У Маладзечне. Фота Настассі Уткінай.

Пра тое, як дзейнічаць у выпадках, калі вас выклікаюць у міліцыю або Следчы камітэт, раіць праваабаронца Алег Мацкевіч.

Што рабіць, калі вас затрымалі. Праваабаронца дзеліцца юрыдычнымі парадамі

Што рабіць, калі затрымалі вашага блізкага

1) У якіх выпадках можна адмовіцца ад сустрэчы?

Толькі ў тым выпадку, калі вас выклікаюць не ў адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным, працэсуальна-выканаўчым аб адміністрацыйных правапарушэннях, або іншым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Бо запрашэнні могуць мець розныя прычыны і, адпаведна, рознае юрыдычнае абгрунтаванне.

Зразумець, ці маеце вы права адмовіцца ад прапанаванай сустрэчы, не складана. Калі вас выклікаюць «паперай», гэта значыць нейкім афіцыйным дакументам, то яна павінна мець адмысловыя рэквізіты і адпавядаць шэрагу патрабаванняў. Калі ж вас выклікаюць вусна, напрыклад, па тэлефоне, варта падрабязна спытацца, у адпаведнасці з якім законам трэба з’явіцца на размову да супрацоўніка міліцыі або да іншых прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, у сувязі з чым выклікаюць, у якасці каго вы будзеце прысутнічаць, аб часе, месцы.

Ніякіх негатыўных наступстваў не можа быць толькі ў выпадку, калі вам прапаноўваюць з’явіцца для «размовы за кубачкам гарбаты», пры гэтым не спасылаючыся на нейкія законныя падставы для правядзення сустрэчы. У такім выпадку можна проста спаслацца на адсутнасць жадання (часу, фізічных магчымасцяў і іншых) і прапанаваць даслаць афіцыйны дакумент, які б адпавядаў патрабаванням закону.

2) Што павінна змяшчаць павестка (або SMS-паведамленне)?

У адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным, працэсуальна-выканаўчым аб адміністрацыйных правапарушэннях заканадаўствамі Рэспублікі Беларусь павестка павінна ўтрымліваць наступныя звесткі: хто і ў якой якасці выклікаецца, да каго і па якім адрасе, час яўкі, наступствы няяўкі без уважлівых прычын.

Тэлефанаграмай, або з выкарыстаннем іншых сродкаў сувязі, у тым ліку SMS,  могуць выклікаць асоб, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе. Калі ж выклік адбываецца ў межах крымінальнага працэсу, крымінальна-працэсуальны кодэкс дазваляе толькі адзін спосаб – павесткай.

3) Якая адказнасць, калі грамадзянін не з’явіцца па павестцы?

У выпадку няяўкі па выкліку без уважлівай прычыны грамадзянін можа быць падвергнуты прыводу. Гэта робіцца па пастанове суддзі, органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, органа дазнання, следчага, пракурора, дзяржаўнага абвінаваўцы. Таму калі вы не можаце з’явіцца па павестцы па нейкіх уважлівых прычынах – хвароба, форс-мажорныя абставіны, якія робяць гэта немагчымым), трэба паведаміць пра іх службовую асобу, якая вас выклікала.

У выпадку ўхілення ад яўкі ў суд для грамадзяніна можа наступіць адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання, штрафу, або адміністрацыйнага арышту.

4) У якіх выпадках вы можаце патрабаваць прысутнасці адваката?

Часам на просьбу аб адвакацкай дапамозе вам могуць адказаць, што яна не прадугледжаная. Такое магчыма, напрыклад, калі вы з’яўляецеся сведкай па крымінальнай справе, або ўдзельнікам адміністрацыйнага працэсу. Але гэта не так.

Трэба разумець, што адвакацкая дапамога можа быць як «па прызначэнні», яшчэ такіх адвакатаў называюць «дзяржаўнымі», так і ў адпаведнасці з заключаным пагадненнем з канкрэтным адвакатам. Адваката па прызначэнні ў абавязковым парадку даюць падазраваным або абвінавачаным па крымінальнай справе.

