Віктар Таўгень у чорнай майцы з белым бранзалетам на маладзечанскай плошчы ўвечары 9 жніўня.

Следчы камітэт па Мінскай вобласці паведаміў, што скончыў расследаванне па крымінальнай справе за 9 жніўня.  Маладзечанца абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Па версіі следства, 36-гадовы жыхар Маладзечанскага раёна ўвечары 9 жніўня 2020 года прыйшоў на Цэнтральную плошчу і прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Мужчына знаходзіўся ў счэпцы, крычаў лозунгі і хлопаў рукамі. У яго ў руках таксама была аўдыяпрылада, ён дэманстратыўна ўключаў музыку.

– Па справе праведзены комплекс следчых дзеянняў. Дапытаныя абвінавачваемы і сведкі, праведзеныя вочныя стаўкі, агледжаны мабільны тэлефон мужчыны. Відэазапісы, на якіх зафіксаваны абставіны здзяйснення злачынства, таксама агледжаныя і дададзеныя да матэрыялаў крымінальнай справы. На грашовыя сродкі на рахунку, а таксама на аўтамабіль абвінавачваемага накладзены арышт, – паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Алена Крупеніна.

Падчас допыту мужчына расказаў, што не ведаў, чаму не пакінуў плошчу, калі пачуў папярэджанні супрацоўніка міліцыі. Аднак адзначыў, што разумеў супрацьпраўнасць дзеянняў, якія ён здзейсніў.

Следчыя кваліфікавалі дзеянні мужчыны па ч.1 арт.342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады).

У адносінах да абвінавачваемага прымененая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.

«Рэгіянальная газета» высветліла, што абвінавачваемага завуць Віктар Таўгень.