Спаборніцтвы па баскетболу падчас леташняй гарадской спартакіяды. Фота аўтара.

14 студзеня ў фізкультурна-спартыўным клубе «Агеньчык», што ў Маладзечне, абмеркавалі правядзенне гарадской спартакіяды ў 2021 годзе і падвялі вынікі спаборніцтваў у 2020. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі МЭС, ММЦ, «Маладзечнамэблі», ЦРБ, ГРАНС, «Спецбудмеханізацыі», Маладзечанскага ўпраўлення буравых работ ААТ «Белтрансгаз».

Па словах спецыялістаў фізкультурна-спартыўнага клуба, якія штогод займаюцца правядзеннем спартакіяды, пандэмія 2020 года не дала правесці спаборніцтвы па ўсіх запланаваных відах спорту. З 13 спаборніцтваў зладзілі толькі чатыры.

Ды і ў 2021 пандэмія нікуды не падзелася, і пра гэта не варта забываць, плануючы гарадскую спартакіяду, перакананы прадстаўнік «Маладзечнамэблі» Уладзімір Станевіч:

– У нас на прадпрыемстве шмат людзей хварэла, у многіх родныя паміраюць. Мы лічым, што варта пачакаць да канца пандэміі, а потым пачынаць спартакіяду. Вось цяпер ладзяцца спаборніцтвы па міні-футболе.

У зале – каля ста чалавек толькі гульцоў. А яшчэ заўзятары. Яны не вытрымліваюць сацыяльнае дыстанцыянаванне на трыбунах. Пра якую бяспеку можна казаць?

Калі спартакіяду ўсё ж будуць ладзіць, наша каманда здымаецца з удзелу.

Уладзімір адзначыў, што такое рашэнне падтрымліваюць і спартсмены, і кіраўніцтва прадпрыемства.

Аднак спартакіяду вырашылі спланаваць, а калі будзе патрэба – графік зменяць у адпаведнасці з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Традыцыйна ў межах гарадской спартакіяды ладзяць спаборніцтвы па 13 відах спорту – лыжы, дартс, валейбол сярод мужчын і сярод жанчын, стральба, міні-футбол, гарадкі,настольны тэніс, баскетбол сярод мужчын, плаванне, шашкі, гіра. Сюды ж дадаецца і турыстычны злёт летам. Па васьмі відах спорту падводзяць вынікі і вызначаюць лепшую каманду.

Ад прадстаўнікоў прадпрыемстваў былі прапановы ладзіць спаборніцтвы па гіравым спорце не ў памяшканні, а на вуліцы: так і для спартсменаў лепш, і ў час неспрыяльнай эпідсітуацыі больш бяспечна. Таксама звярнулі ўвагу на тое, што спаборніцтвы па лыжах і плаванні больш мэтазгодна праводзіць не ў выглядзе эстафеты, а як асабова-каманднае першынство.

Калі надвор’е будзе спрыяць, першыя спаборніцтвы, па лыжным спорце, правядуць ужо ў студзені. Яны пройдуць у гарадскім парку. Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела спорту Маладзечанскага райвыканкама Вольга Ціхановіч, спаборніцтвы па ўсіх відах спорту, якія ладзяцца на свежым паветры і ў басейне, цяпер дазволеныя.

Пасля сустрэчы Уладзімір Станевіч падзяліўся з карэспандэнтам, што яго пытанне да засталося без адказу:

– Я спытаў у галоўнага спецыяліста аддзела спорту, як падпісаць Адкрыты ліст з патрабаваннямі да ўлады свабоднага аб’яднання спартсменаў. Аднак мне не расказалі, як гэта зрабіць. Сказалі, што ў аддзел прыйшоў толькі адзін ліст, праўладны. А мае спартсмены хацелі б падпісаць той ліст, які падпісвалі Алена Леўчанка і Дзмітры Асанаў.

• Текст доступен на языке: Русский