Фота vk.com/hcdinamomolodechno

У першай палове студзеня расійская прапаганда актыўна асвятляла навіны пра чэмпіянат свету па хакеі, які павінны быў прайсці ў Мінску і Рызе ў маі 2021 года. Галоўны лейтматыў прапагандыстаў – размовы пра перанос матчаў з Мінска з’яўляецца прамым уплывам Захаду на Беларусь.

Пад уплывам Захаду

13 студзеня партал «Спутник Беларусь», які належыць МІА «Россия сегодня», размясціў каментарый латвійскага палітыка Руслана Панкратава. Панкратаў каментаваў словы міністра замежных спраў Латвіі Эдгара Рынкевіча аб тым, што правядзенне чэмпіянату свету ў Мінску было б зусім недапушчальна. Панкратаў назваў словы міністра русафобнымі. Аднак не патлумачыў, якім чынам русафобія датычыцца Беларусі і пераносу хакейнага чэмпіянату.

Панкратаў сказаў, што крытыка беларускіх уладаў і заклік да адмены чэмпіянату – выгадная стратэгія для заходніх палітыкаў, і для латвійскіх у тым ліку. Аднак заклікаў да адмены чэмпіянату не было. Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, тварам якога з’яўляецца спартсменка Аляксандра Герасіменя, настойваў менавіта на пераносе гульняў з Мінска. Бо, па меркаванні актывістаў, правядзенне часткі турніру ў Беларусі азначала б легітымізацыю кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Панкратаў лічыць, што заклікі да пераносу спартыўнага спаборніцтва – гэта ўплыў Захаду на Беларусь і на беларускія ўлады. Гэты ўплыў яшчэ будзе ўзмацняцца. Панкратаў ніяк не звязвае гвалт сілавікоў пасля выбараў з імкненнем актывістаў перанесці чэмпіянат. Па яго меркаванні, Рынкевічу трэба было б выказаць абурэнне пасля штурму Капітолія і спачуванні загінулым, але гэта нявыгадна. А вось крытыка беларускіх уладаў зусім іншая сітуацыя.

Хто такі Панкратаў

Руслан Панкратаў – лідар латвійскай партыі «Дзеянне». «Дзеянне» – прарасійская партыя. На апошніх выбарах у латвійскі Сейм кандыдаты ад партыі не змаглі прайсці. Аднак гэта не перашкаджае Панкратаву прасоўваць прарасійскія ідэі ў Латвіі і для расійскіх прапагандысцкіх выданняў, кшталту, «Спутника».

Панкратаў неаднаразова быў спікерам для беларускага тэлебачання наконт жнівеньскіх падзей. Ён называў іх «спробай асобных сіл разгайдаць сітуацыю ў Беларусі».

Матчы з Мінска ўсё-ткі перанеслі

18 студзеня прайшло пасяджэнне савета Міжнароднай федэрацыі хакея, на якім вырашалі пытанне па пераносе гульняў чэмпіянату свету па хакеі-2021 з Мінска. Савет прыняў рашэнне перанесці матчы з-за небяспекі.

Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэль пасля даў некалькі інтэрв’ю, у якіх казаў, што правядзенне чэмпіянату свету ў Мінску было б недарэчным праз палітычную сітуацыю ў краіне.

Дагэтуль невядома, у якой краіне пройдуць гульні, што павінны былі адбыцца ў Мінску. Федэрацыя хакея Беларусі пацвердзіла, што беларуская зборная не адмовіцца ад удзелу ў турніры.