Оперны спявак з Маладзечна Андрэй Мікульчык.

Сённяшні герой «Таршэра» – маладзечанец Андрэй Мікульчык. Ён стаў оперным спеваком, займаецца з італьянскім маэстра Паола дэ Напалі.

Яны з удзелам іншых музыкаў рэалізавалі міжнародны праект, у межах якога ставілі оперу ў Маладзечне. Мікульчык расказвае пра свае любімыя творы мастацтва.

У першую чаргу мне падабаецца, канешне, музыка і тэатр, таму што я – оперны спявак. Але таксама люблю літаратуру, скульптуру і кінематограф.

  1. «Шлях мастака» Джуліі Кэмеран

Я не вялікі аматар рознай «псіхалагічнай» і «практычнай» літаратуры, бо лічу, што ніхто не навучыць лепш, чым твой жыццёвы вопыт. Але гэта кніга, напісаная простымі словамі, дапамагае знайсці сябе ў творчасці і творчасць у сабе.

  1. «Маладыя львы» Ірвіна Шоу

Гэту кнігу чытаў ужо тры разы. І кожны раз знаходзіў штосьці новае. Твор пра трох маладых людзей, гісторыі якіх развіваюцца ў Другую сусветную вайну. Ірвін Шоу — адзін з маіх любімых пісьменнікаў.

  1. «Трэцяя ракета» Васіля Быкава

Я хацеў бы адзначыць шмат твораў Васіля Быкава, таму што яны заўсёды кранаюць да глыбіні душы. Але адзначу менавіта гэты твор, таму што ён апошні, які я прачытаў пад аўтарствам Быкава.

Я люблю чытаць і гатовы пісаць і пісаць спіс кніг, якія лічу вельмі моцнымі. Але хачу звярнуць увагу і на іншыя віды мастацтва.

  1. Фільм «Крымінальнае чытво» Квенціна Таранціна

Увогуле я вялікі аматар фільмаў гэтага рэжысёра. Заўсёды ўражваюся яго стылем. Мяне захапляюць яго дыялогі і маналогі герояў. Сюжэт, які заўсёды можа павярнуць такім чынам, што ты проста ахаеш. Музыка, якая заўсёды з’яўляецца менавіта такая, як таго патрабуе момант, і менавіта там, дзе і павінна.

  1. Фільм «Спіс Шындлера» Сцівена Спілберга

Фільмы Сцівена Спілберга таксама займаюць важнае месца ў маім сэрцы. Менавіта гэты фільм вельмі доўгі і цяжкі да ўспрымання, таму што заснаваны на рэальных, вельмі драматычных падзеях.

  1. «Макбет» Уільяма Шэкспіра

П’есы Шэкспіра ўражваюць дакладнасцю перадачы ўсіх, нават самых дробных характарыстык герояў. Па яго творах здымалі фільмы, пісалі оперы.

David by Michelangelo Florence Galleria dell’Accademia
  1. Статуя Давіда Мікеланджэла

Гэта статуя, створаная ў 1504 годзе, дагэтуль знаходзіцца ў Фларэнцыі, на радзіме вялікага Мікеланджэла. Тое, што тварыў гэты мастак і скульптар з мармуру – проста фантастыка. У 16 стагоддзі не было ўсякіх высокатэхналагічных прылад, каб апрацоўваць мармур, але Мікеланджэла стварыў шмат твораў мастацтва, якія ўражваюць прыгажосцю, маштабам і дакладнасцю.

Калі прачытаў творчую біяграфію Мікеланджэла («Мукі і радасці» Ірвінга Стоўна), я быў так уражаны, што пачаў маляваць.

Пісаць партрэты стала маім маленькім хобі.

  1. Опера «Служанка спадарыня» Джавані Баціста Пергалезі

На самой справе, гэтая маленькая камічная опера — інтэрмецца. Гэта значыць, што яе выконвалі ў паўзах паміж актамі вялікай сур’ёзнай оперы.

Але так выйшла, што тую вялікую і сур’ёзную оперу амаль што забылі, а «Служанку спадарыню», напісаную ў 1733 годзе, да гэтага часу ставяць па ўсім свеце. Пергалезі было ўсяго 23 гады, калі ён напісаў гэты твор.

Я прымаў удзел у пастаноўцы гэтай оперы ў Маладзечне ў 2018 годзе.

Падчас оперы “Паяцы”. Фота classicalmusicnews.ru.
  1. Опера «Паяцы» Руджэра Леанкавала

Гэта опера напісаная ў 20 стагоддзі, і яе музыка напоўненая рэалізмам, трагізмам і нейкай незвычайнай прыгажосцю. Гавораць, што опера заснаваная на рэальных падзеях. Але дакладна гэта невядома. Опера расказвае пра няшчаснае каханне паяца, якое разам з рэўнасцю прыводзіць да трагедыі.

З оперы “Атэла”. Фота moscow.theatrehd.com.
  1. Опера “Атэла” Джузэпэ Вэрдзі

Гэта адна з апошніх опер Вэрдзі, напісаная на лібрэта Арыга Бойта па матывах п’есы Шэкспіра. Музыка гэтай оперы кранае да самай глыбіні душы. Як геніяльна перададзены кожны душэўны рух герояў! Як у кожнай ноце прапісаны характар злодзея Яга, як нарастае рэўнасць у маўра!