Вадзім Гурман у судзе.

27 студзеня паказанні ў судзе па справе Вадзіма Гурмана далі сведка Андрэй Цар і пацярпелы Вадзім Лазар, якія на папярэдніх пасяджэннях па стану здароўя знаходзіліся на бальнічных. 

Нагадаем, што Вадзіма Гурмана абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: за падбухторванне натоўпу на актыўныя дзеянні супраць міліцыі (арт. 342) і за пагрозы забойствам супрацоўнікам Маладзечанскага РАУС (арт. 364).

Першае пасяджэнне: «Давайце іх вешаць». У Маладзечне адбыўся першы суд па крымінальнай справе за 9 жніўня

Другое пасяджэнне: «Весела яму было, не так як зараз». Сведкі з міліцыі далі паказанні па справе Гурмана

Трэцяе пасяджэнне: «Пагражаў фізічнай расправай». Міліцыянеры працягваюць сведчыць па справе Гурмана

Чацвёртае пасяджэнне: «Пагражалі згвалтаваць». Вадзім Гурман даў паказанні ў судзе

Пятае пасяджэнне: У судзе над Гурманам глядзелі відэа з нагруднай камеры міліцыянера і аператыўную здымку

9 жніўня Вадзім Лазар знаходзіўся ў складзе аўтапатруля. Увечары начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Руслан Манькоўскі загадаў аўтапатрулю прыехаць на плошчу. Там Лазар пабачыў натоўп і міліцыянераў, якія станавіліся ў шарэнгу насупраць людзей. На плошчы міліцыянер пабачыў Гурмана, які хадзіў паміж натоўпам і шарэнгай міліцыі. Лазар чуў ад абвінавачваемага пагрозы: «Мы вас павесім. Выбірайце дрэвы».

– Калі б натоўп пайшоў, то было б складана, – адказаў Лазар на пытанне, як ён успрыняў пагрозы Гурмана.

Згодна з паказаннямі, якія Лазар даваў падчас папярэдняга следства, міліцыянер баяўся за свае жыццё і здароўе пасля слоў абвінавачваемага. Лазар заявіў позву аб кампенсацыі маральнай шкоды на 700 рублёў. Абгрунтаваў яе так: «Было страшна».

Такім чынам, Лазар стаў чацвёртым пацярпелым, які заявіў позву аб кампенсацыі. Дзмітры Смаленскі заявіў на 600 рублёў, Павел Сіняўскі – на 500, Аляксандр Цярэньцьеў – на 1000. Пацярпелыя Радзько і Нехвядовіч не заяўлялі позвы аб кампенсацыі шкоды.

Андрэй Цар знаходзіўся ў аўтрапатрулі разам з Нехвядовічам і Лазарам. На плошчы стаяў ў ланцугу, назіраў за людзьмі, каб тыя не парушалі парадак. Па словах Цара, Гурман выкрыкваў лозунгі і хадзіў перад міліцыянерамі. Цар не чуў ад абвінавачваемага пагрозы, акрамя фразы «Давай на разы», якую сведка палічыў пагрозай.

Адвакат Літвіновіч зачытала папярэднія паказанні Цара і Лазара, яны іх давалі 13 жніўня ў маладзечанскім аддзеле Следчага камітэта. Зачытаныя паказанні адвакатам аказаліся ідэнтычнымі, нават з такімі ж абдрукоўкамі. У гэтых паказаннях Цара ёсць інфармацыя, што фразу «Давай на разы» казаў іншы чалавек, якога міліцыянер затрымаў 11 жніўня разам з Гурманам у маладзечанскім гарадскім парку.

У адваката было хадайніцтва аб выкліку сведак, якія давалі паказанні на папярэднім следстве. Суд ахіліў, таму што адвакат не гарантавала іх прысутнасць.

Пацярпелыя таксама намалявалі планы на карце, дзе яны стаялі ў шарэнзе і дзе знаходзіўся Гурман, калі нібыта выказваў пагрозы забойствам супрацоўнікам. Да матэрыялаў справы дадалі медыцынскую даведку дзяўчыны Гурмана Віялеты Гуттэ – яна цяжарная двойняй.

Разбіральніцтва працягнецца раніцай 29 студзеня.

• Текст доступен на языке: Русский