Андрэй Траян. Фота з інстраграм-акаўнта.

Былы памежнік Яўген Траян са Смаргоні расказаў, як яго звольнілі са службы пасля таго, як ён зафіксаваў парушэнні на выбарчым участку.

— Яўген Леанідавіч, атэстацыйная камісія прыняла рашэнне аб вашым звальненні. Я ўсміхнуўся. Менавіта так скончылася мая ваенная кар’ера, — піша Траян у сваім Інстраграме.

Яўген праслужыў у органах памежнай службы восем з паловай гадоў. Тры з паловай правёў у Смаргоні.

— Смешна, але калісьці я сказаў, што калі мяне размяркуюць у Смаргонь, то гэта будзе горшым пакараннем.

У 2017 годзе Траян скончыў інстытут памежнай службы. Па яго словах, бадзёра пайшоў уверх па кар’ернай лесвіцы. Ён піша, што было цяжка.

— Пагадзіцеся, выдатна разумець, што ты робіш жыццё іншых людзей цікавей і шчаслівей (за выключэннем заняткаў па ідэалагічнай падрыхтоўцы). Усё змянілася ў жніўні. Я быў назіральнікам на адным з выбарчых участкаў. Сістэма была пабудавана такім чынам, каб «не свае» людзі не маглі назіраць за ходам галасавання. Да таго, як павесілі першы пратакол, я быў «свой». Рэальная лічба разыходзілася з той, што была ў пратаколе, на некалькі дзясяткаў чалавек. Зразумела, я не прамаўчаў пра гэта. Прыняліся пісаць скаргу. Праз 2 хвіліны мне патэлефанаваў мой начальнік. Праз 15 ён ужо быў там. Далей усё было як у серыяле па НТВ.

Па словах Яўгена, у адзін момант ён стаў «прадажным бчб-шнікам, яшчэ адным польскім шпіёнам і ворагам народа».

— Пацярпелі блізкія, сябры. А яшчэ блізкія маіх калег і салдат. Я не мог пайсці на здзелку з сумленнем і на пытанне аднаго з маладых хлопцаў у зялёнай форме аб тым, што адбываецца ў краіне, адказаў сумленна, без прыгажосці: распавёў аб прававым дэфолце, аб бясчынствах людзей у форме, аб празмерным ужыванні сілы, пра фальсіфікацыі. Хоць і асуджаю гвалт з любога боку. Гэта гутарка стала вядомая мойму экс-начальству.

Яўген расказаў, што наступныя паўгода прайшлі ў нясцерпным чаканні звальнення і падрыхтоўцы да гэтай падзеі.

— Я ведаў, што рана ці позна гэта адбудзецца. Чаму не сышоў сам у жніўні? Прычына банальная – грошы. Маім аднакурснікам, якія пайшлі тады, выставілі рахунак на 45000 рублёў. Мне ж не хапіла смеласці. Пацешна, але мая сума будзе не моцна адрознівацца ад гэтай. Звальнялі мяне проста смешна і недарэчна: перавялі ў Мінск (спраўдзілася мара) і аб’явілі 5 дысцыплінарных спагнанняў за два тыдні. Пасля 23-х заахвочванняў. Ні пра што не шкадую. Жыве Беларусь!