Фота twimg.com.

Мы робім на сняданак бутэрброд, глядзім на заснежаны дах, атрымліваем у магазіне рэшту… І, магчыма, не ведаем, што некаторыя з гэтых слоў стагоддзі таму прыйшлі да нас з нямецкай мовы. У мовазнаўстве такія словы называюцца германізмамі.

Лінгвісты сцвярджаюць, што словы нямецкага паходжання ў параўнанні з іншымі запазычаннямі найбольш трывала захоўваюцца ў сучаснай беларускай мове.

Усё пачалося з крыжовых паходаў і стасункаў з Рыгай

Нямецкія запазычанні трапляюць у беларускую мову з 13-15 стагоддзяў. У гэты час былі крыжовыя паходы і развіваліся гандлёвыя стасункі паміж паўночнымі гарадамі Беларусі і Рыгай – горадам, заснаваным этнічнымі немцамі.

Словы гэтага перыяду, хутчэй за ўсё, патрапілі ў беларускую мову з нямецкай. Яны сталі вядомыя нам з грамат і іншых дакументаў: вага, шалі, рэшта, дах, цэх.

У беларускую – праз польскую і яўрэйскую

Найбольш германізмаў да 15-19 стагоддзяў прыходзіць да нас праз польскую мову, бо ў другой палове 16 – 18 стагоддзяў беларускія землі знаходзіліся ў складзе Рэчы Паспалітай. Нямецкія словы запазычваліся беларускай мовай часам ужо ў адаптаваным польскай выглядзе. Напрыклад малюнак, ланцуг, жабрак, ліхтар, абцас, махляр, варштат, грунт, цэгла.  Праз пасрэдніцтва польскай словы ў беларускую мову траплялі і пазней. Гэта тлумачылася агульнай рэлігіяй – каталіцызмам, знаходжаннем заходняй часткі Беларусі ў складзе Польшчы.

Ад 15 стагоддзя германізмы таксама пачынаюць прыходзіць у нашу мову праз пасрэдніцтва ідыш – верхненямецкага дыялекту. Гэты працэс быў не самым актыўным, бо яўрэі вельмі хутка авалодвалі беларускай мовай і з мясцовым насельніцтвам размаўлялі пераважна на ёй. А ўвогуле, яўрэі часта паралельна ўжывалі беларускія словы са словамі з іўрыту і ідышу. Яшчэ этнограф Яўхім Карскі ў сваёй кнізе «Працы па беларускай і іншых славянскіх мовах» згадвае знойдзены каля Радашкавічаў пергаментны рукапіс, пісаны цягам 18 стагоддзя на іўрыце, ідышы і па-беларуску, але яўрэйскімі літарамі.

Часам цяжка спраўдзіць, адкуль наўпрост патрапіла слова, – з нямецкай у беларускую ці праз ідыш. Таму больш-менш спраўджанымі ідышызмамі з’яўляюцца словы  кахля (кафля), разынкі, труна, хабар, а таксама словы з камерцыйнай галіны – гандаль, рахунак.

Адкуль бутэрброд і капут

Да запазычанняў 19 стагоддзя даследчыкі-мовазнаўцы адносяць слова бутэрброд. У нямецкай мове масла – die Butter, а хлебdas Brot. Праўда, у пачатку 20 стагоддзя беларускі мовазнаўца Вацлаў Ластоўскі ў сваім «Расейска-беларускім слоўніку» прапанаваў беларускі сінонім – лусцік.

У савецкі час новыя запазычанні з нямецкай мовы прыходзілі да нас праз рускую –цэнтрыфуга, ландшафт, бухгалтар , рэнтген. Аднак ёсць шэраг слоў, якія засталіся ў спадчыну ад Першай і Другой сусветных войнаў і трапілі ў мову без пасрэднікаў – фельдкамендатура, зондэркаманда, гаўляйтар, а таксама гутарковыя  капут, аўсвайс. Нагадаем, капут у нямецкай мове значыць стомлены, забіты, сапсаваны, зламаны, загінулы. Аўсвайс – дакумент, які выдавалі нямецкія ўлады. З нямецкай мовы літаральна перакладаецца як пасведчанне асобы.

Як пазнаць германізмы

Часта нямецкія запазычанні траплялі ў нашу мову без змен – пуд, шпат, шнур. Аднак значная частка была адаптаваная мовай. Напрыклад, слова андарак – саматканая паласатая або клятчастая спадніца, якую даўней насілі жанчыны ў Беларусі, –  утварылася ад нямецкага Underrock – ніжняя спадніца. Слова герб прыйшло ад нямецкага Erbe – спадчына – праз польскую мову. Наша слова цягнік – гэта калька з нямецкай Zug.

Як пазнаць германізмы сярод шэрагу беларускіх слоў? Ёсць некалькі прыкмет.

–  спалучэнні шт, шп пераважна ў пачатку слова – штанга, шпіль, шпалеры, шнапс, шніцаль;

– спалучэнне хт у сярэдзіне слова – вахта, шахта;

– суфікс  унак (-unk) у нямецкіх запазычаннях, адаптаваных польскай мовай – малюнак, гатунак;

– суфікс –ар/-яр/-ер – рыцар, муляр, канцлер, гаспадар, валадар;

– частка майстаргросмайстар, хормайстар.