У Варшаве – снегапады, ад гэтага ўскладнены рух. Адзін з аўтобусаў забуксаваў. У гэты момант здымачная група тэлеканала TVN24 падышла да пасажыраў аўтобуса для інтэрв’ю.
Пагутарыўшы з жанчынай, вядучы заўважыў, што нейкі мужчына ў адзіночку штурхае аўтобус. Аўтобус не мог працягнуць рух на вузкай вуліцы, ззаду яго сабраўся затор. На відэа бачна, як да аўтобуса падыходзіць мужчына і моўчкі пачынае яго штурхаць.
– Бачу, адзін чалавек спрабуе штурхаць гэты аўтобус, як на плакатах з 1980-х, – кажа вядучы і падыходзіць да мужчыны.
Вядучы пачынае дапамагаць штурхаць аўтобус, але пры гэтым спрабуе завязаць размову.
– Штурхнуць можна легкавы аўтамабіль, але з аўтобусам … нават не ведаю, – сказаў вядучы. – А вы спяшаецеся дадому?
– Я не мувлю па-польску, – адказаў мужчына.
– Адкуль вы?
– З Беларусі. Давай разам. Можа, папросіш хлопцаў з аўтамабіляў, каб дапамаглі?
– Не, напэўна занадта вялікі аўтобус.
– Але там усё роўна затор. У Расіі штурхалі самалёт.
– У Беларусі часта захрасаюць аўтобусы? Нічога сабе, мы яго штурхнулі!
Падчас гэтых слоў аўтобус сапраўды ўдалося зрушыць, Ён паехаў наперад
– Усё, дзякуй, да пабачэння, – сказаў беларус.
– Дзякуй, да пабачэння, але гэта незвычайна, вы трэніруецеся?
– Я не разумею.
– Трэніроўка была?
– Усяго найлепшага, да пабачэння.
Пасля гэтага мужчына пайшоў.