Браты Мамаі, Сяргей і Аляксандр.

Летась «Рэгіянальная газета» друкавала гісторыю жыцця і смерці Антона Мамая, што нарадзіўся на Вілейшчыне і быў падпольшчыкам у Залессі. Збіраючы звесткі пра Антона, я даведаўся пра партызанскага сувязнога, франтавіка Івана Мамая. Цяпер прапаную чытачам гісторыю жыцця Івана.

Завітаўшы ў Трапалава, я даведаўся, што Іван Мамай падчас вайны страціў не толькі хату, але і ўсю сям’ю. Таму, калі ён вярнуўся з фронту, праз нейкі час сышоў за Вілію на Алянецкія хутары ў прымы. Тут цяпер жывуць яго сыны, Сяргей і Аляксандр. У Алянцы я з імі і сустрэўся.

Сабраць поўную інфармацыю пра трагічны лёс героя гэтага артыкула, Івана Мамая, за адзін раз было проста немагчыма. Прыйшлося наведваць яго родных некалькі разоў. Вось што яны мне расказалі пра сваіх продкаў, пра іх трагічны жыццёвы шлях.

Як складаўся лёс братоў і сястры Івана Мамая

Малая радзіма Мамаёў – Вілейшчына, вёска Трапалава, якая спрадвеку ўваходзіла ў склад маёнтка Ганута. Старэйшы сын Івана Мамая, Сяргей (1947 года нараджэння), паслужыў мне галоўным расказчыкам і кансультантам роду Мамаёў. Дзядуля Сяргея Іванавіча, Канстанцін Дзмітрыевіч Мамай, нарадзіўся ў 1886 годзе ў Красніцы Асіпавіцкага сельсавета. Ён у 17-гадовым узросце працягнуў дынастыю лесасплаўшыкаў. А ў 20, ажаніўшыся, купіў невялікі надзел зямлі, зарослы драбналессем, у канцы Трапалава, каля Віліі, на высокім беразе. Расцерабіўшы дзялянку, тут жа і пабудаваўся. У сям’і ў 1907 годзе на свет з’явіўся Аляксандр, праз год – Іван, а пасля – Сяргей і Андрэй. Апошняй нарадзілася дачка Таццяна. Гаспадар сплаўляў лес па Віліі ў Прыбалтыку, а гаспадыня з дзецьмі вяла бедную гаспадарку. На ўчастку амаль што нічога не хацела расці. Падрастаючы, хлопцы далучаліся да сплаву лесу.

Канстанцін Мамай з дачкой Таццянай.

У сярэдзіне 1930-х гадоў, яшчэ юнакамі, Сяргей з Андрэем разам са старэйшымі братамі ўключыліся ў падпольную барацьбу супраць польскага панавання. Яны, займаючыся сплавам лесу, выконвалі заданні падпольнай арганізацыі КПЗБ (камуністычная партыя Заходняй Беларусі). Браты Мамаі з Вілейкі ў Вільню дастаўлялі савецкую прапагандысцкую інфармацыю для друку. А адтуль прывозілі ўжо надрукаваныя палітычныя брашуры і ўлёткі з заклікамі ў падтрымку савецкага ладу. У 1936 годзе польская разведка пачала падазраваць Сяргея, Андрэя і іншых вяскоўцаў у шпіянажы на карысць СССР. Узнікла пагроза арышту. Таму Сяргей з Андрэем вымушаныя былі пакінуць радзіму. Яны сышлі праз загадзя падрыхтаванае «акно» на савецка-польскай мяжы, у раёне памежнай з Лагойскім раёнам вёскі Боркі. Толькі пераход той скончыўся для ўцекачоў трагедыяй.

