Зоя Анатольеўна Кіпель скончыла Ільянскую школу сорак год таму.

З-за пандэміі традыцыйныя вечары сустрэчы ў школах Вілейшчыны адмянілі. Замест іх ладзяць дні адчыненых дзвярэй. Запрасілі толькі юбілейныя выпускі. У Ільянскай школе імя Грымаця сваіх выпускнікоў чакалі ад 9.00.

Фотаздымак са школьнага альбома.

Зладзілі тэматычныя выставы, падрыхтавалі экскурсаводаў у школьных народных музеях, тут жа па кожным юбілейным выпуску сабралі папку з фотаздымкамі.

Аднак 6 лютага ў школе было нешматлюдна. Пакуль прысутнічаў, карэспандэнт сустрэў толькі адну юбілейную выпускніцу – 40 год таму Ільянскую школу скончыла Зоя Анатольеўна Кіпель. А праз пэўны час у родную школу яна вярнулася настаўніцай хіміі.

– Наш выпуск заўжды збіраўся, а сёлета вырашылі перанесці сустрэчу на лета, сустрэцца на прыродзе. Я падтрымліваю такое рашэнне, – дзеліцца Зоя Анатольеўна.

Гартаючы ў школьным народным музеі «Ільянскія далягляды» папку з лічбай «1981», прыгадвае аднакласнікаў, адзначае, якія ўсе маладыя і якія раней вялікія былі класы. Да таго ж па два, а раней – і па тры на паралелі. Класнымі кіраўнікамі былі Валянціна Уладзіміраўна Шыла і Мікалай Іосіфавіч Камінскі.

Не забылі ў школе і ўсіх класных кіраўнікоў юбілейных выпускаў. Ад раніцы вучні 11 класа і іх класны кіраўнік Таццяна Юр’еўна Владыка аднеслі настаўнікам дамоў Лісты падзякі ад галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.

– Мы не чакалі масавасці. Разумеем: нехта хварэе, нехта асцерагаецца, нехта заходзіў на мінулым тыдні. Сваіх выпускнікоў мы рады бачыць у любы час, – падзяліўся дырэктар школы Ігар Юшко.

Экспанаты са школьнага музея.
Дарога ў школу.

А яшчэ ўсе юбілейныя выпускі і іх класных кіраўнікоў школа адзначыла ў відэароліку, які размясцілі на сайце:

Відэа падрыхтаванае настаўнікамі Ільянскай школы імя Грымаця.

• Текст доступен на языке: Русский