16 лютага ў судзе Смаргонскага раёна прайшло чацвёртае пасяджэнне па крымінальнай справе Івана Вярбіцкага. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку і ў акце тэрарызму.

Першае пасяджэнне: Жыхара Гальшан абвінавачваюць у тэрарызме. Ён кажа, што «троліў» сілавікоў

Другое пасяджэнне: Сведкі не прыйшлі, відэа не ўключылася. У Смаргоні працягваюць разглядаць справу па акце тэрарызму

Трэцяе пасяджэнне: «Апошні раз такое абвінавачванне тычылася выбуху ў мінскім метро». У Смаргоні судзяць гальшанца за тэрарызм

Судовае разбіральніцтва вядзе суддзя Людміла Пятрова з дзвюма народнымі засядацелямі Дукавай і Матвеевай. Дзяржаўны абвінаваўца – Сяргей Кавальчук. Абвінавачваемага абараняе адвакат Аляксей Крывалапаў.

На судовае пасяджэнне прыехалі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ – Беларусь 1 і смаргонскага тэлебачання. На пасяджэнне яны не засталіся, знялі толькі перад ім Вярбіцкага.

Сведкі Бяляеў і Красоўскі

Аляксей Бяляеў праходзіць тэрміновую службу ў войску. Бяляеў удзельнічаў у ператрусе ў доме Вярбіцкага. Ён успамінае, што абвінавачваемы адмаўляўся адчыняць дзверы дома. У дом Вярбіцкі пусціў супрацоўнікаў толькі пасля прыезду старшыні сельвыканкаму. Бяляеў бачыў, як міліцыянеры знайшлі патроны і порах.

Аляксандр Красоўскі – оперупаўнаважаны Ашмянскага РАУС. Ён двойчы прыязджаў на ператрус да Вярбіцкага. Красоўскі бачыў, як абвінавачваемы парваў пастанову аб ператрусе і разбіў свой мабільны тэлефон. Пасля міліцыянеры разам з Вярбіцкім паехалі ў Ашмяны за новай пастановай і вярнуліся назад у Гальшаны. Падчас ператрусу менавіта Красоўскі знайшоў у доме Вярбіцкага патроны і порах. Ён памятае, што Вярбіцкі ўвесь час на знойдзеныя боепрыпасы казаў, што яны маглі застацца пасля смерці бацькоў.

Хадайніцтвы адваката

Абаронца хадайнічаў пра тое, каб дадаць да справы скрыншоты перапіскі ў тэлеграм-каналах, у якіх пакінуў паведамленні Вярбіцкі. Гэтае хадайніцтва суд ухваліў. Крывалапаў хадайнічаў аб правядзенні псіхалагічна-лінгвістычнай экспертызы, каб даць ацэнку перапісцы Вярбіцкага і дадаць да матэрыялаў справы псіхалагічны партрэт абвінавачваемага. Вярбіцкі паясніў, што можа даць спасылкі на свае акаўнты ў сацыяльных сетках, каб экспертыза была ўсебаковай. Суддзя адхіліла хадайніцтва.

У разбіральніцтве павінны прайсці спрэчкі бакоў, Вярбіцкі выступіць з апошнім словам. Дату і час наступнага пасяджэння суддзя не агучыла. Яна ўдакладніла, што ўдзельнікі працэсу даведаюцца аб гэтым пазней.

• Текст доступен на языке: Русский