Наталля Валынец. Фота з яе старонкі на фэйсбуку.

Учора раптоўна перастала біцца сэрца журналісткі і пісьменніцы віляйчанкі Наталлі Валынец.

Наталля прыйшла ў журналістыку у пачатку 80-х, закончыўшы журфак БДУ. Працавала у вілейскай раённай газеце, у нацыянальных выданнях. Яе ведаюць на Смаргоншчыне, Аставеччыне і Ашмяншчыне, дзе яна шмат год адпрацавала ўласным карэспандэнтам абласной газеты.

Ад першага года існавання «Рэгіянальнай газеты» Наталля Валынец супрацоўнічала з нашым выданнем. З яе дапамогай рабіліся рэпартажы і інтэрв’ю, мы разам выязджалі да апошняга жывога сведкі жыцця ў неіснуючай вёсцы Стрыпішкі стараабрадца Малафа Зубанава на самы край краіны: на мяжу Беларусі і Літвы, дзе яшчэ захавалася ў лесе драўляная Траецкая царква. Рабілі рэпартаж са здымкаў мастацкага фільма ў маляўнічым мястэчку Жодзішкі, разам расказвалі пра з’яўленне на свет чацвярні дзетак у шчаслівай сямі’і Марыны і Уладзіміра Лукашэвічаў з Ашмянаў…

Аб смерці нашай калегі нам паведамілі яе блізкія.

Развітанне з нябожчыцай адбудзецца сёння з 12-й гадзіны ў рытуальнай зале ў Вілейцы па вуліцы Вадап’янава, 32.

Рэдакцыя «Рэгіянальнай газеты» смуткуе з прычыны смерці Наталлі Валынец і выказвае шчырае спачуванне яе родным і блізкім.

• Текст доступен на языке: Русский