Канановіч трымае ў руцэ чырвона-зялёны сцяжок падчас праўладнага мітынгу 20 жніўня 2020 года.

Дэпутат ад Маладзечанскай гарадской акругі №72 у Нацыянальных сходзе Людміла Канановіч апублікавала справаздачу па сваёй дзейнасці за два гады. «Рэгіянальная газета» коратка пераказвае галоўныя моманты са справаздачы.

Заканатворчая дзейнасць

Канановіч удзельнічала ў 22 пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у 11 пасяджэннях Савета Палаты прадстаўнікоў. Яна выступала тры разы на пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў. Асноўныя пытанні – сфера сацыяльнай абароны і занятасці, працоўныя адносіны і пенсійнае забеспячэнне.

Што зрабіла дэпутат для выбарчай акругі

У справаздачы дэпутат адзначыла станоўчае рашэнне па пытаннях будаўніцтва дзіцячага сада-пачатковай школы ў мікрараёне Усходні, арганізацыю прац па рэканструкцыі футбольнага поля ў ДЮСШ №4, работы па рамонце цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча і іншыя.

Канановіч правяла 39 сустрэч у працоўных калектывах, арганізавала 11 прыёмаў грамадзян і 8 тэлефонных ліній.

У справаздачы з’яўляецца інфармацыя пра жнівень 2020 года. Пазначаецца, што яна ўдзельнічала ў дзвюх сустрэчах з членамі ініцыятыўнай групы ў Маладзечне па «пытаннях меркаваных парушэнняў падчас выбарчай кампаніі». Дэпутат адзначае, што адказала на пытанні рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі падчас прэс-цэнтра пра сітуацыю ў раёне і падзеі, што адбываліся ў краіне пасля выбараў. Дарэчы, «Рэгіянальную газету» на гэту сустрэчу не запрасілі – аб гэтым падрабязна пісала наша выданне.

Дэпутат выступала са зваротам да жыхароў рэгіёна на мясцовым радыё і на старонках раённай газеты. Там яна казала пра «важнасць канструктыўнага мірнага дыялогу ва ўмовах унутрыпалітычнай абстаноўкі ў імя міру і спакою на нашай зямлі і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні».

Канановіч сустракалася з пракурорам Маладзечанскага раёна, начальнікам Маладзечанскага раённага аддзела Следчага камітэта і начальнікам РАУС. З імі яна абмяркоўвала пытанні ўзаемадзеяння пры разглядзе зваротаў грамадзян.

Грамадска-палітычная дзейнасць

Дэпутат у справаздачы напісала, што ўдзельнічала ў грамадска-палітычных і культурна-масавых мерапрыемствах, акцыях і ў мерапрыемствах у падтрымку міру і стабільнасці ў Беларусі. Людмілу Канановіч нашы журналісты бачылі на праўладным мітынгу ў жніўні 2020 года. Там Людміла Мікалаеўна была разам са старшынёй Маладзечанскага райвыканкама Юрыем Горлавым, членам Савета Рэспублікі Калінай Капуцкай і намеснікам старшыні райвыканкама Алесяй Лукоўскай.

Чытайце яшчэ: Сёння маладзечанцы падалі зварот наконт адклікання дэпутата Канановіч