Маладзечна. Фота Настассі Уткінай.

Пра тое, што варта ведаць пра затрыманне, што рабіць, калі просяць разблакаваць тэлефон і якім чынам дзейнічаць, калі вашы правы парушаюць?

Што рабіць, калі затрымалі вашага блізкага

Праваабаронца расказвае што рабіць, калі вас выклікаюць у міліцыю або Следчы камітэт

Вас выклікаюць у суд. Што раіць праваабаронца

Да вас прыйшлі з ператрусам. Што раіць праваабаронца

Пра гэта для чытачоў «РГ» расказаў праваабаронца Алег Мацкевіч.

Мы раім прачытаць тэкст і захаваць яго, таму што гэтыя звесткі могуць спатрэбіцца ў самы нечаканы момант.

1). Якія могуць быць прычыны затрымання? Што значыць адміністратыўнае затрыманне?

Згодна з заканадаўствам, адміністрацыйным затрыманнем з’яўляецца фактычнае кароткачасовае абмежаванне свабоды фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, дастаўленне яе ў месца, вызначанае органам, які вядзе адміністратыўны працэс, і ўтрыманне ў дадзеным месцы.

У той жа час існуюць дэфініцыі «затрыманне», «затрыманая асоба», якія замацаваныя на ўзроўні міжнароднага пагаднення ААН «Звод прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой-бы там ні было форме». Згодна з ім, затрыманне – гэта стан, у якім знаходзіцца затрыманая асоба, пазбаўленая асабістай свабоды не ў выніку асуджэння за правапарушэнне.

Нагоды для затрымання могуць быць розныя, але ўсе яны павінны быць вызначаныя законам.

«Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках i парадку, устаноўленыя законам», паводле артыкула 25 Канстытуцыі.

Згодна з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных парушэннях (ПВКаАП), адміністрацыйнае затрыманне фізічнай асобы ўжываецца ў мэтах:

  1. спынення супрацьпраўнай дзейнасці;
  2. складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, калі складанне яго на месцы правапарушэння немагчымае;
  3. высвятлення асобы;
  4. забеспячэння ўдзелу пры разглядзе справы аб адміністратыўным правапарушэнні;
  5. спынення ўтойвання або знішчэння доказаў;
  6. забеспячэння выканання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту ці дэпартацыі.

2). На які час могуць затрымаць?

Працягласць часу, на які могуць затрымаць грамадзяніна, залежыць ад падстаў затрымання. Адміністрацыйнае затрыманне можа доўжыцца не больш за тры гадзіны.

Асобныя катэгорыі грамадзян могуць затрымлівацца і на большы тэрмін – да 72 гадзін. Напрыклад, калі фізічнай асобе інкрымінуецца правапарушэнне, за якое прадугледжаны адміністрацыйны арышт або дэпартацыя.

Можа быць і іншая – значна большая – працягласць затрымання, межы якой акрэсленыя заканадаўствам як «тэрмін, неабходны для ўстанаўлення асобы», або «тэрмін, неабходны для выканання пастановы аб дэпартацыі».

3). На што мае права затрыманы чалавек?

Асоба, у дачыненні да якой вядзецца адміністратыўны працэс, мае права ведаць падставы затрымання, якое правапарушэнне інкрымінуецца, даваць тлумачэнні або адмовіцца ад іх, прадстаўляць доказы, заяўляць адводы і хадайніцтвы, мець абаронцу ад моманту затрымання, карыстацца роднай мовай, паслугамі перакладчыка, пярэчыць супраць дзеянняў службовых асоб, суддзі, патрабаваць унясення сваіх пярэчанняў у працэсуальныя дакументы, знаёміцца з працэсуальнымі дакументамі і матэрыяламі справы, рабіць выпіскі, здымаць копіі працэсуальных дакументаў і матэрыялаў справы (з дазволу), удзельнічаць у разглядзе справы, атрымліваць копію пастановы па справе, копію пратакола адміністратыўнага затрымання, копію пратакола аб адміністратыўным правапарушэнні, копію матываванай часткі пастановы па справе аб адміністратыўным правапарушэнні, абскарджваць дзеянні суддзі, службовых асоб, пастанову па справе, атрымліваць кампенсацыю шкоды, якая была прычыненая незаконнымі дзеяннямі суда, органа, які вёў адміністратыўны працэс.

