Куранецкая раёнка.

У рэдакцыю трапіла падшыўка газеты «За Совецкую Радзіму» за 1945 год. Газета выдавалася ў Куранецкім раёне і была друкаваным органам Куранецкага КП(б) Беларусі і райсавета дэпутатаў.

Нумар – аркуш фармату А4 з тэкстам з абодвух бакоў – каштаваў 15 капеек. Перагорнем старонкі 76-гадовай даўніны. Арфаграфію захоўваем.

Як жанчына ганарылася тым, што забіла чатырох фрыцаў

Першыя старонкі красавіцкіх нумароў прысвечаныя пачатку веснавой сяўбы, перамогам Чырвонай Арміі, аднаўленню вёсак. Даюцца звесткі ад Савецкага інфармбюро, замежныя навіны ад ТАСС, урыўкі з выступленняў на сходах. Вось, як выступала на адным са сходаў старшыня Рэчкаўскага сельсавета, спадарыня Ільяшэнка: «Мне 52 гады, но я не лічылася з уласнымі сіламі. У час нямецкай акупацыі памагала ўсім, чым магла нашым слаўным партызанам. Не ўзіраючы на небяспеку, я забіла сваёй рукой чатырох фрыцаў. Цяпер немцаў тут няма. Нас вызваліла наша доблесная Чырвоная Армія. Але гэта ня значыць, што мы павінны супакоіцца і думаць, што ўсё ўжо зроблена. Нам трэба працаваць не пакладаючы рук. Я цяпер работаю старшынёй сельсавета. Хачу сказаць, што работа ідзе нядрэнна. Да веснавой сяўбы сяляне майго сельсавета падрыхтаваліся добра. У нас работае чатыры кузні, дзе кожны селянін змог адрамантаваць свой інвентар. Сяляне маюць насенне для пасева. Тыя, хто не меў яравых зрабілі абмен з суседзямі, т.е жыта на ячмень або авёс. У сваёй рабоце я абапіраюся на пастаянна дзейнічую камісію, сельскую інтэлігенцыю і на ўвесь свой калектыў». №3, аўторак, 10 красавіка 1945 года.

Зямлю апрацоўвалі на каровах

У газеце ад 16 красавіка, у №4, чытаем, што мясцовыя сяляне ў 1945-м апрацоўвалі зямлю на каровах. Аўтар Літвішчанка піша: «Сяляне, якія не маюць коней павінны выкарыстоўваць малапрадуктыўных кароў для апрацоўкі сваёй зямлі. Селянін вёскі Кузмічы Кузмічанскага с/с Харэўко С.П. на сваёй карове апрацаваў два гектары зямлі. Сялянка вёскі Рабунь Рабуньскага сельсавета Губат Мар’я апрацавала на карове 1,5 гектара зямлі. Гэтыя сяляне заявілі, што ўсю сваю зямлю апрацуюць на каровах. Што датычыцца малака, то яго менш не стала. Праўда, для гэтага трэба карміцькароў добра. Па такому прыкладу трэба паследаваць многім сялянам, якія не маюць каней».

Як вучні чацвёртага класа здавалі экзамен па роднай мове

У №7 ад 24 мая на першай старонцы разам з чарговым матэрыялам пра адраджэнне народнай гаспадаркі змясцілі нататку пра экзамены па роднай мове ў Куранецкай школе. Экзамены адбыліся 22 мая 1945 года. Аўтар В.І. Малашкевіч піша: «Адбыліся экзамены па роднай мове (пісьмовай) у чацвёртым выпускным класе Куранецкай няпоўнай сярэдняй школы. Здавалі экза- мены 25 вучняў. З гэтага ліку 17 вучняў атрымалі пяцёркі, 7 атрымалі чацвёркі і толькі адзін вучань атрымаў тройку. Лепшыя паказчыкі на экзаменах далі наступныя вучні: Рак Ігар, Кіргет Тамара, Дубяга Вольга, Ненаркомаў Усевалад, Селюн Ларыса і другія. Нашы выпускнікі добра знаёмы з экзаменацыйнымі білетамі. Школа дапамагла ім падрыхтавацца да экзаменаў. Вучні пакажуць, наколькі глыбока і асмыслена за своілі яны навучальную праграму пачатковай школы. Гэты першы год на вызваленай зямлі ў роднай савецкай школе, пасля жудасных гадоў фашысцкага цемрашальства, быў сапраўды гістарычным для нашых школьнікаў і настаўнікаў. Новыя рашэнні партыі і ўрада аб школе былі пакладзены ў аснову ўсёй нашай навучальна-выхаваўчай работы».

