Алесь Капуцкі (злева) ў дзень затрымання. Фота Настассі Уткінай.

Паўгода таму, у першыя дні пратэсту, 10 жніўня мінулага года, на Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне затрымалі маладзечанца, праваабаронцу Алеся Капуцкага.

Вось як Алесь прыгадвае сваё затрыманне:

–  Як праваабаронца я павінны маніторыць масавыя мерапрыемствы. Пачаў маніторынг яшчэ 9 жніўня. А 10 жніўня да мяне дайшлі звесткі, што будзе зноў збор на плошчы. Мы з маім калегам-праваабаронцам Эдуардам Баланчуком апранулі камізэлькі з надпісам «Назіральнік», павесілі афіцыйныя бэйджы «Беларускага Хельсінскага Камітэта» і рушылі да плошчы. Тут ужо стаялі пратэстоўцы і сілавікі. Людзі паводзілі сябе мірна, адны ўшчувалі сілавікоў, некаторыя стаялі перад імі на каленях, паказваючы свой мірны характар. Ніякай агрэсіі з боку людзей не назіралася.

Па словах Алеся, у функцыі праваабаронцаў уваходзіць фіксацыя неадэкватных паводзін як з аднаго, так і з другога боку. Таму калі сілавікі сталі насоўвацца на людзей, Капуцкі з калегам пачалі весці фота- і відэафіксацыю.

– Калі я апынуўся з тылу сілавікоў, чалавек у белай кашулі паказаў на мяне рукой і мяне затрымалі. Ведаючы з досведу мінскіх калег, што назіральнікаў на масавых мерапрыемствах не затрымліваюць, я ўспрыняў гэта як непаразуменне, але не стаў нічога даказваць і падпарадкаваўся. Тыя, хто затрымліваў, не прадставіліся, а заламалі рукі і павялі да спецтранспарту, – працягвае Алесь.

Яго разам з некалькімі затрыманымі прывезлі ў двор Маладзечанскага РАУС, дзе на асфальце ляжалі людзі. Затрыманых вывелі, паставілі рукамі да сценкі, сталі абшукваць і па аднаму адводзіць.

–  Пакуль я так стаяў, да мяне падбег хтосьці з супрацоўнікаў міліцыі, з сілай сарваў маю блакітную камізэльку і кінуў на зямлю, сказаўшы штосьці кшталту: «Назіральнік? Мы яшчэ разбяромся…»

Мяне адвялі і паклалі тварам на асфальт, рукі зафіксавалі ззаду будаўнічай сцяжкай. Перыядычна прывозілі новых затрыманых, многія з каторых ужо былі збітыя. Паступова двор запоўніўся ляжачымі на асфальце людзьмі. Мясцовыя міліцыянеры паводзілі сябе строга, але па-чалавечы. Калі ў людзей сталі зацякаць пераціснутыя кайданкамі або сцяжкамі рукі, яны адгукаліся на просьбу аслабіць або памяняць сцяжку. Так было і ў маім выпадку. Калі ж у двары з’яўляліся амапаўцы, усчынаўся суцэльны лямант і мат, а камусьці з няправільна ляжачых перападала дубінкай або ботам.

Пасля адзін з супрацоўнікаў РАУС, развязаўшы рукі, павёў Алеся ў будынак, дзе далі магчымасць заскочыць у прыбіральню. Вярнулі яго ўжо ў іншае месца, бліжэй да выязной брамы. Апоўначы Алеся і яшчэ некалькіх чалавек пасадзілі ў спецтранспарт і павезлі ў Валожын.

У камеры ў Валожыне ўжо сядзелі хлопцы з Ракава і Вішнева.  Было ад 11 да 13 чалавек у памяшканні, разлічаным на дзесяць.

–  Усе трое з паловай сутак я спаў на бакавой жалезнай кушэтцы для сядзення. Хлопцы падзяліліся падушкай і парай коўдраў. Абыходзіліся там з намі па-чалавечы. Толькі там склалі адміністрацыйныя пратаколы.

Прачытаўшы свой пратакол, я даведаўся, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, і  са здзіўленнем прачытаў, што, аказваецца, «кричал, отмахивался, упирался ногами и руками». Я напісаў, што з пратаколам не згодны.

Судзілі Алеся разам з яшчэ чатырма сядзельцамі 12 жніўня:

– Усіх завялі ў нейкі пакой з суддзёй, міліцыянерамі, але без сакратара. Суд кожнага займаў прыкладна пяць хвілін. Мне суддзя Зянько даў 15 сутак. Але дзякуючы пратэстам супраць гвалту і беззаконня, нас сталі выпускаць. Я выйшаў на волю ўжо 14 жніўня. Аспрэчыў прысуд у абласным судзе. Але яго пакінулі ў сіле, скасаваўшы толькі не адбыты мной тэрмін.

На пытанне, ці дапамагло яму веданне законаў у тыя жнівеньскія дні, адказ Алеся адназначны: марна ў той сітуацыі, у якой апынулася краіна, казаць пра законы.

• Текст доступен на языке: Русский