Заснежаны лес на Вілейшчыне. Фота Аксаны Ярашонак.

Люты ў Беларусі сёлета будзе халаднейшым, чым звычайна, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

– Сярэднямесячная тэмпература паветра чакаецца на адзін градус ніжэй за кліматычную норму, месцамі каля яе (норма – мінус 2-6). Месячная колькасць ападкаў прагназуецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў (27-45 мм), – распавялі ў Белгідрамеце.

Як адзначаюць кліматолагі, люты па сваім тэмпературным рэжыме блізкі да студзеня. У асобныя гады тэмпература ў гэтым месяцы можа рэзка адрознівацца ад сярэдніх шматгадовых значэнняў. Халадней, чым звычайна на 8-11 градусаў было ў лютым 1947, 1954, 1985, 1986 гадоў. Самым халодным за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў лічыцца люты 1929 года: сярэднямесячная тэмпература склала мінус 17,1, што на 12,8 градуса ніжэй за кліматычную норму.

Цёплае надвор’е, на 5-6 градусаў вышэй за кліматычную норму, адзначалася ў лютым 1989 1995, 2002, 2016 і 2020 гадоў. Самым цёплым за ўвесь больш чым стогадовы перыяд метэаралагічных назіранняў стаў люты 1990 года з сярэднямесячнай тэмпературай паветра плюс 2,6, што амаль на 6,9 градуса цяплей, чым звычайна.

Начныя тэмпературы ў лютым складаюць 5-9 градусаў марозу, але могуць апускацца да мінус 25 і ніжэй. Абсалютны мінімум (мінус 40,7) быў адзначаны на метэастанцыі Докшыцы ў ноч на 1 лютага 1956 года.

• Текст доступен на языке: Русский