Скрыншот МУС Беларусі.

Малады чалавек – дваццаты ўдзельнік сустрэчы лыжнікаў пад Маладзечнам, якая адбылася ў нядзелю, 14 лютага. 

У той дзень групу лыжнікаў з 11 жанчын і васьмярых мужчын затрымалі міліцыянеры. Як высветлілася, адзін удзельнік збег з месца падзей. Ён расказаў нам сваю версію таго, што адбылося.

Як расказвае суразмоўца, на сустрэчу сабралася сем аўтамабіляў, прыехалі на месца каля падстанцыі ў вёсцы Лешна. Хацелі запісаць відэа і добра правесці час. Спачатку хвілін 20 збіраліся, надзявалі лыжы. Пасля яшчэ хвілін 20 падымаліся на гару, пасля спусціліся.

Пачалі распраўляць 20-метровы сцяг, у гэты момант на гары паказалася каля 7–10 чалавек у цёмным адзенні. Стала зразумела, што гэта міліцыянеры.

– Калі яны падыходзілі бліжэй, – расказвае маладзечанец, – казалі не разбягацца. І што ў выпадку пабегу будзе прыменены агонь на паражэнне. Я пабег па полю, пакуль хапіла сіл. Проста бег, разумеў, што яны мяне не дагоняць. Я раней быў легкаатлет. Бег і глядзеў, ці пабеглі за мной. Пабачыў, што не, і пабег далей.

– Вы не думалі, што вас дагоняць?

– Сугробы былі ў калена. Зняў лыжы, і як толькі пачаў бегчы, зразумеў, што ў іх не хопіць сіл.

Мужчына патлумачыў, што з ім спрабавалі адысці яшчэ двое чалавек, але пасля слоў пра агонь на паражэнне яны спыніліся.

– Уцячы было вельмі складана, бег ледзь не да рвоты. Чаму пабег? Я не ведаю, гэта проста секундны выбар. Страшна стала ўжо пасля, калі выйшаў на адкрытую дарогу і не ведаў, хто можа ехаць.

Мужчыну забралі знаёмыя. У вёсцы засталася яго машына. У той жа дзень у доме маладзечанца быў ператрус. Нічога не знайшлі, а пасля аддалі машыну блізкім.

На наступны дзень мужчына выехаў за мяжу. Такое рашэнне прыняў таму, што яго ўжо затрымлівалі раней, з-за чаго згубіў працу.

– З’ехаў на чамадане, без асаблівых грошай. Ці вярнуся, не ўяўляю. Неверагодна прыемна было знаходзіцца з тымі, хто плячом да пляча ідзе да перамогі. Спадзяюся, хутка мы сустрэнемся і будзем з гонарам успамінаць, што рабілі свой унёсак у будучыню Беларусі.

• Текст доступен на языке: Русский