Фота mir24.tv.

Да нас у рэдакцыю звярнуўся жыхар Вілейшчыны Сяргей. Яго турбуе небяспечны мост праз раку Нарачанку ў аграгарадку Нароча.

– Мост без парэнчаў. Цяпер ён заледзянелы. А па тым мосце, між іншым, ходзяць людзі, бягуць у школу дзеці. Я звяртаўся да мясцовых уладаў. Яны павесілі чырвона-белую стужку як папярэджанне, каб па мосце не хадзілі. Але ж вы самі разумееце, што чалавек, рызыкуючы, пойдзе па гэтым небяспечным мастку, чым ісці на другі, больш надзейны, калі да яго прыкладна кіламетр, – распавядае вясковец.

Сяргей звяртаўся да мясцовых уладаў, званіў на «гарачую» лінію, дабіваўся, каб мост адрамантавалі або прыбралі зусім. Бо на ім, па словах мужчыны, былі нават смяротныя выпадкі. Кажа, у інстанцыях перанакіроўваюць туды-сюды. А выніку няма.

Сельвыканкам: Людзі гатовыя адрамантаваць мост. А мы дапаможам

З праблемай мы звярнуліся ў Нароцкі сельвыканкам. Тут адказалі, што аб праблеме ведаюць. Пытанне з мостам трымаюць на кантролі.

– У нас праз Нарачанку ёсць чатыры такія масткі, якія людзі зрабілі самі. Ведаю я і пра мост, пра які ідзе гаворка. Людзі пабудавалі яго для сваёй зручнасці. Па ім хутчэй можна трапіць у цэнтр вёскі. Але ў нас каля ракі зона адпачынку. Летам адпачывальнікі шкодзяць гэтыя масты, – расказала старшыня сельсавета Алена Абрамчык.

Па словах старшыні, мост сапраўды вельмі патрэбны людзям. Яна сцвярджае так, бо хадзіла па дамах і праводзіла апытанне. Калі мост знесці, людзі яшчэ больш будуць скардзіцца, кажа старшыня.

Таму выйсце адно – рамантаваць.

– Але паколькі людзі пабудавалі мост самі, на балансе сельвыканкама ён не лічыцца. І адпаведна за грошы сельвыканкама мост я рамантаваць не магу. Але вясной-летам лясніцтва абяцала дапамагчы з дрэвам, а ў гаспадарцы напілуюць дошак. Людзі самі гатовыя адрамантаваць свой мост. Спадзяюся, і грамадзянін, які тэлефанаваў вам, дапаможа з рамонтам, – падсумавала Алена Мікалаеўна.

Па яе словах, цяпер каля небяспечнага мосціка вісіць стужка, якая забараняе па ім хадзіць. Але ж спыняе яна не ўсіх.

 

• Текст доступен на языке: Русский