Мінскі раённы суд прысудзіў Аляксандру Дзяшчэні два гады хатняй «хіміі» і 2000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды за абразу начальніка крымінальнай міліцыі Валожынскага РАУС.

Аб гэтым паведамляе незарэгістраваны праваабарончы цэнтр «Вясна».

Крымінальную справу па арт. 369 разглядаўся ў Мінскім раённым судзе судзёй Алёнай Новік.

Па матэрыялах следства, 20 верасня Дзяшчэня наўмысна, з дапамогай тэлефона размясціў у суполцы глускай газеты «Радзіма» ў ВКонтакте паведамленне зневажальнага характару, з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі.

Абвінавачаны Аляксандр Дзяшчэня цалкам прызнаў сваю віну.

Пацярпелы – супрацоўнік міліцыі Павел Курс вылучыў матэрыяльную прэтэнзію ў памеры 3 000 рублёў за маральныя пакуты.

Пацярпелы Курс распавёў, што яму адправілі скрыншот з ВКонтакте, дзе было напісана «Можаш не хаваць свой твар пад балаклавай, мы цябе ведаем». Праз некалькі дзён запіс быў выдалены, але начальнік Глускага РАУС даслаў потым скрыншот паведамлення пацярпеламу, якое абвінавачваны накіраваў у газету.

З матэрыялаў справы вядома, што да пацярпелага паведамленне бачылі толькі журналісты і галоўны рэдактар газеты, якія выступілі на судзе сведкамі. Галоўны рэдактар Ірына Грамыка сказала, што гэта яна адправіла скрыншот паведамлення Дзяшчэні начальніку Глускага РАУС.

Суддзя Алена Новіка вынесла прысуд: два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Апроч гэтага Дзяшчэня павінен выплаціць пацярпеламу 2 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Арышт на тэлевізар, тэлефон і мікрахвалёўку пакінуць у сіле.