Фота stereo-news.com.

2 лютага ў міліцыю Вілейкі звярнуўся мясцовы жыхар і паведаміў, што невядомы падмануў яго і скраў з карткі 9090 рублёў.

Падчас разбіральніцтва ўстанавілі, што 2 лютага, у абед, пацярпеламу патэлефанавалі па вайберы ад карыстальніка з імем «Банк». Невядомы сказаў, што ён работнік банка і завуць яго Аляксей. Махляр паведаміў, што зафіксавалі незаконную спрабу скрасці грошы з карткі вілейчука. Спытаў, ці рабіў нейкія яперацыі па картцы пацярпелы.

– Атрымаўшы адмоўны адказ, махляр прапанаваў перавесці грошы з карткі на бяспечны рахунак, каб захаваць іх, і прадыктаваў дадзеныя гэтага рахунку ў іншым банку, – расказвае намеснік начальніка Вілейскага РАУС Мікалай Мягкоў.

Віляйчук паверыў махляру і праз інтэрнэт-банкінг перавёў грошы на прадыктаваны рахунак. Пасля таго, як размова скончылася, 9090 вілейчуку не вярнуліся.

– Хочацца ў чарговы раз звярнуцца да грамадзян. Глядзіце ўважліва, з якога нумара вам тэлефануюць. У дадзеным выпадку ў вілейчука на тэлефон з’явіўся надпіс «Банк», але званкі паступалі з польскага нумара, – адзначыў Мікалай Мягкоў.