Савецкае НКВД іх, савецкіх агентаў, звінаваціла ў шпіянажы на карысць палякаў. У выніку Андрэя Мамая арыштавалі ў 1936 годзе, абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай і шкоднай дзейнасці і расстралялі ў маі 1938 года. Рэабілітавалі ў 1960. Тады ж арыштавалі і Сяргея. Яго прызналі агентам польскай разведкі і прыгаварылі да пяці гадоў лагераў. Рэабілітавалі ў 1966.

Дачка Мамаёў, Таццяна, пайшла працаваць на ставы (сажалкі) да мясцовага пана Ежы Валовіча, дзе ўпраўляючым быў Ілля, таксама з Мамаёў.

Івана ў 1924 годзе Вілейскай прызыўной камісіяй залічылі ў 21 пяхотны полк Вой­ска Польскага. Адслужыўшы тэрміновую службу, ён вярнуўся ў сваё Трапалава, дзе і працягнуў сплаўляць лес. У пачатку 1930-х ажаніўся з дзяўчынай Зоськай з вёскі Капішча.

Аляксандр Мамай у войску Польскім.

А праз нейкі час і яго брат Аляксандр, адслужыўшы тэрміновую службу ў тым самым палку, што і Іван, прывёў нявестку, Юльку, у бацькоўскую хату. Месца хапіла ўсім.

Як пачыналася Другая сусветная

1939 год прынёс жыццёвую напружанасць. Калі яшчэ годам раней размовы пра вайну былі рэдкасцю, то цяпер пра яе непазбежнасць казалі паўсюль. Польскія асаднікі пачалі танна распрадаваць сваю зямлю ды маёмасць і з’язжаць у глыбіню Польшчы. Ставы, на якіх працавалі жанчыны Мамаёў, пан Ежы Валовіч зусім танна прадаў свайму ўпраўляючаму Іллю Мамаю. А калі Германія 1 верасня таго ж года напала на Польшчу, польская ўлада пачала мабілізацыю, пад якую трапіў Іван Мамай. Мабілізаваных давезлі да Вільні. А там, пераапрануўшы ў абмундзіраванне і ўзброіўшы, навабранцаў пачалі рыхтаваць да вайны.

Спачатку было незразумелым, чаму пад Вільняй трэба капаць акопы і будаваць ваенныя абарончыя ўмацаванні, а не дзесьці там, пад Варшавай, дзе ідуць баі з фашыстамі.

Але калі ўсё было падрыхтаванае, камандзір палка на пастраенні адкрыў сваім жаўнерам сакрэт, што полк чакае ворага не з Захаду, а з Усходу. І што гэта не фашысты, а Чырвоная Армія, якая збіраецца ваяваць супраць Польшчы.

Жаўнерам-беларусам далі магчымасць выбару. Тыя, хто не здолее аказваць супраціў чырвонаармейцам, сярод якіх ёсць іх браты па крыві, могуць здаваць зброю і сыходзіць дадому. Іван выбраў сыход з палка. За суткі дабраўся ў сваё Трапалава. А на наступны дзень, 18 верасня, у Гануце аб’явілася новая, савецкая ўлада. Змена адбылася без адзінага стрэлу, не кажучы пра ваенныя дзеянні, якіх людзі чакалі з вялікім страхам.

Мірнае жыццё ў гэтых мясцінах працягвалася без гвалту. Калі не лічыць таго, што ў Іллі Мамая савецкая ўлада экспрапрыіравала ставы, якімі Ілля так і не паспеў нацешыцца. Ставы ператварылі ў рыбгас, а іх былога ўжо ўладальніка саветы прызначылі загадчыкам гэтай гаспадаркі. Працаваць сюды прыйшлі і Іван з Аляксандрам, бо сплаў лесу па Віліі спыніўся.

Надышоў 1941 год

Пачалі прывыкаць да новай улады, але наступіў чэрвень 1941 года. Ад пачатку вайны з Трапалава і навакольных вёсак амаль што ніхто не патрапіў на фронт. І ўжо 26 чэрвеня ў Гануце, змяніўшы савецкую ўладу, акупанты пачалі ўводзіць нямецкі парадак. І вяскоўцы, каб выжыць, вымушаныя былі яму падпарадкоўвацца. Першы год пад акупацыяй прайшоў больш-менш спакойна. Вёска з сямі падворкаў не вельмі прыцягвала немцаў.

