і пасля смерці Бэлы.

Карціна Ганны Сілівончык.
  1. Карціны Ганны Сілівончык

Яны ствараюць асаблівы сусвет: нешта вельмі знаёмае, роднае, цікавае,  натхняльнае. Вельмі радуюся, калі бачу ўпрыгожаныя імі вітрыны, медыцынскія цэнтры, выявы на паштоўках, майках.

  1. Вельмі падабаюцца песні Зміцера Вайцюшкевіча

Яны такія рамантычная, летуценныя, змястоўныя, з глыбокім сэнсам і, што вызначальна, на прыгожай беларускай мове: «На Каляды», «Я нарадзіўся тут»,  «Дзе мой край», «Песня пра галоднага ваўка»,  «Жыве Беларусь», «Я браў цябе за руку», «Зорка Дзіва».

Імпануе, што песні створаныя на тэксты беларускіх аўтараў, як вядомых, так і маладых узыходзячых зорак. І, канешне, імпануюць вялікае замілаванне, любоў, адданасць сваёй краіне і смеласць адкрыта праяўляць гэта.

  1. Захапляюць старыя архітэктурныя пабудовы беларускіх вёсак і мястэчак

Яны, па маіх адчуваннях, жывыя. Старыя драўляныя хаты з драўлянымі карункавымі ліштвамі і аканіцамі, каменныя бровары, узнёслыя храмы, масты і млыны…

Каб хоць трошкі дакрануцца светапоглядам да неверагодна прыгожай гісторыі свайго краю, раю паглядзець кароценькі дакументальны фільм «Там, дзе мрояцца ветракі» Алеся Гізуна.

Вятрак – гэта проста сапраўднае дзіва, ён адзіны нестатычны архітэктурны аб’ект, рухомы, жывы будынак. Ветраны млын, як звон званоў, дым з комінаў хат, надае адухоўленасць ландшафту.

…А было ж завознікаў памногу,

Жорны аж да поўначы гулі,

І вазы ў далёкую дарогу

Везлі мліва цёплыя кулі….

Сяргей Грахоўскі.

У колькіх літаратурных і народных творах ёсць успамін пра ветракі. З імі звязаныя дзіўныя гісторыі, чароўныя паданні і легенды.

Ніхто не думаў, што са стратай ветракоў будзе назаўжды страчаны аўтэнтычны ландшафт беларускіх мястэчак, а з часам слова «вятрак» не будзе зразумела нашым дзецям.

  1. Рамантычны фільм  «Да сустрэчы з табой», 2016 год

Аб каханні дзяўчыны і паралізаванага пасля аварыі юнака, а яшчэ пра каштоўнасць здароўя, магчымасці, якія дае чалавеку жыццё, суіснаванне розных сусветаў чалавечых светапоглядаў і адбітак кожнага чалавека ў жыцці іншых людзей.

  1. Фільм-драма «Паўночнае сонца», 2018 год

Гісторыя дзяўчыны Кэці з вельмі рэдкім захворваннем. З самага маленства ёй было забаронена трапляць хоць на хвіліну пад сонечныя промні, бо яны  непазбежна б выклікалі развіццё ракавых клетак і смерць. Такім чынам, дзяўчынка была пазбаўленая таго, што мае большасць дзяцей: дзённых прагулак, школы, сяброў і іншага.

Клапатлівы бацька пільна сачыў за дачкой на працягу 16 гадоў, а далей здарылася першае каханне…

Фільм паказвае каштоўнасць самых простых рэчаў: адчування сонечных промняў на скуры, падарожжаў, а таксама ярка дэманструе прысутнасць іншых людзей у жыцці, паказвае кожны дзень як час для шчасця.

• Текст доступен на языке: Русский