21 студзеня ў маладзечанскім судзе прайшло пятае пасяджэнне па справе Вадзіма Гурмана. Падчас судовага разбіральніцтва вывучалі пісьмовыя і рэчавыя доказы.
Чытайце яшчэ: «Давайце іх вешаць». У Маладзечне адбыўся першы суд па крымінальнай справе за 9 жніўня
Чытайце яшчэ: «Весела яму было, не так як зараз». Сведкі з міліцыі далі паказанні па справе Гурмана
Чытайце яшчэ: «Пагражаў фізічнай расправай». Міліцыянеры працягваюць сведчыць па справе Гурмана
Чытайце яшчэ: «Пагражалі згвалтаваць». Вадзім Гурман даў паказанні ў судзе

У судзе дэманстравалі відэазапісы з нагруднай камеры міліцыянера Захара Закамскага і аператыўную здымку Яраслава Туровіча ад 9 жніўня.
На здымцы Закамскага ёсць кадры, як міліцыянеры падыходзяць да натоўпу людзей. У кадр трапляюць Вадзім Гурман і Мікіта Крыўцоў. Людзі скандавалі «Жыве Беларусь!», «Міліцыя з народам!», а пасля – «Ганьба!». Нагрудная камера зафіксавала адзін з выхадаў Гурмана, той крычаў, ці будуць супрацоўнікі збіваць жанчын.
На відэа бачна, што натоўп працягвае скандаваць розныя лозунгі, спявалі «Перамен» Віктара Цоя. Адзін з супрацоўнікаў па-за кадрам кажа:
– Без затрыманняў сёння не абыдзецца.
Пасля чуваць яшчэ адна фраза кагосьці з супрацоўнікаў:
– Лічу так, калі будуць набліжацца, то дастаем палкі, папярэджваем. Будзем адыходзіць у бок будынкаў, да ўазікаў. Сяброў не кідаем!
Па відэа бачна, што на плошчы становіцца цёмна – ліхтары не гараць, таму людзі ўключаюць ліхтарыкі на сваіх мабільных тэлефонах. У кадр зноў трапляе Гурман, які стаіць з кампаніяй сяброў у некалькіх метрах ад натоўпу.
Людзі працягваюць скандаваць лозунгі: «Мы адзін народ», «Жыве Беларусь», «Мы разам, нас многа, за намі перамога».
– Асноўныя – наперадзе. Фанацьё гэта, – кажа хтосьці з супрацоўнікаў.
Пасля на відэа чуваць фраза: «Сілай не браць, я дам каманду». Здымка з нагруднай камера заканчваецца. Больш Закамскі не здымаў.
Аператыўная здымка, якую вёў Туровіч, пачынаецца ад помніка Леніну. Туровіч праходзіць каля жанчыны, якая кажа: «Няўжо вы зробіце гэта? Не сорамна вам?». Туровіч падыходзіць да шарэнгі міліцыянераў, за ёй ходзіць начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Руслан Манькоўскі.
Гурман трапляе ў кадр Туровіча – гэта яго першы выхад паміж натоўпам і шарэнгай супрацоўнікаў Маладзечанскага РАУС.
У камеру трапляе Мікіта Крыўцоў і Аляксей Кудзін. У асноўным Туровіч здымаў твары людзей, якія былі на плошчы ў той вечар. Чуваць абразы: «Ты д*****б, ці што?», «Фашысты, е*****».
Гурман яшчэ некалькі разоў трапіць у кадр да таго, як на плошчы стане зусім цёмна.
Туровіч працягвае здымаць, калі на плошчы стане цёмна. Да яго падыходзяць некалькі мужчын, якія спрабуюць з ім размаўляць. Туровіч пытаецца ў іх, ці пілі яны. Далей гучаць абразы: «Мазгі табе адаб’ём», «Ненавіджу Лукашэнку, гэта фашыст». Да шарэнгі міліцыянераў падыходзяць людзі і пытаюцца, за каго тыя галасавалі на выбарах.
Суд працягнецца 27 студзеня. Чакаецца, што на ім дадуць паказанні сведка Цар і пацярпелы Вадзім Лазар, якія цяпер хварэюць.