Неспакойнае жыццё для Мамаёў пачалося ад 1942. Вясной Іван з братам Аляксандрам, праязджаючы на кані па лесе, заўважылі, што на хвойцы вісіць парашут. На стропах гайдаўся мех. Мужчыны спілавалі дрэва, парашут сабралі і схавалі пад кучай галля. Пасля ўзвалілі груз на воз і паехалі ў вёску. Знаходку пакінулі ў сваёй лазні. Увечары, распакаваўшы мех, зразумелі, што груз, хутчэй за ўсё, належыць савецкім дыверсантам.

Сухары, соль, махорку, крупы можна было смела браць. А што рабіць з рацыяй?

Схаваць – немцы знойдуць, расстраляюць. Выкінуць у Вілію? Даведаюцца савецкія дыверсанты і таксама расстраляюць. Вырашылі адвезці мяшок назад у лес. Каб знаходку было лягчэй даставіць, палову правіянту пакінулі сабе.

Не паспелі патушыць лучыну і ўзяць груз у рукі, як у лазню ўварваліся ўзброеныя людзі ў зялёнай вопратцы. Яны па-руску спыталі, ці развязвалі браты мяшок. Пачуўшы, што не паспелі, ваенныя загадалі маўчаць і папярэ­дзілі, што праз нейкі час вернуцца. Пасля сышлі з лазні разам з мехам.

Неяк надвячоркам у дзверы пагрукалі. Калі зайшлі ў хату, Іван сярод начных гасцей пазнаў у адным мужчыну з лазні. Госці без нахабнасці папрасілі чаго-небудзь перакусіць ды апаласнуцца ў лазні. Гаспадар дазволіў. За вячэрай высветлілася, што госці – савецкія разведчыкі-дыверсанты. Мяшок з грузам належаў ім. Толькі атрымалася так, што браты раней за гаспадароў напаткалі знаходку. Дыверсанты заўважылі іх і прасачылі, куды павезлі мех. Пасля застолля і дамовы пра супрацоўніцтва госці сышлі.

Як загінула сям’я Мамаёў

Пасля Аляксандр пайшоў у партызанскі атрад імя Варашылава, Іван стаў сувязным гэтага атрада, а іх дом падпольным пунктам. Праз Івана перадавалі дадзеныя іншыя сувязныя, у тым ліку і Алеся Мамай, і яе нявестка Валянціна. Часам начныя госці прыходзілі да Івана, каб памыцца ў лазні і пакарыстацца рацыяй, якая захоўвалася пад падлогай. Рацыя і загубіла сям’ю Мамаёў. Выратавалася толькі родная Іванава сястра.

А прычынай гібелі сям’і стаў данос нейкага здрадніка і знойдзеныя немцамі батарэйкі ад рацыі, выкінутыя партызанамі ў лазневую печку. 29 лістапада 1942 года на Трапалава наляцелі немцы. Іван быў па справах у вёсцы Мамаі. А ўсе астатнія былі дома. Тады і заўважылі на пад’ездзе да вёскі немцаў на матацыклах і ўласаўцаў на падводах. Вяскоўцы пачалі разбягацца.

Мамаі загадалі жанчынам з дзецьмі і дзеду Кастусю ўцякаць з хаты праз падворак на Вілію. Каб затрымаць немцаў, Аляксандр схаваўся на падворку. А сястра Таццяна са стрыечным братам Уладзімірам рушылі да ставаў. Немцы заўважылі іх і пачалі даганяць. Але тыя ўцяклі, схаваўшыся ў трыснягу.

Уладзімір Мамай.

