У міліцыю звярнуўся 21-гадовы жыхар Маладзечна, у якога, па яго словах, падманным шляхам невядомыя выманілі грошы.

У сацыяльнай сетцы малады чалавек знайшоў аб’яву аб падпрацоўцы. Фірма прапаноўвала добрыя ўмовы для ўсіх ахвотных – аплата штодзённая, пол не важны. Калі хлопец адгукнуўся на вакансію, з ім ўступілі ў перапіску ад імя працадаўцы – нейкага долевага фонду – і прапанавалі звязацца і іх прадстаўніком у Маладзечне. Прынцып працы быў простым: выводзіш грошы з фонду – атрымліваеш прыбытак.

Таксама прадстаўнік распавёў, што для ўдзелу ў фондзе неабходна аплаціць паслугу ў памеры 1% ад выводнай сумы. На той момант, па словах суразмоўніцы, даступныя для вываду былі тры з паловай тысячы рублёў. Тады, згодна з патрабаванням, маладзечанец перавёў на банкаўскі рахунак невядомай фірмы 35 рублёў. Як толькі грошы з’явіліся на рахунку, даступная сума для вываду адразу ўзрасла – да 8 тысяч – і маладому чалавеку неабходна было адправіць на карт-рахунак яшчэ 45 рублёў.

Прыбытак, які нібыта зарабіў хлопец, склаў 1650 рублёў. Аднак атрымаць грошы на рукі магчыма было толькі пасля рэгістрацыі і таксама платнай – неабходна было перавесці яшчэ 70 рублёў. Тады заяўнік стаў разумець, што гэта банальны «развод на грошы», і звярнуўся ў праваахоўныя органы.

У ходзе аператыўна-вышукавых мерапрыемстваў сышчыкі выйшлі на дзяўчыну, ад імя якой вялася перапіска ў сацсетках. Ёй была жыхарка Барысава, якая год таму ў пошуку аддаленай працы сама трапілася на такіх махляроў. Праўда, акрамя грошай, зламыснікі завалодалі фатаграфіяй пашпарта і да гэтага часу выкарыстоўваюць яе на фэйкавых старонках.

Па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 209 КК Рэспублікі Беларусь «Махлярства».

Міліцыя ў чарговы раз просіць грамадзян быць пільнымі пры зносінах з незнаёмымі ў сетцы, не раскрываць сумніўным асобам свае дадзеныя (пашпарт, фатаграфіі, нумары тэлефонаў і банкаўскіх карт).