Забяспечана Маладзечанскім РАУС.

У Маладзечне байцам наркакантролю стала вядома аб сямейным падрадзе, які арганізаваў незаконны продаж наркотыкаў.

У рукі мясцовых праваахоўнікаў трапіўся 38-гадовы маладзечанец пасля пакупкі чарговай дозы з доказамі злачынства. Пры затрыманні мужчына паспрабаваў пазбавіцца ад наркотыку, выкінуўшы на зямлю, і схавацца ўцёкамі, але яму гэта не ўдалося.

Пазней экспертыза пацвердзіла, што ў поліэтыленавым пакеце была парашкападобная сумесь, якая змяшчае каля 1 грама мефедрона. Як растлумачыў затрыманы, ён тавар за 160 рублёў набыў для сябе.

Тады пры сілавой падтрымцы байцоў АМАП УУС Мінаблвыканкама мясцовы наркакантроль наведаўся да меркаваных дылераў – 37-гадовага маладзечанца і яго 38-гадовай сужытніцы. Абодва раней былі судзімыя за незаконны абарот наркотыкаў і не так даўно вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі.

У кватэры ў пары аператыўнікі знайшлі каля пяці грама наркотыка, што з’яўляецца буйным памерам. А таксама прадметы, неабходныя для расфасоўкі псіхатропнага рэчыва і яго далейшага перапродажу.

Следчыя далі прававую ацэнку дзеянням фігурантаў. У дачыненні да прадаўцоў і іх кліента распачалі крымінальныя справы за незаконны абарот наркотыкаў.

Падчас далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў праваахоўнікі раскруцілі злачынны ланцужок і выйшлі на сталічных нарказбытчыкаў – яшчэ адну сямейную пару. Устанавілі, што рэчыва закуплялі з рук 39-гадовага мінчука і яго каханай. Вядома, што напярэдадні апошнія збылі маладзечанцам каля 15 грамаў мефедрона.

Па месцы жыхарства ў мінчан захоўваліся пакеты з рознымпарашкападобным рэчывам. У адным з іх, як паказала экспертыза, было каля 2 грамаў мефедрона, у іншых, як мяркуецца, альфа-ПВП, амфетамін і шакаладны мефедрон. Знойдзеныя рэчывы, а таксама шалі для расфасоўкі наркотыку аператыўнікі канфіскавалі.

Абодва жыхара сталіцы сталі фігурантамі крымінальнай справы за збыт наркатычных сродкаў. У біяграфіі мінчан ужо ёсць судзімасці за аналагічныя злачынствы. Мужчына займаўся нелегальнай справай, знаходзячыся пад следствам за незаконны абарот наркотыкаў.