Фота Настассі УТКІНАЙ.

Брытанскае даследаванне 1700 чалавек высветліла, што ў 88% людзей у крыві ўсё яшчэ ёсць антыцелы для барацьбы з кавідам праз 6 месяцаў пасля заражэння.

Гэтае даследаванне таксама дало больш звестак наконт верагодных сімптомаў у інфікаваных. 26% мелі кашаль, 28% — моцна тэмпературылі, а 43% сцвярджаюць, што не адчувалі смаку або пахаў. У 40% не было ніводнага з гэтых сімптомаў, а 20% увогуле не мелі ніякіх прыкметаў інфекцыі, піша BBC.

Брытанскі Біябанк — гэта база звестак разнастайных аналізаў, добраахвотна прадастаўленымі людзьмі, каб дапамагчы глабальным медыцынскім даследаванням. Каля 20 000 чалавек здавалі ўзоры крыві ў Біябанк штомесяц з 27 мая да 4 снежня 2020 года. На працягу гэтага перыяду 1699 з іх давалі станоўчы вынік на антыцелы супраць кавіду, што сведчыць пра перанесеную інфекцыю.

Большасць з іх паказалі станоўчы вынік ужо ў першы месяц даследавання, што кажа пра заражэнне яшчэ падчас першай хвалі. Пры канцы даследавання, праз шэсць месяцаў, 88% людзей усё так жа мелі антыцелы. І цалкам магчыма, па меркаванні даследчыкаў, што астатнія 12%, чые тэсты на антыцелы прайшлі ад станоўчага да адмоўнага выніку за шэсць месяцаў, усё роўна захавалі пэўную абарону ад кавіду, хоць колькасць антыцелаў апусцілася ніжэй за парог.

Галоўны навуковы супрацоўнік брытанскага Біябанка Наомі Ален сцвярджае: «Хоць мы і не можам быць дакладна ўпэўненымі, як наяўнасць антыцел суадносіцца з імунітэтам, вынікі даследавання паказваюць, што людзі, у сваёй большасці, абароненыя ад наступнай інфекцыі прынамсі на працягу шасці месяцаў пасля заражэння».

• Текст доступен на языке: Русский