Вадзім Гурман у судзе.

5 лютага працягнулася пасяджэнне па крымінальнай справе Вадзіма Гурмана. У судзе прайшлі спрэчкі бакоў, абвінавачваемы выступіў з апошнім словам.

Першае пасяджэнне: «Давайце іх вешаць». У Маладзечне адбыўся першы суд па крымінальнай справе за 9 жніўня

Другое пасяджэнне: «Весела яму было, не так як зараз». Сведкі з міліцыі далі паказанні

Трэцяе пасяджэнне: «Пагражаў фізічнай расправай». Міліцыянеры працягваюць сведчыць па справе Гурмана

Чацвёртае пасяджэнне: «Пагражалі згвалтаваць». Вадзім Гурман даў паказанні ў судзе

Пятае пасяджэнне: У судзе над Гурманам глядзелі відэа з нагруднай камеры міліцыянера і аператыўную здымку

Шостае пасяджэнне: «Было страшна». Яшчэ адзін міліцыянер заявіў позву Гурману аб кампенсацыі маральнай шкоды

Спрэчкі бакоў

Дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Габруковіч упэўнены, што віна Гурмана даказаная па двух артыкулах: частка 1 артыкула 342 і артыкул 364 Крымінальнага кодэкса. Сваімі выхадамі перад счэпкай людзей маладзечанец у алкагольным ап’яненні падбухторваў натоўп да актыўных дзеянняў і пагражаў забойствам супрацоўнікам Маладзечанскага РАУС. Габруковіч лічыць, што позвы пацярпелых аб кампенсацыі маральнай шкоды трэба задаволіць: Вадзіму Лазару, Дзмітрыю Смаленскаму, Паўлу Сіняўскаму – 500 рублеў, Аляксандру Цярэньцьеву – 1000 рублёў.

Дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для Гурмана 3 гады і 6 месяцаў у выпраўленчай калоніі агульнага рэжыму. Усе пацярпелыя падтрымалі дзяржаўнага абвінаваўцу.

Адвакат Алена Літвіновіч заявіла, што крымінальная справа Гурмана палітызаваная. Па словах абаронцы, абвінавачванне недакладнае, а віна Гурмана недаказаная па абодвух артыкулах. Літвіновіч сказала, што лозунгі, якія выкрыкваў абвінавачваемы, – «Жыве Беларусь!», «Міліцыя з народам!» – не злачынныя. Абаронца заўважыла, што меркаваны матыў па артыкуле 364 – помста за прафесійную дзейнасць – не пацвердзіўся падчас судовага разбору.

– Трэба быць усё-ткі сумленнымі: пацярпелыя баяліся Гурмана ці баяліся натоўпу людзей? Асноўныя доказы па артыкуле 364 – паказанні пацярпелых і сведак, і ўсе яны супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС, – падкрэсліла Літвіновіч.

Літвіновіч паказала суддзі, абвінаваўцы, пацярпелым і ўсім прысутным у зале пасяджэння, як адрозніваюцца пратаколы допыту пацярпелых і сведак, якія давалі падчас следства. Адвакат вылучыла ў тэксце зялёным колерам супадзенні і жоўтым колерам – адрозненні. У пратаколах допыту пацярпелых і сведак было толькі некалькі адрозненняў, амаль увесь тэкст быў зялёнага колеру. Па словах абаронцы, адрозніваюцца толькі моманты, дзе пацярпелыя называюць імёны, хто стаяў побач з імі ў шарэнзе. У тэкстах аднолькавыя граматычныя памылкі і абдрукоўкі. Адвакат хадайнічала, каб паказанні прызналі несапраўднымі і назвала іх сфальсіфікаванымі.

Апошняе слова

Вадзім Гурман выступіў у судзе з апошнім словам. Гурман выбачаўся перад суддзёй, што крыху перанерваваўся, калі пачуў, які тэрмін запатрабаваў дзяржаўны абвінаваўца. «Рэгіянальная газета» публікуе поўнае апошняе слова Вадзіма Гурмана:

– Прашу прыняць той факт, што я не хаваўся на плошчы за маскай. Я не хаваў свой твар.  Калі пачалося следства, цалкам прызнаў віну па артыкуле 342. Я не спрабаваў схавацца ад следства і ў мяне не было адваката. Абаронца ў мяне з’явіўся, калі мне прад’явілі абвінавачванне па артыкуле 364.

У абвінавачванні кажацца, што я ўсё здзейсніў з помсты. Якая была помста, калі я раней іх не ведаў? Раней я быў судзімы, адбываў пакаранне ў калоніі для непаўнагадовых, пасля мяне перавялі ў дарослую калонію. За свае невялікае жыццё бачыў многіх супрацоўнікаў, нават тых, хто мяне прыцягваў да крымінальнай адказнасці. Напрыклад, Прастакова, з якой я сутыкаўся пасля вызвалення.

Я быў сведкам па справе збіцця супрацоўніка Следчага камітэтА, якога я сваімі рукамі даставаў і выцягваў, ведаючы, што ён супрацоўнік.

Якая магла бы быць помста, калі помсціць мне няма за што? Побач з супрацоўнікамі стаялі мой аднакласнік і мой калега, з якім я ў дзяцінстве займаўся спортам. Тут прысутнічаюць мая маці і бацька, якія ведаюць бацькоў Сямёна Курца. Мы ўсё жыццё сябравалі, і пагражаць яго сям’і мне не трэба.

Прашу Высокі суд улічыць, што ў мяне хутка нарадзіцца два дзіцяці. Я павінны як бацька быць побач з імі, выхоўваць іх, гадаваць і дарыць сваю любоў. Мне вельмі складана аб гэтым казаць.

Я бачу практыку, знаходзячыся два месяцы ў турме ў Жодзіне, як людзі прыязджаюць і якія тэрміны ім даюць, улічваючы прызнаюць ці не прызнаюць сваю віну. Я б радасцю прызнаў віну па артыкуле 364, ведаю, што гэта змягчыла б пакаранне. Я не хачу атрымаюць вялікі прысуд. Я быў без маскі, проста стаяў, не адмаўляюся, што там быў. Высокі суд, прашу аднесціся да мяне паблажліва і не караць строга.

Гурман звярнуўся да пацярпелых:

– Напэўна, зраблю няправільна, але працытую сваю фразу, якую сказаў тады на плошчы Леніна. У вас ёсць сем’і, як вы ў далейшым будзеце глядзець ім у вочы, калі збівалі людзей? Я паўтаруся: як вы сёння вечарам, кожны з вас, супрацоўнік МУС, прыйдзеце да сваіх сем’яў? Ладна жонка, але дзіця запытаецца: «Тата, што ты зрабіў сёння на працы?» А вы адкажыце сумленна і праўду, што сёння вы пасадзілі невінаватага чалавека і разбурылі яго сям’ю? Думаю, не адзін з вас не адкажа праўду.

Гурман звярнуўся да бацькоў і сваёй дзяўчыны. Ён сказаў, што яго наўрад ці выпусцяць з залі судовага пасяджэння.

Прысуд Вадзіму Гурману вынесуць 8 лютага.

• Текст доступен на языке: Русский