Папулярны расійскі спартыўны блогер Яўген Савін зняў фільм пра беларускі футбол падчас пратэстаў. У фільме Савін паказаў гісторыю фаната ФК «Маладзечна» Мікіты Крыўцова, якога знайшлі павешаным 22 жніўня 2020 года ў лесапаласе ў Мінску.
«Ён – душа кампаніі»
Савін узяў інтэрв’ю ў жонкі Мікіты Алены Крыўцовай. Жанчына расказала, што яна была ў фанацкім руху жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ», а Крыўцоў заўзеў за ФК «Маладзечна». Яны пазнаёміліся праз інтэрнэт, гутарылі на футбольныя тэмы. Бліжэй пазнаёміліся, калі Крыўцоў служыў у вайсковай частцы недалёка ад Жодзіна. Па словах Алены, апошнія восем месяцаў з арміі яна чакала ў якасці яго дзяўчыны.
– Ён – душа кампаніі. Ніколі ў яго не было агрэсіі. Тым больш у адносінах да іншых людзей. Яму было лягчэй вырашыць пытанні мірным шляхам, чым лезці ў нейкія бойкі. Можа і ёсць фанаты, якія ўдзельнічаюць у бойках, але гэта было не па яго частцы, – расказала Алена пра Мікіту.
Алена не ведала, што Мікіта будзе выходзіць на акцыю ў першыя часы пасля прэзідэнцкіх выбараў. Па яе словах, муж паехаў галасаваць у Маладзечна, таму што ён там зарэгістраваны.
– Ён мне пазваніў, сказаў, што прагаласаваў і хутка будзе дома. Калі адбыліся ўсе гэтыя падзеі, то пабачыла відэа, што ён удзельнічаў у мітынгах, што выходзіў са сцягам.
Алена падзялілася, што Мікіта на ўсялякі выпадак даў ёй кантакты незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» на выпадак, калі яго затрымаюць.
Жонка расказала, што Мікіта 10 жніўня быў у Жодзіне. Ён сказаў, што паедзе на мітынг у Мінск.
– 12 жніўня ён знікае, перастаў выходзіць на сувязь. Мы не панікавалі, таму што ён сказаў, што паедзе ў Смаленск, пасля з намі звяжацца. Ён перастаў выходзіць на сувязь наогул з усімі, – успамінае Алена.
Яна падзялілася, што яны размясцілі на TUT.by звестку, што сям’я шукае зніклага Мікіту. Пазней Алена стварыла ў інтэрнэце допісы з пошукам Крыўцова. Па яе словах, у міліцыі не прымалі заявы аб знікненні яе мужа.
22 жніўня Алене патэлефанавала бабуля Мікіты і сказала, што яго знайшлі павешаным. Алена расказала, што заява Следчага камітэту, што Мікіта павесіўся нібыта з-за сямейнага канфлікта – гэта лухта. Яна падзялілася, што дагэтуль ад жніўня да лютага сям’я не бачыла судмедэкспертызу.
– Гэтае бязмежжа, дзе нельга сказаць свайго слова і выразіць свае меркаванне. Гэта будзе працягвацца. Я спадзяюся ў глыбіні душы хочацца вераць, што кагосьці за гэта пакараюць, – лічыць Алена.
Чытайце яшчэ: У Маладзечне развітваюцца з Мікітам Крыўцовым (Фота, відэа)
Сябры Мікіты, якія былі з ім на акцыі
Савін пагутарыў з фанатамі ФК «Маладзечна» і сябрамі Мікіты, якія былі з імі падчас пратэснай акцыі 9 жніўня. Яны расказалі, што былі на плошчы, каб адсвяткаваць перамогу. Успамінаюць, што на плошчу выйшлі маладыя людзі з бел-чырвона-белым сцягам, а хтосьці пракрычаў «Давайце ў сцэпку!».
Сябры Крыўцова расказалі, што Мікіта таксама стаяў у счэпцы. Пасля таго, як на плошчы выключылі святло і прыехаў АМАП, сябры не бачылі Мікіту. Праз некалькі гадзін Крыўцоў сам патэлефанаваў сябрам і сказаў, што едзе ў Жодзіна. 9 жніўня быў апошнім днём, калі яны бачылі Мікіту жывым.
Сябры Мікіты расказалі, што першыя дні не шукалі яго, а пасля падлучылі да пошукаў усіх знаёмых праз інтэрнэт. 22 жніўня яны пабачылі фотаздымкі павешанага Мікіты Крыўцова.
– Мы паглядзелі гэтыя здымкі. Гэта жэсць нейкая і на суіцыд штосьці не вельмі падобна, – сказаў сябра Арцём. Сябры не вераць, што Мікіта скончыў жыццё самагубствам.
«Мы яго знайшлі»
Маці Мікіты Анжаліка Кухто таксама дала інтэрв’ю Савіну.
– Нас адправілі дадому. Не пусцілі ў морг, нікуды. Нават не сказалі адрас, дзе ён знаходзіцца, – успамінае маці Мікіты дзень, калі яго знайшлі загінулым.
Жанчына кажа, што на апазнанне нікога з родных не пусцілі, таму што ім сказалі, што там няма чаго апазнаваць. Анжаліка кажа, што не верыць у самагубства сына, таму што ў Мікіты было шмат планаў на будучыню. Яна падзялілася, што экспертызы не знайшлі ў яе сына слядоў алкаголю ці наркотыкаў.
Анжаліка ўспамінае акалічнасці 22 жніўня, калі ёй патэлефанавалі з органаў. Гэта было прыкладна каля 19 гадзін вечара.
– Яны шукалі нумар Алены. Я запыталася, што ім трэба, сказала, што я маці Мікіты. Тады мне кажуць, што мы вам скажам. Я пытаюся, што скажыце. «Мы яго знайшлі». Я думаю, ну можа на Акрэсціна, у Слуцку ці яшчэ дзесьці. Пытаюся, дзе ён. Такая паўза. Кажуць, ён павесіўся даўно.
Анжаліка лічыць, што ад сям’і штосьці хавалі, таму што не паказалі цела.
– Нам з Алёнай прасцей, таму што мы яго не бачылі. Я сябе супакойваю, што ён з’ехаў у Расію, у Смаленск. Да канца не веру.
Анжаліка ўспомніла, што пасля здымкі праграмы на Белсаце да яе падышоў малады чалавек. Ён сказаў, што разам з Мікітай і яшчэ адным хлопцам былі ў нейкай спартыўнай залі. Там іх збівалі, там апошні раз «засвяціўся» мабільны тэлефон Мікіты. Па словах гэтага хлопца, гэта было ў адным з мінскіх РАУС. Анжаліка расказала, што гэты хлопец баіцца даваць паказанні, але ў будучыні, калі зменіцца ўлада і ён пагодзіцца сведчыць, то можа быць узбуджаная крымінальная справа.
– Калі б на маім месцы сядзеў Аляксандр Лукашэнка, што б Вы яму сказалі?
– Настолькі запужаў народ. Навошта забіваць? Мог спакойна сысці. Ведала ўся Беларусь, што ён прайграе на гэтых выбарах. Яны яшчэ нават не адбыліся. Людзі ішлі з такой надзеяй, што штосьці зменіцца, нарэшце сыдзе ён.