Вілейская ЦРБ закупіла сто колькасных экспрэс-тэстаў на каронавірус. У бальніцы нам расказалі, чым яны лепшыя за ранейшыя.

– Мы набылі новыя тэсты для вызначэння антыцел. Яны карэйскай вытворчасці. Прынцыповае адрозненне ад ранейшых, якасных, тэстаў у тым, што цяпер мы бачым колькасць антыцел у крыві ў адзінках. А з якаснымі тэстамі вызначалася толькі наяўнасць М і G антыцел, але наколькі моцны імунітэт яны забяспечваюць, медыкі зразумець не маглі. А цяпер могуць, – тлумачыць доктар лабараторнай дыягностыкі Вілейскай ЦРБ Вікторыя Клімовіч.

Па словах доктара, згодна з даследаваннямі, праведзенымі вытворцамі тэстаў, калі імунаглабуліну М больш, чым 1,1, вынік лічаць станоўчым – чалавек хворы. Калі менш за гэты паказчык – вынік адмоўны. Нагадаем, што імунаглабулін М паказвае, што чалавек у працэсе хваробы, наяўнасць імунаглабуліну G сведчыць, што чалавек перахварэў.

– Колькасць – гэта вельмі зручна, – адзначае доктар. – Калі мы рабілі якасныя тэсты, здаралася так, што палоска, якая вызначае наяўнасць імунаглабуліну М, была ледзь заўважнай, такой, што не заўсёды вызначыш, ёсць у крыві гэты імунаглабулін ці не.

Доктар рэкамендуе абавязкова зрабіць тэст тым, хто сумняваецца, ці патрэбная яму вакцынацыя ад каронавірусу.

– Людзі часам думаюць, што не трэба прышчапляцца, калі ўжо перахварэў. Але калі ў крыві перахварэлага антыцел  G  у крыві менш за 20 адзінак, яны ўжо не вельмі абароняць чалавека ад паўторнага захворвання. Шмат з тых, каму мы рабілі, мелі па 11-13 адзінак. У такім выпадку імунітэту практычна няма і можна захварэць зноў. Таму патрэбная вакцынацыя. Калі ж антыцел G  больш за 20, то пакуль можна не прышчапляцца. Яны абароняць. А ўвогуле, на станцыях пералівання крыві кроў на антыцелы ў донараў бяруць толькі тую, дзе канцэнтрацыя не менш за сорак, – тлумачыць Вікторыя Клімовіч.

Зрабіць тэст можна ў паліклініцы. Працэдура каштуе 26 рублёў 80 капеек. Тэстаў, па словах доктара, пакуль дастаткова. Таму можна прыходзіць нават без папярэдняга запісу. Лабараторыя працуе ад 14:00 да 16:00. Вынік будзе вядомы каля 17:00 у той жа дзень.

Як расказалі ў ЦРБ, лабараторныя тэсты тут робяць толькі па прызначэнні доктара і адвозяць іх у Мінск.