Мемарыяльная дошка ў гонар Пятра Сыча ў Батурыне, на Вілейшчыне. Фота з архіва РГ.

18 студзеня 1912 года ў Батурыне Вілейскага павета нарадзіўся будучы пісьменнік, журналіст, герой Монтэ-Касіна, адзін з першых супрацоўнікаў радыё «Свабода», Пётра Сыч.        

Пачатковую школу скончыў у роднай вёсцы, а сямікласную – у  Хаценчыцах. У 1929 годзе пачаў вучобу ў Віленскім універсітэце на факультэце філасофіі, але праз два гады мусіў кінуць вучобу з-за хваробы маці.

Ад гэтага часу па­чаў журналісцкую працу ў віленскіх польскамоўных газетах. Адначасова пачаў і пісьменніцкую дзейнасць.

За польскім часам працаваў у Хаценчыцкай гміне інжынерам-будаўніком.

Як і тысячы жыхароў Заходняй Беларусі, Сыч сустрэў вайну на самым яе пачатку, 1 верасня 1939 года, і быў як польскі грамадзянін мабілізаваны ў Войска Польскае. Ён апынуўся ў 10-м батальёне Корпуса аховы памежжа. Аднак у тым самым верасні вайна для яго скончылася.

Пётра Сыч ад 17 да 23 верасня браў удзел ва ўзброеных сутычках з чырвонаармейскімі часцямі ў раёне Смаргоні і пад Гроднам. У выніку ён, як і тысячы польскіх вайскоўцаў, трапіў у савецкі палон. Паколькі Сыч быў жыхаром Заходняй Беларусі, яго неўзабаве вызвалілі.

У 1940-м Сыч быў арыштаваны, асуджаны і разам з тысячамі жыхароў Заходняй Беларусі накіраваны ў працоўны лагер (Комі АССР).

У верасні 1941 года як польскі грамадзянін Пёт­ра Сыч быў перакінуты спачатку ў Надволжа, потым у Самарканд, дзе стваралася польская армія генерала Уладзіслава Андэрса. Далучыўся да войска польскага генерала.

Па заканчэнні вайны корпус генерала Андэрса перавялі ў Англію. Там Пётра Сыч ад 1946 года  далучыўся да беларускай працы. У 1951 годзе пераехаў у Германію, дзе рэдагаваў сатырычны часопіс «Шарсцень» і супрацоўнічаў з газетай «Бацькаўшчына», што выдавалася ў Мюнхене. Стаў адным з самых першых супрацоўнікоў радыё «Свабода» (тады радыё «Вызваленне»).

Дамоў, на Вілейшчыну, не вярнуўся. Памёр у 1963 годзе ў Мюнхене.

Сёння на радзіме Пётры Сыча ёсць мемарыяльная дошка ў яго гонар.

• Текст доступен на языке: Русский