У Багданаўскім дзетдоме

У №8 за 31 мая дырэктар дзіцячага дома ў Багданаве Шарый у нататцы «Забота аб дзецях-сіротах» піша пра ўстанову, якой кіруе: «У Багданаўскім дзетдоме знаходзіцца 55 дзяцей-сірот, бацькі якіх загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ужо ў гэтым годзе 18 з іх навучалася ў школе. Усе яны пераведзены ў наступныя класы. Пры дзетдоме створана сталярная майстэрня, дзе дзеці навучаюцца вырабляць розныя рэчы з дрэва. Для дзяцей сірот будзе засеяна шэсць гектараў зямлі, пяць з якіх ужо засеяна. Так што нашы дзеці не будуць адчуваць ніякага недахопу ў прадуктах харчавання. Прароблена вялікая работа па стварэнн нармальных умоў жыцця дзяцей, але нам яшчэ трэба зрабіць многае, і мы ўсё зробім, каб дзеці раслі здаровымі і жыццярадаснымі – сапраўднымі патрыётамі нашай Радзімы».

Перамога і яе тварэц

Усю першую старонку №16 ад 7 ліпеня займае артыкул «Тварэц Перамогі Совецкага народа». Матэрыял публікаваўся з нагоды прысваення Іосіфу Сталіну звання Героя Савецкага Саюза і воінскага звання – Генералісімус. Артыкул перадрукаваны «Праўды» ад 28 чэрвеня.

На другой старонцы адной калонкай – інфармацыя пра святкаванне 3 ліпеня ў Куранцы першай гадавіны вызвалення ад фашыстаў. Аўтар Евін піша: «Мітынг, прысвечаны гадавіне з дня вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў адбыўся ў райцэнтры, дзе выступілі прадстаўнікі ад РК КП(б)Б і райвыканкома, ад моладзі раёна, ад партызан, ад вучняў, таварышы: Цымлякоў, Андрэяў, Мазурэнак, Барозіч. На мітынгу ад усёй душы працоўныя славілі Чырвоную Армію і Ваенна-Марскі флот, якія з чэсцю адстаялі Айчыну ад нямецка-фашысцкіх імперыялістаў. Працоўныя горача вітаюць свайго вялікага правадыра таварыша Сталіна і пажадалі многа год яму творчага, яснага жыцця».

Якая маці лічылася гераіняй і хто быў бацькам і настаўнікам

У №13 за 14 ліпеня П.М. Мяфодзева піша, як савецкі ўрад клапоціцца пра матуль і дзяцей, у тым ліку і пра тых, якія жывуць у Куранецкім раёне: «Па нашаму раёну выплачана дзярждапамогі мнагадзетным і адзінокім мацярам за прайшоўшы год пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на суму 288 610 руб. Гэтую дапамогу атрымалі 175 многадзетных і адзінокіх мацярэй. Ужо прадстаўлена да ўрадавых узнагарод 29 мацярэй, у гэтым ліку тром мацерам будзе прысвойвацца ганаровае званне «Мать героиня». Гэта мацяры, нарадзіўшыя і выхаваўшыя дзесяць і больш дзяцей «…». У раёне таксама створаны дзіцячы дом, у якім выхоўваюцца 55 дзяцей-сірот. Шчасліва і весела жывуць дзеці ў дзіцячым доме. Радзіма-маці вярнула ім радаснае дзецтва, сагрэла іх ласкай і цёплым бацькоўскім клопатам. Недарэмна, усе лепшыя  словы выхаванцаў дзіцячага дома звернуты да самага дарагога чалавека ў свеце, да бацькі і настаўніка – таварыша Сталіна».