Іван Вярбіцкі ў судзе.

10 лютага суд Смаргонскага раёну працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Івана Вярбіцкага.

Першае пасяджэнне: Жыхара Гальшан абвінавачваюць у тэрарызме. Ён кажа, што «троліў» сілавікоў

Жыхара Гальшанаў абвінавачваюць па чатырох крымінальных артыкулах:

  • частка 5 артыкула 16 «Саўдзел у злачынстве»;
  • частка 1 артыкула 289 «Акт тэрарызму»;
  • частка 2 артыкула 295 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да вогнестрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчаваў»;
  • частка 1 артыкула 377 «Крадзеж, знішчэнне, пашкоджанне або ўтойванне дакументаў, штампаў, пячатак, крадзеж бланкаў».

Судовае разбіральніцтва вядзе суддзя Людміла Пятрова і два народныя засядацелі – Дукава і Матвеева. Дзяржаўны абвінаваўца – Сяргей Кавальчук. Абвінавачваемага абараняе адвакат Аляксей Крывалапаў. Пацярпелых па дадзенай справе няма.

10 лютага ў судзе павінны былі заслухоўваць паказанні трох сведак, але ніхто з іх не з’явіўся на пасяджэнне.

Сведкі не з’явіліся на пасяджэнне

Сведка Віткоўская – суседка абвінавачваемага. Яна прасіла суд выкарыстаць яе паказанні, якія дала падчас папярэдняга следства.

Суддзя разбірала напісаныя ад рукі паказанні сведкі Віткоўская разам з народнымі засядацелямі. 21 кастрычніка да Віткоўскай на вуліцы падышоў малады чалавек, які папрасіў пабыць панятой. Віткоўская бачыла, як Вярбіцкі разарваў нейкую паперу, пасля чаго вярнулася дадому. У ператрусе яна не ўдзельнічала.

Сведка Шнэк – родная сястра абвінавачваемага. Яна таксама папрасіла суд выкарыстаць яе сведчанні, якія давала на папярэднім следстве. Шнэк патлумачыла, што пра крымінальную справу брата даведалася праз сайт МУС. Сястра мяркуе, што порах і патроны, што знайшлі падчас ператруса, маглі належыць памерламу бацьку ці брату. Яны былі паляўнічымі.

Апошні раз у доме бацькоў у Гальшанах Шнэк была ў гадавіну смерці бацькі ў 2016 годзе. Цяпер жыве ў Мінску. З братам не размаўляе, характарызуе яго як творчую асобу, якую мала хвалююць бытавыя праблемы.

Сведка Шульжыцкі таксама не з’явіўся ў судзе. Пытанне аб яўцы падчас пасяджэння не разглядалі.

Вярбіцкі гутарыць са сваім адвакатам.

Вярбіцкаму ў камеру падсадзілі чалавека, каб распытаць пра справу

У крымінальнай справе Вярбіцкага ўсяго тры тамы. У абвінавачваемага падчас ператрусу вынялі сістэмны блок, два ноўтбукі, чатыры мабільных тэлефоны, дзве флэшкі, два знешніх дыскі, фотаапарат. Экспертыза паказала, што адзін з тэлефонных нумароў быў прывязаны да тэлеграм-акаўнта, з якога Вярбіцкі напісаў каментары ў чатах «Ашмяны» і «Астравец для жыцця». Гэтыя каментары і сталі асновай для крымінальнай справы.

У яго доме ў Гальшанах знайшлі порах і некалькі дзясяткаў патронаў. На ёмістасцях, у якіх быў порах, знайшлі сляды рук. Іх немагчыма ідэнтыфікаваць.

У матэрыялах справы ёсць характарыстыкі на Івана Вярбіцкага. У характарыстыцы сельсавету напісана, што абвінавачваемы не размаўляе з аднавяскоўцамі і скрытны, таму яго характарызуюць адмоўна. Адвакат пратэставаў, бо адмоўная характырыстыка нічым не пацверджаная. Характарыстыку са школы не далі, таму што дакументы тых часоў страцілі. У характарыстыцы Ашмянскага РАУС сказана, што Вярбіцкага за п’янствам яго не заўважалі.

У яўцы з павінай Вярбіцкі раскайваўся і дадаў, што пісаў у тэлеграм-каналах з мэтай «тролінгу» і каб выклікаць дыскусію.

У матэрыялах справы ёсць інфармацыя пра аператыўную дзейнасць, якую праводзілі ў адносінах да абвінавачваемага. Высветлілася, што ў камеру да Вярбіцкага ў ізалятары часовага ўтрымання Ашмянскага РАУС спецыяльна падсадзілі чалавека, які распытваў яго пра крымінальную справу. Вярбіцкі расказваў яму, што «троліў» і няўдала пажартаваў у тэлеграме.

– Гэтага чалавека пасадзілі да мяне ў камеру на тры дні. Першы дзень я з ім наогул не размаўляў, а пасля ён пачаў правакаваць. Казаў, чаму мы з шарыкамі ў Мінску выходзілі, трэба было інакш вырашаць. Спрабаваў у мяне высветліць пра маю справу, – расказаў Вярбіцкі на судзе.

У судзе не ўключалася відэа, таму разгляд перанеслі

У судзе павінны былі глядзець відэа з уручэння пастановы аб ператрусе і відэа ператрусу. Адзін з дыскаў з матэрыялаў справы не ўключаўся, таму суддзя вырашыла працягнуць разгляд 11 лютага. 11 лютага ў судзе выступіць сведка, які прысутнічаў падчас ператрусу ў доме Вярбіцкага.

• Текст доступен на языке: Русский