Следчае ўпраўленне Следчага камітэту па Гродзенскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы аб забойстве з асаблівай жорсткасцю 48-гадовага жыхара вёскі Вялікая Мыса Смаргонскага раёна, паведамляе прэс-служба структуры.

Па дадзеных следства, увечары 24 кастрычніка 2020 года мясцовы жыхар піў у кампаніі знаёмых. Здарыўся канфлікт, і 18-гадовы хлопец пачаў збіваць мужчыну, а затым пакінуў яго на ўзбочыне дарогі і пайшоў піць далей. Труп мужчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці знайшла суседка на наступны дзень.

На целе мужчыны экспертызай зафіксаваныя шматлікія пашкоджанні: пераломы, драпіны і сінякі, якія ўтварыліся ад удараў перад смерцю.

Дзеянні 18-гадовага абвінавачваемага кваліфікуюць па частцы 2 артыкула 139 (Забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю). Цяпер ён знаходзіцца пад вартай.

Расследаванне справы завершанае, матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.