Пры затрыманні варта памятаць аб універсальным канстытуцыйным праве, вызначаным артыкулам 27: ніхто не можа прымушацца да давання паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх сваякоў.

Дадзеная норма прадубляваная таксама ў артыкуле 2.3 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса.

4). Каму лепш тэлефанаваць, калі затрымалі?

ПВКаАП вызначае, што на просьбу фізічнай асобы, затрыманай за адміністрацыйнае правапарушэнне, аб месцы знаходжання на працягу трох гадзін паведамляюць паўналетнім членам сям’і, блізкім сваякам, абаронцы, наймальніку, з якім затрыманы знаходзіцца ў працоўных зносінах, адміністрацыі ўстановы адукацыі, навучэнцам або студэнтам якой з’яўляецца.

Аб затрыманні непаўнагадовага ў абавязковым парадку паведамляюць яго бацькам або асобам, якiя iх замяняюць.

На практыцы нярэдка існуе магчымасць паведаміць аб затрыманні па тэлефоне самому, калі ж гэтакай магчымасці няма, трэба прасіць супрацоўнікаў праваахоўных органаў. У першую чаргу варта паведаміць родным, каб яны ведалі, што вы не зніклі. Дарэчы будзе паведаміць аб затрыманні праваабаронцам, каб шырока распаўсюдзіць інфармацыю і каб пасля атрымаць дапамогу з іх боку ў выпадку неабходнасці.

5). Якія правы звычайна парушаюць пры затрыманні?

Як паказвае практыка, сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў пры затрыманні грамадзян:

  • адмаўляюцца паведаміць іншым аб затрыманні на просьбу затрыманага;
  • ігнаруюць патрабаванні заканадаўства аб неабходнасці складаць працэсуальныя дакументы, якімі суправаджаецца амаль кожны этап адміністрацыйнага працэсу;
  • не паведамляюць аб падставах затрымання, аб правах і абавязках затрыманага;
  • парушаюць максімальны тэрмін адміністрацыйнага затрымання без вызначаных законам падстаў для гэтага;
  • не даюць копію працэсуальных дакументаў у выпадку, калі такая магчымасць прадугледжаная заканадаўствам;
  • адмаўляюць у магчымасці скарыстацца правам на юрыдычную дапамогу;
  • кепскія ўмовы ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ).

6). Што рабіць, калі пры затрыманні вы думаеце, што парушаюць вашы правы?

Усё залежыць ад канкрэтных абставін. Калі ёсць пагроза вашаму здароўю і жыццю, не варта ісці напралом, спрабуючы любой цаной абараніць свае правы.

Калі ж у цэлым вы можаце ацаніць сітуацыю як кантраляваную, то звяртайце ўвагу службовых асоб на парушэнні, пры магчымасці фіксуйце гэтыя выпадкі ў працэсуальных дакументах, абскарджвайце дзеянні службовых асоб і вынесеныя па справе пастановы.

7). Якія дакументы павінны быць запоўненыя? Ці варта іх падпісваць?

Пры затрыманні з мэтай вядзення адміністрацыйнага працэсу практычна на кожным этапе складаюць пратакол працэсуальнага дзеяння – дакумент, які зацвярджае абставіны і факты, устаноўленыя пры аглядзе, асведчанні, асабістым вобшуку, адміністрацыйным затрыманні, забіранні рэчаў і дакументаў.

Сюды ж адносіцца пратакол апытання, пратакол судовага пасяджэння або пратакол пасяджэння калегіяльнага органа. Варта сачыць за тым, каб дадзеныя дакументы адлюстроўвалі вашы правы і законныя інтарэсы. Напрыклад, калі забіраюць тэхнічныя прылады, пратакол забірання стане гарантыяй таго, што мабільны тэлефон або камп’ютар не знікнуць.

