Фота wallpaperscraft.ru.

У Вілейцы сёлета ўвядуць у эксплуатацыю жылы дом на 80 кватэр і пачнуць будаваць яшчэ адзін, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на дырэктара упраўлення капітальнага будаўніцтва Вілейскага раёна Сяргея Міхаліка.

– Будаўніцтва шматкватэрнага дома па вуліцы Гарадзішчанскай завяршаецца. Аб’ект увядуць у эксплуатацыю ў гэтым годзе. Новая пабудова ўключае сорак аднапакаёвых і сорак двухпакаёвых кватэр, якія будуць выкарыстоўваць як сацыяльнае і арэнднае жыллё. Таксама там паселяцца людзі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, па ўказу №240, – распавёў Сяргей Міхалік.

Таксама ў Вілейцы сёлета пачнуць будаваць дом на 50 кватэр. Цяпер вядуць праектна-пошукавыя работы.

У 2020 годзе ў Вілейцы для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў ўвялі ў эксплуатацыю два 40-кватэрныя жылыя дамы, у тым ліку 17 кватэр арэнднага жылля.

Даведка

Указ № 240 уступіў у сілу ад 7 жніўня 2017 года. Ён рэгламентуе выдачу адрасных субсідый тым, хто стаіць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў, але не ўсім.

Субсідыі на пагашэнне працэнтаў па крэдыту, згодна з дакументам, выдаюцца:

  • Льготнай катэгорыі грамадзян, пералічаных ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2012 года № 13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў».
  • Дзеючым пракурорскім работнікам і ўжо звольненым з-за ўзросту, стану здароўя, а таксама з-за скарачэння колькасці або штату супрацоўнікаў (у сувязі з правядзеннем арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў). Важнае значэнне тут мае выслуга гадоў у органах пракуратуры – не менш за пяць каляндарных.
  • Малазабяспечаным грамадзянам, якія будуюць або рэканструююць жыллё ў Магілёўскай вобласці.

На пагашэнне асноўнага доўга і частку працэнтаў субсідыі выдаюцца:

  • Шматдзетным сем’ям з трыма і больш непаўналетнімі дзецьмі.
  • Маладым малазабяспечаным сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) першага і (або) другога дзіцяці.
  • Дзецям-сіротам і тым, хто застаўся без апекі бацькоў;
  • Наймальнікам сацыяльнага жылля, якое ім далі як дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. Субсідыя можа быць выдзелена, пакуль дзейнічае тэрміновы дагавор найму такога жылога памяшкання.

• Текст доступен на языке: Русский