Ілюстрацыйнае фота nikhospital.ru

У Вілейскай ЦРБ на гэтым тыдні чакаюць вакцыну ад COVID-19. Павінна прыбыць 130 доз. Ад панядзелка ёй пачнуць прышчапляць медыкаў. Пасля – педагогаў. Пра вакцыну і асаблівасці працэдуры расказала старшая медсястра Вілейскай ЦРБ Аксана Барташэвіч.

– На гэтым тыдні чакаем 130 доз маскоўскай вакцыны. Ад панядзелка пачнём прышчапляць медыкаў. Ужо запісалася сорак добраахвотнікаў. Каб прышчапіцца, людзі павінны быць цалкам здаровыя. Вакцынаваць можна людзей ад 18 да 60 год. Нельга – цяжарных, жанчын, якія кормяць дзяцей грудным малаком, людзей, якія маюць цяжкую алергію, хварэюць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, – кажа медык.

Па словах Аксаны Леанідаўны, спачатку ўводзіцца першы кампанент вакцыны. Праз тры тыдні, калі ў чалавека няма ніякіх ускладненняў, уводзяць другі.

Вакцыну ўводзяць у плячо ўнутрымышачна.

Старшая медсястра адзначыла, што вакцынацыя – добраахвотная і бясплатная.

Вакцына захоўваецца ў замарожаным выглядзе пры тэмпературы мінус 18. Пасля размарожвання ёй можна карыстацца не больш за паўгадзіны.

Таму калі медсястра размарозіць вакцыну, за двярыма ўжо павінна стаяць пяць чалавек, гатовых прышчапіцца.

Перад вакцынацыяй дактары і медсёстры, якія будуць рабіць прышчэпкі і дапускаць да працэдуры, прайшлі вучобу.

Некаторым перад вакцынацыяй медыкі будуць рэкамендаваць прайсці экспрэс-тэст на каронавірус. Калі ў арганізме чалавека ёсць антыцелы, прышчапляцца не мае сэнсу.

Па словах старшай медсястры, прышчапіць медыкаў плануюць за пару дзён. Пасля пачнуць вакцынацыю педагогаў.

 

• Текст доступен на языке: Русский