Мечыслаў Карловіч. Фота з архіва Studia-Movia Centrum.

8 лютага ў 1909 годзе падчас раптоўнага сыходу снежнай лавіны ў гарах Татрах загінуў ураджэнец вёскі Вішнева, што на Смаргоншчыне, дырыжор і кампазітар, фатограф, альпініст Мечыслаў Карловіч.

Будучы музыкант нарадзіўся ў 1876 годзе. Вішнева ў той час належала яго бацькам. Быў сынам Ірэны Сулістроўскай і Яна Аляксандра Карловіча – выбітнага этнолага і мовазнаўцы. На радзіме пражыў шэсць гадоў ад нараджэння. Тут гадаваўся сярод аранжэрэй, садоў і кветнікаў. У 1882 годзе Карловічы прадалі маёнтак і пераехалі спачатку ў Гайдэльберг, потым у Прагу і Дрэздэн, а ў 1887 пасяліліся ў Варшаве.

Мечыслаў з дзяцінства выхоўваўся ў музычнай атмасферы, з сямі гадоў навучаўся ігры на скрыпцы. Падчас побыту ў Празе і Дрэздэне пазнаёміўся з сімфанічнай музыкай і операй. У Варшаве ён працягваў навучацца музыцы, а таксама паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт (натуральныя навукі), а потым вывучаў філасофію ў Берліне. Ужо падчас навучання пачаў пісаць музыку.

Таксама займаўся музычнай публіцыстыкай. Па вяртанні ў Варшаву ў 1901 закончыў універсітэт. У 1903 у рамках Варшаўскага музычнага таварыства заснаваў скрыпкавы аркестр.

Вядомасць атрымаў дзякуючы сваім сімфанічным кампазіцыям, паведамляе Вікіпедыя. Часам Карловіча называюць бацькам польскага сімфанізму.

Даследчыкі адзначаюць, што першымі музычнымі ўражаннямі музыканта сталі народныя песні,я кія ў дзяцінстве на Смаргоншчыне спявала яму маці.

Дарэчы, у аснову найбуйнейшага сімфанічнага твора Мечыслава Карловіча «Літоўская рапсодыя» ляглі беларускія народныя песні, якія ен запісаў у Вішневе.

Вялікім сябрам сям’і Карловічаў быў класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч.