Астраўцы мужчыну асудзілі за публічную абразу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (частка 1 артыкула 368 КК), а таксама публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК), паведамляе Вярхоўны суд.
Як вынікае з прысуду, мужчына 1 верасня 2020 года размясціў у адрас Лукашэнкі ў адным з телеграм-каналаў «непрыстойны па форме і зневажальны па накіраванасці тэкставы каментар, супярэчны агульначалавечай маралі, усталяваным правілам зносін паміж людзьмі, які змяшчае нецэнзурныя словы».
А 28 кастрычніка 2020 года ён жа, каментуючы зварот міністра ўнутраных спраў генерал-маёра міліцыі Караева, напісаў у чаце «непрыстойныя па форме і зневажальныя па накіраванасці тэкставыя каментары, якія супярэчаць агульначалавечай маралі і ўсталяваным правілам зносін паміж людзьмі, якія змяшчаюць нецэнзурныя словы».
Абвінавачаны віну прызнаў цалкам.
Па сукупнасці яму прызначылі год і тры месяцы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Прысуд у законную сілу не ўступіў.