На адным з прадпрыемстваў у Маладзечне вісіць такая аб'ява. Фота даслаў чытач.

На розных арганізацыях Маладзечна работнікаў прафсаюза заклікаюць падпісаць ліст супраць санкцый Еўрасаюза. 

Паводле тэкста ліста, на Беларусь незаконна ціснуць. І ўдзельнікі прафсаюзаў звяртаюцца да міжнароднага прафсаюзнага руху. Просяць паўплываць на свае ўрады і падтрымаць іх.

Мы папрасілі пракаментаваць, што пра такія лісты думае праваабаронца. А таксама як каментуе сітуацыю былы педагог з Вілейкі.

Вось тэкст падобнага ліста даслаў чытач:

Былы педагог: вам далі справаздачу, куды і як патрацілі народныя грошы?

Віляйчанка, былы педагог і «Асоба года–2020» па версіі «Рэгіянальнай газеты» Вольга Шостак пракаментавала прафсаюзныя лісты:

«Прымушаюць падпісаць прафсаюзны ліст аб незаконным ціску ЕС на краіну ў выглядзе санкцый?

На вас ціснуць, а як тым беларусам, якіх забілі ці катавалі? Больш за 1800 пададзеных заяў у органы з нагоды збіцця і катаванняў – і няма ніводнай справы супраць сілавікоў. Больш за тое, супраць многіх пацярпелых распачалі крымінальныя справы і пасадзілі!

Вы баіцеся за сваю сям’ю, а як тым сем’ям, у якіх забілі родных? Як тым сем’ям, родныя якіх сядзяць у турме, а гэта каля 1000 чалавек? Як тым дзецям і бацькам, у чые сем’і ўрываюцца з ператрусам у любы час дня і ночы?

Вам страшна адмовіцца, а як тым 32 тысячам беларусаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі з-за выбараў? Вы баіцеся, што вас звольняць, а як тым, каго ўжо звольнілі або тым дзясяткам тысяч, каму давялося бегчы са сваёй радзімы, таму, што тут іх жыццю, свабодзе пагражае небяспека?

А хто прымушае падпісаць ліст, цісне і запалохвае? Тыя, хто быў у выбарчых камісіях, зрабіў белае чорным, і на чыіх руках кроў забітых, збітых, пакалечаных беларусаў, слёзы дзяцей і дарослых!

Баязлівасць бацькоў сёння – рабства дзяцей заўтра!

А цяпер наконт эканамічнага ўрону. Палічыце, колькі дапамогі можна было аказаць рабочым і іншым за тыя 350 мільёнаў долараў, якія былі выдаткаваныя для адключэння інтэрнэту па ўсёй краіне пасля выбараў?

Колькі вашых грошай было выдаткавана для пастаяннага ўводу ўзброеных сіл, тэхнікі і прымянення зброі ў Мінску і іншых гарадах для знішчэння іншадумства?
Колькі грошай выдаткавалі на такія праекты, як флагшток ў Гомелі, парад падчас эпідэміі, закупка транспарту для сілавікоў і іншыя?

Пры гэтым у канцы года грошай не хапіла – дэфіцыт, ды яшчэ крэдыт бралі, безнаяўныя аблігацыі прадавалі.

Вы давалі сваю згоду і дазвол, каб Вашы падаткі так выкарыстоўвалі? Каб замест вас бралі крэдыты і пазыкі? Вам далі справаздачу, куды і як патрацілі народныя грошы?

У 2021 годзе па плане таксама не хопіць каля двух мільярдаў долараў. Затое залезлі ў кішэню да кожнага – падаткі паднялі для ІТ-шнікаў, на лекі, дзіцячыя тавары, мабільную сувязь, дарожны падатак і г.д., нават падатак на выезд з краіны. У бюджэце на 2021 на 23% адабралі выдаткі на жыллёва-камунальную гаспадарку, затое значна дадалі грашовую дапамогу сілавікам. А ЖКГ – гэта ўсе камунальныя сеткі, дарогі горада: не было нармальных і не будзе – грошай няма.

Можа хопіць апраўдваць гвалт і разменьваць чалавечыя жыцці і зламаныя лёсы беларусаў на ўмоўныя грошы? Жыццё – адно! Ніхто не мае права на гвалт у дачыненні да чалавека і яго сям’і!

Кожны грамадзянін абавязаны паважаць і шанаваць сваё і чужое жыццё і адстойваць свабоду!

Трэба толькі аб’яднацца і зразумець – лепш адзін раз стрываць, але давесці ўсім разам справу да разумнага завяршэння, пасля якога будзе аздараўленне і развіццё.»

Праваабаронца: «непадпісантам» трэба рыхтавацца да змагання за свае правы. У тым ліку за права на працу

Мы папрасілі пракаментаваць з’яву праваабаронцу Алега Мацкевіча.

Што рабіць, калі прымушаюць падпісаць? Як непадпісанне можа адбіцца на працы?

«Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх» – так гучыць адзін з пастулатаў, замацаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Калі падпісанне падобнага ліста разыходзіцца з унутраным перакананнем грамадзяніна – незалежна ад таго, ён член прафсаюза або не – гэта можна не рабіць. Іншая справа, што падпісаць паперу могуць настойліва «папрасіць». Выбар у такім выпадку невялікі – або насуперак свайму перакананню зрабіць гэта, або адмовіцца.

Калі разважаць з пункту гледжання законаў, непадпісанне адкрытага ліста не можа мець абсалютна ніякіх наступстваў. Калі ж браць пад увагу, што ў нашай дзяржаве часам бывае «не до законов», «непадпісантам» трэба рыхтавацца да змагання за свае правы, у тым ліку за права на працу.

Якія правы гарантуюць, што чалавек можа быць свабодным у меркаваннях і пазіцыях?

Права адмовіцца ад падпісання падобнай паперы замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкул 33: «Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх.»

Чым увогуле павінен займацца прафсаюз?

Калі разглядаць гэтае пытанне з пункту гледжання паўнамоцтваў прафесіянальных саюзаў, то гэтае кола досыць шырокае і ўключае ў сябе абарону працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў грамадзян. У цэлым ініцыятыва па падпісанні адкрытага ліста не з’яўляецца супрацьпраўнай і не супярэчыць заканадаўству.

Але ўлічваючы ўсе абставіны і кантэкст цяперашніх падзей, ёсць пэўныя і небезгрунтоўныя перасцярогі, што выкананне ініцыятывы будзе суправаджацца масавым парушэннем канстытуцыйных правоў грамадзян.

• Текст доступен на языке: Русский