Трэба сачыць за тым, каб дадзеныя паказанні былі запісаныя максімальна слушна і разборліва. Там, дзе засталіся пустыя месцы, трэба паставіць прочыркі, каб у далейшым не было магчымасці туды нешта дапісаць без вашага ўдзелу.

Адмова ад падпісання працэсуальных дакументаў з гэтага пункту гледжання неапраўданая: калі вы не падпішаце паперу, ніхто не можа даць гарантый, што дакумент не будзе заменены або перароблены ў вашу адсутнасць.

Пры гэтым не спрабуйце рабіць працу за супрацоўніка міліцыі: чым больш памылак будзе дапушчана пры афармленні дакументаў з яго боку, тым больш шанцаў будзе ў вас абараніцца ад незаконных дзеянняў, калі такія маюць месца.

Таксама варта прасіць копіі працэсуальных дакументаў. Згодна з ПВКаАП, каб атрымаць копію пастановы па справе, копію пратакола адміністрацыйнага затрымання, трэба заявіць хадайніцтва. Копія пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні ўручаецца асобе, у адносінах да якой вядзецца працэс, у абавязковым парадку. Амаль усе астатнія працэсуальныя дакументы можна капіраваць з дазволу органа, які вядзе адміністратыўны працэс.

8). Што рабіць, калі просяць разблакаваць тэлефон?

Варта ўзгадаць артыкул 27 Канстытуцыі: ніхто не можа прымушацца да давання паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх сваякоў.

Добраахвотнае разблакаванне тэлефона будзе азначаць фактычна вашу згоду сведчыць супраць самога сябе.

Дадзеная норма прадубляваная таксама ў артыкуле 2.3 ПВКаАП. Заявіце таксама аб тым, што змест мабільнага тэлефона ўтрымлівае звесткі аб вашым прыватным жыцці, і вы не хочаце, каб гэта стала вядома староннім людзям. Можна ў тым ліку нагадаць супрацоўнікам органаў правапарадку аб праве кожнага на тайну карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў.

9). Што трэба ведаць пра асабісты дагляд?

Асабісты дагляд (вобшук) затрыманага праводзіцца ў мэтах выяўлення на целе ці ў вопратцы затрыманага прылад і сродкаў адміністрацыйнага правапарушэння, прадметаў, дакументаў і каштоўнасцяў, якія маюць значэнне для адміністрацыйнага працэсу.

Працэдуру выконвае асоба таго ж полу, што і затрыманы, з удзелам двух панятых таго ж полу. У выключных выпадках пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што пры грамадзяніне знаходзяцца зброя ці іншыя прадметы, якія могуць быць выкарыстаныя для шкоды жыццю і здароўю, асабісты дагляд можа быць без панятых.

Аб асабістым вобшуку затрыманага складаюць пратакол альбо робяць адпаведны запіс у пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні або ў пратаколе адміністрацыйнага затрымання фізічнай асобы.

10.) Якія ёсць правы і абавязкі ў міліцыянера, які затрымлівае?

Пералік правоў і абавязкаў міліцыянераў устаноўлены шэрагам заканадаўчых актаў, у тым ліку ўтрымліваецца ў ПВКаАП і Законе «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь». Вы можаце пачытаць гэтыя дакументы цалкам.

Галоўнае – прымусіць супрацоўнікаў міліцыі заўсёды памятаць, што забеспячэнне правоў і свабод грамадзян з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы, а недатыкальнасць і годнасць асобы гарантаваная Канстытуцыяй.

Вядома, і самі грамадзяне павінны быць здольныя бараніць свае правы і свабоды.

Што рабіць, калі затрымалі вашага блізкага

Праваабаронца расказвае што рабіць, калі вас выклікаюць у міліцыю або Следчы камітэт

Вас выклікаюць у суд. Што раіць праваабаронца

Да вас прыйшлі з ператрусам. Што раіць праваабаронца

• Текст доступен на языке: Русский