Юрыст і актывіст з Вілейкі Максім Ціханаў.

Пра свае любімыя творы мастацтва расказвае юрыст і актывіст з Вілейкі Максім Ціханаў.

  1. «Фрэнкі-шоу»

Была такая перадача па расійскім радыё «Сярэбраны дождж» ад 2004 да 2011 года. Мяне з ёй пазнаёміў сябар, калі пачалі з’яўляцца гуказапісы ў інтэрнэце.

Гэта незвычайная перадача. Цягам 40 хвілін дыктар Фрэнкі апавядае пра якога-небудзь вядомага чалавека ад першай асобы, нібыта гэта ён сам. А слухачы павінны адгадаць, хто гэты персанаж. Расказвае пра яго жыццё ў цікавай манеры, з гукавымі і музычнымі эфектамі, ад самага нараджэння героя і да яго смерці.

Калі ты слухаеш у навушніках у цёмным пакоі, табе здаецца, нібыта сам жывеш тым жыццём, пра якое расказвае Фрэнкі!

Калі праслухаеш шмат серый, адчуваеш, быццам пражыў шмат жыццяў. Аўтар – Вадзім Дзямчог, ён таксама стварыў серыял «Містар Фрыман» і серыю аўдыёспектакляў «Трансляцыя Адтуль». Але большасць яго пазнае як Купітмана з серыяла «Інтэрны».

  1. Ёхан Хёйзінга, Homo ludens (з лацінскай – «Чалавек гуляючы»)

Гэта навуковы трактат, які апісвае тэорыю і феномен Гульні. Калі казаць простымі словамі, трактат кажа, што ўсё ў жыцці мае прыроду гульні. Увесь свет пранізаны гульнявымі мадэлямі. Калі нараджаецца жывая істота, яна пачынае вучыцца жыць у гэтым свеце, неяк з ім кантактаваць.

Дзіця назірае за дарослымі і пачынае гуляць у свае гульні – выдумляць розныя сітуацыі. Жывёлы ганяюцца адна за адной, гуляюць у бойку і таксама разыгрываюць розныя сітуацыі. Па меры сталення чалавека гульнявыя мадэлі становяцца ўсё больш складанымі. І ў кожнага свая роля.

Але калі зразумець сутнасць гульні і пачаць кіраваць ёй, то ролю можна памяняць.

  1. «Гатака»

Фільм–антыўтопія 1997 года. У фільме людзі навучыліся генерыраваць плод з найлепшым фізічным, інтэлектуальным развіццём, з вялікім імунітэтам і іншымі выдатнымі якасцямі. Ад нараджэння камп’ютар вылічвае дакладную дату смерці чалавека і прычыну, калі смерць будзе негвалтоўнай.

З-за розніцы паміж людзьмі пачалася дыскрымінацыя. Ніхто не хоча браць на працу людзей, якія нарадзіліся звычайным спосабам, як у фільме кажуць – ад кахання.

Максімальная ступень іх кар’еры – праца прыбіральшчыкам. З’явіліся махінацыі – траўмаваныя «звышлюдзі» прадаюць сваю асобу звычайным людзям.

Карціна запусціла дыскусію пра небяспеку біятэхналогій. «Гатаку» прызналі фільмам, які дакладна паказвае навуковыя факты і тэорыі.

  1. Оруэл, «1984»

Гэты твор прачытаў на трох мовах – беларускай, рускай і польскай. Напэўна,  калі буду больш дасканала ведаць англійскую, прачытаю і ў арыгінале.

Жанр – таксама антыўтопія. Твор пра чалавека, які жыве ў свеце татальнага кантролю грамадства. У краіне захапіла ўладу адна партыя, і яе нязменны лідар – Вялікі брат. За ўсімі людзьмі ўвесь час сочаць, нельга нават падумаць кепска пра партыю ды Вялікага брата. За «злачынства думкі» па чалавека прыязджаюць уначы, і ён знікае цалкам, уся інфармацыя пра яго выдаляецца, пра яго нельга ўзгадваць, бо таксама можаш знікнуць.

