Павандраваць па Маладзечаншчыне і адначасова вывучаць свой край? Як гэта зрабіць зручна, ведае вучаніца Турэц-Баярскай сярэдняй школы.
Вікторыя Паўлоўская вучыцца ў 11 класе. На 25 рэспубліканскі конкурс даследчых работ навучэнцаў па геаграфіі яна падрыхтавала працу «Краязнаўчы квэст як сродак пазнання малой радзімы». Кіраўніком працы стаў настаўнік інфарматыкі і геаграфіі Дзяніс Радвіловіч.
Рэспубліканскі конкурс адбудзецца ў анлайн-фармаце ад 26 да 28 лютага. Вучаніца выступіць з працай як пераможца раённага і абласнога этапаў конкурсу.
Адзінаццацікласніца разам з кіраўніком распрацавалі адразу тры маршруты, кожны для рознага тыпу падарожжа:
1) Пешы квэст-экскурсія «Пазнай сваю малую радзіму». Разлічаны на 1 гадзіну, працягласць – тры кіламетры.
2) Веласіпедны квэст-экскурсія «Адметныя мясціны нашага краю». Разлічаны на 2 гадзіны і 20 хвілін, працягласць – 22 кіламетры.
3) Аўтамабільны квэст-экскурсія «7 цудаў Маладзечаншчыны». Разлічаны на дзве гадзіны, працягласць – 68 кіламетраў.
Як працуе квэст-экскурсія
Усе тры маршруты працуюць па аднолькавым прынцыпе. Загружаеце на мабільны тэлефон дадатак izi.travel, і праз пошук або QR-код шукаеце патрэбную экскурсію.
Далей вы атрымліваеце пункт, з якога пачынаецца экскурсія. Напрыклад, помнік або будынак. Націскаеце на яго ў тэлефоне і атрымліваеце сціслую інфармацыю пра аб’ект. Некалькі сказаў пра самае важнае, што варта ведаць аб пункце. Тэкст можна прачытаць, а можна праслухаць аўдыёзапіс.
Далей вам задаюць пытанне, звязанае з аб’ектам. Калі вы адказалі правільна, то вам адкрываецца наступны пункт. Вы можаце рушыць да яго. Напрыканцы квэста прылада падлічвае, колькі балаў вы зарабілі дзякуючы адказам.

Чаму квэст-экскурсіі цяпер асабліва актуальныя
Такі падыход да экскурсіі вельмі зручны для турыста. Вы можаце выправіцца ў падарожжа ў любы момант разам з кампаніяй або адзін і не шукаць экскурсавода – гэту ролю выконвае дадатак. Можаце сумясціць пешую і аўтамабільную або роварныя маршруты, або прайсці паасобку.
Прычым сам турыст становіцца не пасіўным слухачом, а актыўным удзельнікам – ён шукае новыя веды, даследуе мясцовасць і не азіраецца, ці збіраецца ўжо вяртацца экскурсійная група.
Такі прынцып турызму асабліва запатрабаваны ў час пандэміі. Вам неабавязкова адмаўляць сабе ў падарожжы, вы можаце зрабіць яго максімальна бяспечным.
Як распрацоўвалі
Краязнаўствам Турэц-Баяраў настаўнікі разам з вучнямі займаюцца не першы год. Раней распрацоўвалі тэму мікратапонімаў. Прычым вынікі даследаванняў засталіся не толькі на паперы, іх нанеслі на гугл-карту.
Цяперашняя праца Вікторыі Паўлоўскай і Дзяніса Радвіловіча таксама абгорнутая ў зручную форму для шырокага карыстальніка. Квэст-экскурсію «Пазнай сваю малую радзіму» рыхтавалі на раённы этап конкурсу, «Адметныя мясціны нашага краю» – на абласны.
А на рэспубліканскі аб’ядналі працы і дадалі трэцюю. «7 цудаў Маладзечаншчыны» стала сумесным праектам Турэц-Баярскай школы і Цэнтральнай раённай бібліятэкі і завяршыла тройку квэст-экскурсій, з якімі Вікторыя Паўлоўская выступіць на рэспубліканскім конкурсе.
Маршрутамі можа скарыстацца любы ахвотны, але распрацоўшчыкі плануюць папулярызаваць працу – падрыхтаваць буклеты і распаўсюдзіць па аграсядзібах.