Ва ўсіх астатніх выпадках грамадзянін можа патрабаваць прысутнасці адваката, з якім у яго ўжо заключаная дамова, або з якім жадае заключыць дамову на аказанне юрыдычнай дапамогі «тут і зараз». Для гэтага трэба спаслацца на норму артыкула 62 Канстытуцыі: «Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў. Супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.»

5) Якія практычныя парады, як паводзіць сябе падчас апытання?

Найлепшыя паводзіны падчас камунікацыі з прадстаўнікамі сілавых структур гэта – прыязнасць і спакой. Нават калі вы моцна раздражнёныя і раззлаваныя, пастарайцеся ўзяць сябе ў рукі, не выказваць негатыўных эмоцый, нікога не абражаць.

Калі вырашылі абысціся без дапамогі адваката, будзьце пільнымі і асцярожнымі. Сведка або пацярпелы мае права не сведчыць супраць сябе, сваіх родных і блізкіх. Што тычыцца іншага, то адмова або ўхіленне ад давання паказанняў могуць пацягнуць наступствы ў выглядзе крымінальнай адказнасці.

Варта выдаваць толькі тую інфармацыю, якую пытаецца ў вас следчы, не гаварыць лішняга, уважліва знаёміцца з працэсуальнымі дакументамі, своечасова выпраўляць недакладнасці ў іх, рабіць свае заўвагі, пры неабходнасці – скардзіцца на супрацьпраўныя дзеянні сілавікоў.

6) У якасці каго могуць выклікаць і для якой працэсуальнай працэдуры?

У межах крымінальнага працэсу допыт можа праводзіцца толькі ў адносінах да пэўнай катэгорыі асоб, якія не маюць адмысловых службовых абавязкаў: сведак, пацярпелых, падазраваных, абвінавачаных.

У адносінах да асоб, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе (сведкі, пацярпелыя, асобы, датычна якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, іншыя) праводзіцца апытанне. У адносінах да названых асоб могуць ажыццяўляць і іншыя працэсуальныя дзеянні, прадугледжаныя крымінальна-працэсуальным, працэсуальна-выканаўчым аб адміністрацыйных правапарушэннях заканадаўствамі.

7) Што рабіць, калі ў пратакол напісалі тое, што вы не казалі?

Калі ў пратакол допыту або апытання напісалі тое, аб чым вы не казалі, трэба звяртаць на гэта ўвагу службовай асобы, якая праводзіла працэсуальнае дзеянне. У выпадку, калі вам адмаўляюць у выпраўленні паказанняў, трэба настойваць на гэтым.

Пасля прачытання пратаколу допыту або апытання, асоба, у дачыненні да якой рабілі працэсуальнае дзеянне, павінна яго падпісаць. Гэтым можна скарыстацца для таго, каб сваёй рукой выправіць недакладныя звесткі, або ў канцы дакумента дапісаць тое, з чым канкрэтна вы не згодныя і як былі парушаныя вашы правы.

8.) Што рабіць у выпадках, калі вам кажуць: падпішы пратакол – і адпусцім дадому?

Калі пратакол працэсуальнага дзеяння складзены належным чынам і не выклікае ў вас ніякіх пярэчанняў, можна смела яго падпісваць і ісці дадому. Факт непадпісання не цягне значных юрыдычных наступстваў для грамадзяніна і не можа сведчыць аб яго невінаватасці. Калі ж да пратакола ёсць заўвагі – глядзі пункт 7.

9.) Якія правы падчас апытанняў найчасцей парушаюць?

Пратакол допыту або апытання можа ўтрымліваць недакладныя звесткі, памылкі, што можа паўплываць адмоўным чынам на вынік справы. Грамадзяніну, які прыцягваецца да адказнасці, могуць не патлумачыць яго правы і абавязкі. Могуць беспадстаўна адмовіць у прапанове адвакацкай дапамогі.

Апытанне можа праводзіцца не ў межах крымінальнага або адміністрацыйнага працэсуальнага права, але пры гэтым чалавека могуць прымушаць адказваць на пытанні, што супрацьзаконна.