Праваабаронца Алег Мацкевіч расказвае, што важна ведаць, калі па адміністрацыйнай справе затрымалі вашага сваяка або блізкага.

Што рабіць, калі вас затрымалі. Праваабаронца дзеліцца юрыдычнымі парадамі

Праваабаронца расказвае што рабіць, калі вас выклікаюць у міліцыю або Следчы камітэт

Вас выклікаюць у суд. Што раіць праваабаронца

Да вас прыйшлі з ператрусам. Што раіць праваабаронца

1) Хто можа заключыць дамову з юрыстам? Ці толькі сваякі?

Заключыць дамову з адвакатам у інтарэсах затрыманага могуць як яго сваякі, так і іншыя людзі: сябры, знаёмыя, калегі, суседзі па дому. Згодна з Законам «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» дагавор, прадметам якога з’яўляецца аказанне юрыдычнай дапамогі, заключаецца паміж адвакатам альбо адвакацкім бюро і кліентам або іншай асобай, якія дзейнічаюць у інтарэсах кліента, у пісьмовай форме.

Дагавор заключаюць у пісьмовай форме, складаюць і падпісваюць у двух асобніках. Адзін асобнік перадаюць кліенту або іншай асобе, якая дзейнічае ў інтарэсах кліента. Другі захоўваюць у адваката, у юрыдычнай кансультацыі альбо адвакацкім бюро.

2) Як даведвацца аб месцы знаходжання чалавека? Ці можна патрабаваць, каб паведамілі пра яго стан здароўя?

Даведацца аб месцазнаходжанні затрыманага грамадзяніна можна праз дзяжурныя часці мясцовых аддзелаў органаў унутраных спраў. Калі ў горадзе ёсць асобныя ўстановы ў выглядзе ІЧУ (СІЗА), гэта можна зрабіць праз іх дзяжурныя часці.

Звычайна грамадзян дастаўляюць у раённыя аддзяленні міліцыі, якія знаходзяцца на тэрыторыі, дзе адбылося затрыманне.

Калі правапарушэнне мае палітычны кантэкст, можна паспрабаваць высветліць месцазнаходжанне чалавека праз мясцовых праваабаронцаў або валанцёраў.

Калі грамадзянін затрыманы па парушэнні, за якое можа пагражаць адміністрацыйны арышт, ёсць сэнс шукаць яго сляды праз канцылярыю суда. Прызначаная да разгляду справа можа знаходзіцца там, калі яе матэрыялы ўжо былі належным чынам аформленыя і перададзеныя з міліцыі.

У заканадаўстве няма імператыўнай нормы, якая б дазваляла блізкім або знаёмым патрабаваць інфармацыю аб здароўі затрыманага. Пра гэта можна папрасіць. Калі ёсць такая магчымасць, можна паспрабаваць даведацца праз адваката затрыманага.

Згодна з Правіламі ўнутранага распарадку месцаў адбыцця адміністратыўнага арышту, дастаўленых грамадзян аглядаюць медыцынскія работнікі. Калі ў штаце ізалятара няма медыцынскага работніка, пра стан здароўя арыштаваных апытвае начальнік месца адбыцця адміністрацыйнага арышту або дзяжурны. Так даведваюцца, каму патрэбная хуткая медыцынская дапамога, хто захварэў, каму патрэбныя лекі, у каго інфекцыйныя хваробы, педыкулёз, цялесныя пашкоджанні і іншае. Пра вынікі апытання і іх скаргі запісваюць у журнале ўліку адміністрацыйна арыштаваных.

За стан здароўя адміністрацыйна затрыманага нясе адказнасць дзяржава ў асобе супрацоўнікаў сілавых структур, дзе знаходзіцца грамадзянін.

3) Што класці ў перадачу?

Пералік прадметаў, рэчаў і прадуктаў харчавання, якія адміністрацыйна арыштаваныя могуць мець пры сабе, атрымліваць і адпраўляць, змешчаны ў дадатку №2 да Правілаў унутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту.

Можна перадаваць прадукты, акрамя тых, што патрабуюць цеплавой апрацоўкі, хутка псуюцца, пратэрмінаваныя, дрожджы, алкагольныя напоі і піва.

Можна перадаваць тытунёвыя вырабы, адзенне, прадметы асабістай гігіены, акуляры, пісьмовыя прыналежнасці, туалетную паперу, прадметы рэлігійнага культу, пасцельную бялізну, кнігі, канверты, паштоўкі, маркі, падручнікі, фотаздымкі, настольныя гульні, лекі, наручны гадзіннік, кіпяцільнік, дакументы, звязаныя з адміністрацыйнай справай.

Перадачы прымаюць ад блізкіх сваякоў арыштаванага. Гэта бацькі, дзеці, усынавіцелі, усыноўленыя, родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі, муж ці жонка. Каб зрабіць перадачу ад іншай асобы, патрэбны дазвол начальніка ІЧУ.

Агульная вага прадуктаў харчавання, якія арыштаваныя могуць захоўваць пры сабе, не павінна перавышаць пяць кілаграмаў. З гэтага правіла трэба сыходзіць пры зборы перадачы. На практыцы пры прыёме перадачы ўзважыць могуць як асобна прадукты харчавання, так і перадачу цалкам.

Адміністрацыйна арыштаваным можна атрымліваць пасылкі, перадачы, бандэролі і дробныя пакеты без абмежавання колькасці.

4) Як даведацца, дзе і калі суд? Калі адпусцяць?

Шукаць арыштаванага можна праз канцылярыю суда, які тэрытарыяльна знаходзіцца паблізу месца, дзе затрымалі грамадзяніна. Гэту ж даведку можна паспрабаваць атрымаць праз дзяжурную часць РАУС, дзе знаходзіцца затрыманы.

5) Калі затрыманы прымае лекі, ці можна іх перадаць?

Адміністрацыйна арыштаваныя могуць мець пры сабе лекі толькі ў выпадку, калі іх прызначыў доктар. Калі вы хочаце пакласці іх у перадачу, трэба мець пры сабе медыцынскі дакумент, які пацвярджае патрэбу грамадзяніна ў прыёме гэтых лекаў.

6) Як лепш дасылаць лісты і што зрабіць, каб затрыманы змог пісаць вам?

Адміністрацыйна арыштаваны мае права атрымліваць паштовую карэспандэнцыю – лісты і тэлеграмы, мець пры сабе паштовыя канверты, паштоўкі, паперу, ручкі. Трэба мець на ўвазе, што перапіску людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, цэнзуруе адміністрацыя ізалятара.

Варта пазбягаць у лістах нецэнзурнай лаянкі, абразаў, звестак, якія могуць прычыніць шкоду адрасату або аўтару карэспандэнцыі.

Каб у адміністрацыйна арыштаванага была магчымасць адказаць на лісты з волі, трэба даслаць неабходныя паштовыя і пісьмовыя прыналежнасці. Зрабіць гэта можна як дробнай бандэроллю або пакетам, гэтак і ўклаўшы ў пісьмо некалькі чыстых аркушаў паперы з маркамі і канвертамі.

Што рабіць, калі вас затрымалі. Праваабаронца дзеліцца юрыдычнымі парадамі

Праваабаронца расказвае што рабіць, калі вас выклікаюць у міліцыю або Следчы камітэт

Вас выклікаюць у суд. Што раіць праваабаронца

Да вас прыйшлі з ператрусам. Што раіць праваабаронца

• Текст доступен на языке: Русский