Паўсюль камеры назірання, нават праз тэлевізар за табой назіраюць улады. Навіны заўсёды карэктуюцца ў выгаду партыі, нават тыя, якія выпусцілі даўно. Калі трэба адкарэктаваць – усе старыя газеты замяняюць падробленымі.

Гэты твор прымушае задумацца, а ці атрымаецца ў людзей застацца вольнымі? Ці заўсёды будуць шанаваць правы чалавека?

Тое, што апісаў калісьці Оруэл, цяпер дзейнічае ў кітайскіх правінцыях Сіньцзян і Тыбет. Там нават існуе бальная сістэма «добранадзейнасці». Калі яна падае, чалавека вязуць у канцэнтрацыйны лагер на сем год. Іх называюць «выхавальнымі» лагерамі, і не кожны адтуль вяртаецца.

  1. «Матрыца»

Вельмі моцны фільм! У карціне ўсе людзі жывуць у камп’ютарнай сістэме і большасць з іх проста падключаная да сістэмы. Яны бачыць такія сны, якія патрэбныя сістэме. Каб людзі не здагадаліся, што яны проста рабы. Яны проста не гатовыя прыняць рэчаіснасць, і многія настолькі атручаныя і так безнадзейна залежныя ад сістэмы, што будуць біцца за яе.

У той жа час ёсць меншасць, якая абудзілася і зразумела, што ўвесь час яны былі толькі рабамі сістэмы.

З іх высмоктвалі энергію, каб сістэма і машыны маглі існаваць. Цяпер жа яны абудзіліся і змагаюцца супраць сістэмы машын, і дапамагаюць абудзіцца іншым.

  1. «Байцоўскі клуб»

Падабаецца і кніга, і экранізацыя. Гэта той выпадак, калі бачанне аўтара і рэжысёра супалі цалкам.

Гэта гісторыя ўказвае на праблему нашага спажывецкага грамадства, калі твае рэчы сталі важней, чым ты сам. Калі стала важней знешняя атрыбутыка так званага дасягнення поспеху… Чаму б проста зараз не прачнуцца іншым чалавекам?

«Ты – гэта не твой кашалёк! Ты – не твая праца! Ты – не рахунак у банку! Ты – не марка аўто!» – моцныя словы з кнігі!

  1. «Маленькі буда»

Фільм расказвае пра тое, як будысцкія манахі з Ламай Норбу шукаюць рэінкарнацыю настаўніка Ламы Дорджэ.

Фільм раскрывае будысцкі светапогляд, і паралельна ідзе біяграфічная лінія сюжэта аб жыцці Сіддхартха Гаўтамы – першага чалавека, які стаў Будай і павярнуў кола Джармы. Гэта выдатны фільм, калі вы захочаце пазнаёміцца з будызмам. Ролю Буды выконвае Кіяну Рыўз.

  1. Red Dead Redemption 2

Гэта камп’ютарная гульня. Я лічу, што цяпер камп’ютарныя гульні – асобны від мастацтва.

Падчас гульні трапляеш у свет, калі паміраў стары «Дзікі Захад» – мяжа стагоддзяў, 1899 – 1907 гады.

Распрацоўшчыкі гульні дасягнулі такога рэалізму, што нават зрэнкі ў вачах усіх людзей на святле звужаюцца, а ў цемры павялічваюцца.

Тут поўная свабода дзеянняў, можна даследаваць свет, а ён вельмі вялікі, і на шляху здараюцца розныя выпадковыя падзеі. Калі ўжо даследаваў свет і вырашыў прайсці сюжэт, чакае вішанька на торце – сюжэт вельмі моцны. Ім цалкам пранікаешся, а пасля застаюцца добрыя ўспаміны, як пасля выдатнай кнігі.