Вадзім Гурман у судзе.

19 студзеня маладзечанскі суд разглядаў крымінальную справу Вадзіма Гурмана. Яго абвінавачваюць у падбухторванні натоўпу да актыўных дзеянняў супраць міліцыі і пагрозе гвалтам супрацоўнікам Маладзечанскага РАУС.

На папярэдніх трох пасяджэннях пацярпелыя і сведкі давалі паказанні. Сёння пацярпелы Лазар і сведка Цар не змаглі даць паказанні, таму суддзя змяніла ход судовага разбіральніцтва – дапытвалі абвінавачваемага Гурмана, вывучалі пісьмовыя доказы.

Першае пасяджэнне: «Давайце іх вешаць». У Маладзечне адбыўся першы суд па крымінальнай справе за 9 жніўня

Другое пасяджэнне: «Весела яму было, не так як зараз». Сведкі з міліцыі далі паказанні па справе

Трэцяе пасяджэнне: «Пагражаў фізічнай расправай». Міліцыянеры працягваюць сведчыць па справе Гурмана

Вадзім Гурман на плошчы 9 жніўня.

Паказанні Гурмана па падзеях 9 жніўня

9 жніўня Гурман быў дома, а ўвечары пайшоў гуляць разам з сябрамі Сіўцом, Фінажонкам і Патаповічам. Разам яны прайшлі на Цэнтральную плошчу, таму што з сацыяльных сетак даведаліся, што там будуць збірацца людзі. Праз нейкі час на плошчы з’явіліся міліцыянеры, сталі ў шарэнгу насупраць людзей. Па словах Гурмана, людзі побач увесь час казалі, што супрацоўнікі будуць збіваць.

– Я бачыў, што на плошчы сталыя людзі, жанчыны, падлеткі – людзі розных узростаў. А яны стаяць шарэнгай з дубінкамі, быццам збіраюцца разганяць. Гэта мяне абурыла. Выйшаў паміж людзьмі і міліцыянерамі, каб выказаць сваё меркаванне. Не бачыў ніякай агрэсіі ад людзей. Падняў рукі ўверх, каб паказаць міліцыянерам, што ў мяне няма зброі, – расказаў Гурман.

Па словах абвінавачваемага, ён выходзіў так 3-4 разы. Адзін раз сказаў міліцыянерам пра кватэры і заробкі. Іншы раз пытаўся, ці будуць міліцыянеры збіваць жанчын. І яшчэ раз запытаўся ў шарэнгі сілавікоў, як на іх будуць глядзець члены іх сямей.

Пасля Фінажонак папрасіў Гурмана больш не выходзіць, каб не справакаваць міліцыянераў. Яны адышлі да фантана ў скверы. Калі стала цёмна, Гурман пачуў з боку шарэнгі міліцыянераў крык: «Пашліце да стэлы». Людзі павярнуліся, пайшлі да парку. Гурман жа наадварот пайшоў у бок плошчы. Там ён убачыў, як з аўтобусу выбегаюць супрацоўнікі АМАП. Тыя пачалі збіваць людзей дубінкамі, рукамі і нагамі.

– Я спужаўся, пачаў бегчы да Палаца культуры. Адтуль у бок валейбольных пляцовак у парку, а пасля зноў да Палаца культуры. Праз плошчу спакойна дайшоў да піцэрыі «Пінгвін», пасля – дадому.

Дзяржаўны абвінаваўца запытаўся, ці пагражаў Гурман супрацоўнікам Маладзечанскага РАУС.

– Я ведаю гэтых міліцыянераў: Сямёна Курца, з якім я вучыўся ў школе, і Андрэя Сяляўку, з якім разам трэніраваўся. Ведаю іх сем’і, бацькоў. Трэба быць поўным дурнем, каб крычаць пагрозы. Я нікому не пагражаў.

Гурман не прызнае грамадзянскія позвы пацярпелых, бо, па яго словах, ён ім не пагражаў ім.

«Сказалі, што прывядуць да нас «петуха», які нас згвалціць»

11 жніўня каля 20 гадзін Гурмана разам з Сіўцом, Патаповічам і Фінажонкам затрымалі каля парку некалькі патрулёў міліцыі і вайскоўцаў. Іх даставілі ў Маладзечанскі РАУС, дасталі з машын і кінулі на асфальт ва ўнутраным дворыку. Рукі зацягнулі ў сцяжцы. Хлопцаў пачалі збіваць супрацоўнікі АМАП. Гурман бачыў яшчэ некалькі дзясяткаў затрыманых.

– Хтосьці з АМАПу сказаў, што прыедуць праз гадзіну і прывядуць да нас «петуха», які нас згвалціць. Былі і супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС. Двое. Яны знялі сцяжкі і надзелі кайданкі, білі дубінкамі па спіне. Адзін сказаў, што доўга гэтага чакаў.

Гурман адмовіўся называць прозвішчы супрацоўнікаў, бо падчас суда ўтрымліваецца ў ізалятары Маладзечанскага РАУС і баіцца, што могуць быць наступствы ад яго слоў.

– Білі не толькі мяне, яшчэ маіх сяброў. Я чуў крыкі людзей. Трое ці чацвёра збівалі хлопца, які спачатку маўчаў, сціснуўшы зубы. Нам задавалі дзіўныя пытанні, я нічога не разумеў. Кшталту, хто і колькі нам заплаціў, хто каардынатар. Нічога не разумеў, з мяне знялі штаны, з сябра – шорты. Тыкалі дубінкамі ў адно месца, казалі, што адаб’юць яйцы. Хтосьці з іх крычаў «Завіце «петуха».

Гурман успамінае, што ляжалі ва ўнутраным дворыку РАУС каля шасці гадзін. Перад падпісаннем пратаколу яго збівалі нагамі, каб ён іх падпісаў. У камеру яго завялі пасля трох гадзін ночы. 12 жніўня Гурмана асудзілі ў пастарунку на 15 сутак. Ён выйшаў ноччу 17 жніўня.

– Я заходзіў у камеру і не ведаў, як мне легчы спаць. Мне балелі ўсе косці. Калі я выйшаў праз пяць сутак, то ў мяне яшчэ былі гематомы па ўсім целе. Я нікуды не звяртаўся. Я не выходзіў з дому некалькі тыдняў. Баяўся, што мяне вось так яшчэ раз схопяць і ні за што будуць збіваць.

Пазней сябры Гурмана Сівец, Фінажонак, Патаповіч звярнуліся ў Следчы камітэт па фактам збіцця пры затрыманні і ў аддзяленні. Гурман даваў паказанні ў якасці сведкі па заявах сяброў.

– Следчая сказала, што не зможа завесці крымінальную справу на супрацоўнікаў. Яна ж сказала, што камеры ў РАУС у тыя дні былі адключаныя. Тады я даў паказанні, што мяне ніхто не біў і я нічога не бачыў.

У справе перапынак да 21 студзеня.

• Текст доступен на языке: Русский