10 жніўня ў Маладзечне. Фота Настассі Уткінай.

9 лютага спаўняецца паўгода беларускім пратэстам пасля выбараў. Мы пагутарылі з маладзечанцам, якога затрымалі ў жніўні падчас пратэсных акцый.

Увечары 9 жніўня маладзечанец Андрэй Дыко прыйшоў на Цэнтральную плошчу. Яго затрымалі на наступны дзень, 10 жніўня. Ён расказаў «Рэгіянальнай газеце», што адбывалася ў тыя дні.

Тыдзень таму Андрэю Дыко споўніўся 21 год, ён – хакейны фанат. 9 жніўня Андрэй мэтанакіравана прыйшоў на маладзечанскую плошчу вечарам пасля прэзідэнцкіх выбараў. Ён падзяліўся, што ніколі не мог уявіць, што ўлады пойдуць на сілавое падаўленне мірнага пратэсту.

Андрэй кажа, што ведаў, што адбывалася ў краіне ў той вечар. Яшчэ 9 жніўня ён вяртаўся з Брэста ў Маладзечна, і па ўсёй трасе стаялі пасты супрацоўнікаў міліцыі. Яны выбарачна спынялі машыны і правяралі дакументы. За інфармацыяй маладзечанец сачыў у тэлеграм-каналах і, прызнаецца, што ў той дзень ганарыўся за народ.

– Дагэтуль перад вачыма эпізод, калі насупраць прыпынку “Палац культуры” супрацоўнікі АМАПа «агрэлі» маладога хлопца дубінкамі з двух бакоў па корпусе. І ён адразу ж рухнуў на зямлю, а яны яго ўзялі пад рукі, закінулі ў бус і з’ехалі.

Андрэя затрымалі наступным вечарам каля 18 гадзін. Маладзечанец успамінае, што на плошчы было няшмат людзей, але многа супрацоўнікаў міліцыі і вайскоўцаў.

– Я сядзеў на лаўцы са сваім сябрам. Да нас падышоў супрацоўнік міліцыі, два вайскоўцы з сабакам. Мы былі знаёмыя з супрацоўнікам нашага РАУС, і той прапанаваў нам праехаць у аддзяленне для правядзенне прафгутаркі.

Дыко ўспамінае, што быў у шоку, калі машына заехала ва ўнутраны дворык РАУС. Па яго словах, на зямлі ўздоўж гаражоў ляжалі людзі тварамі ў асфальт, а над імі стаялі супрацоўнікі міліцыі і АМАПа.

– Ляжалі чалавек 30, можа, і больш. Калі нехта з людзей паварочваў галаву, то яго адразу білі дубінкай. Тых, каго толькі прывезлі, адводзілі ў нейкі бокс, там бралі тэст на алкаголь. Потым іх вярталі да ўсіх астатніх затрыманых.

Андрэй кажа, што быў моцна шакаваны тым, што адбывалася ў міліцэйскім дворыку.

– Трымаўся я добра, таму што быў на 100% упэўнены, што закон не парушаю, а ў горад выйшаў выказаць сваё меркаванне. Краіна ў нас, як вядома, свабодная, таму рабіць гэта не забаронена.

Хлопец адзначыў, што супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС вялі сябе карэктна, а вось АМАПаўцы – не.

Андрэя разам з сябрам паставілі тварамі да гаража, але не «скручвалі». На яго меркаванне, з імі так паступілі толькі таму што прывезлі на прафілактычную гутарку. Праз некалькі гадзін хлопцаў адвялі ў дзяжурную часць, каб там дачакацца начальніка Маладзечанскага РАУС Вадзіма Прыгару. Праз некаторы час сябра Андрэя паклікалі ў кабінет, дзе паказалі відэазапіс, на якім яны стаялі разам у першым ланцугу 9 жніўня.

– Назад яго ўжо не выпусцілі. Яго затрымалі без тлумачэння прычын, а на наступны дзень асудзілі на 14 сутак, ён сядзеў у маладзечанскім ізалятары.

Андрэя адпусцілі дадому. Па яго словах, ён паабяцаў начальніку РАУС, што на пратэсных акцыях больш не з’явіцца. Вадзім Прыгара запытаўся ў Андрэя, што ён рабіў на плошчы два дні запар, а пасля сказаў, каб ён больш не трапляў яму на вочы, і адпусціў.