На наступны дзень Іван і Таццяна з Ула­дзімірам вярнуліся ў вёску. Ім стала вядома, што Аляксандр сустрэў немцаў аўтаматнымі чэргамі. Але нямецкі снайпер смяротна параніў Аляксандра, а карнік з чырвона-сіня-белай павязкай дастрэліў яго.

У лазні фашысты знайшлі Іванавых родных. Вывелі адтуль Зосю і Юлю, жонак Івана і Аляксандра. А дзеда Канстанціна з чатырма дзяўчынкамі-ўнучкамі спалілі разам з лазняй на вачах у матуль.

На папялішчы Іван знайшоў толькі чырвоныя пацеркі дачкі.

Пасля рускамоўныя карнікі ў нямецкай форме з чырвона-сіне-белымі шаўронамі арыштавалі сястру Уладзіміра, Ніну. І разам з Зосяй пагналі быццам бы на допыты ў Вілейскую турму. Але, як высветлілася, да турмы іх не давялі. Вясной 1943 на беразе Віліі знайшлі астанкі жанчын.

Пасля трагедыі Іван пабудаваў зямлянку ў лесе і жыў там. Перапраўляў партызан праз Вілію, перадаваў ім звесткі сувязных

У ліпені 1944 года, калі на Вілейшчыне і Смаргоншчыне ўжо не было немцаў, Іван спачатку падаўся да родных у Красніцу, пасля – у Трапалава да стрыечнага брата Уладзіміра. Мужчыны рушылі ў Вілейскі ваенкамат. 17 ліпеня 1944 года іх накіравалі ў 132 стралковы полк Другога Беларускага фронту стралкамі. Штурмавалі Кёнігсберг, фарсіравалі Одэр. Іван быў двойчы паранены, меў медаль «За перамогу над Германіяй», а Аляксандр узнагароджаны ордэнам «Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені», медалём «За адвагу». З вайны Іван вярнуўся восенню 1945 года, а Ула­дзімір, з ордэнам і без рукі, улетку.

З’явілася новая сям’я

Іван пасяліўся ў сваёй зямлянцы, працаваць пайшоў на ставы. Праз год на месцы спаленай фашыстамі бацькоўскай хаты паставіў зруб, распрацаваў зямлю.

Іван Мамай.

Нечакана жыццё змянілася. Неяк аднойчы Іван завітаў да каваля Анопа ў Алянец серп падладзіць. Кузня месцілася пры дарозе Смаргонь-Маладзечна. У кузні Іван сустрэў калісьці заможную сялянку Ніну Мейсак (Гісіч) з Алянецкіх хутароў. Мужа яе немцы закатавалі за сувязь з партызанамі. Жанчына гадавала траіх дзяцей адна. Прыйшла ў кузню прасіць дапамогі па гаспадарцы. Каваль параіў Івана. Не паспеў Іван з гаспадыняй ступіць на падворак, як насустрач з крыкам «татачка!» кінуўся Нінін сынок Ванька. Так і застаўся Мамай на гэтым падворку. Аддаў свой недабудаваны дом у Трапалаве сям’і сястры. Паспрабаваў адрадзіць Мейсакову гаспадарку, але 1949 год унёс свае змены.

Нініна 17-гектарная зямля з пабудовамі і інвентаром адышла пад калгас.

Іван пайшоў працаваць у Залессе на чыгунку, дзе адпрацаваў да пенсіі. Да траіх Нініных дзяцей дадаліся яшчэ трое сумесных. У 1957 годзе Ніна памерла ад туберкулёзу. Іван сам выгадаваў шасцёра добрых дзяцей. Памёр у 1996.

Нашчадкі Івана Канстанцінавіча і Ніны Іванаўны шануюць памяць сваіх родных. Калі малодшая ўнучка Кацярына хадзіла ў школу, напісала сачыненне пра трагічную гісторыю сваёй сям’і.

• Текст доступен на языке: Русский