Фота youtube.com.

Апошнім часам даволі часта ўзбуджаюцца крымінальныя і адміністрацыйныя справы за незаконнае паляванне і перамяшчэнне дзікіх жывёл. Таму Смаргонская інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету нагадвае пра адказнасць за гэтыя правапарушэнні.

Парушэнні правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання цягнуць штраф ад 580 да 1450 рублёў з пазбаўленнем права паляваць, а таксама канфіскацыю стрэльбаў і іншых прыладаў палявання. Можа чакаць і крымінальная адказнасць – ад буйнога штрафу да шасці гадоў пазбаўлення волі; і грамадзянска-прававая – неабходнасць пакрыцця шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю.

Згодна з заканадаўствам, незаконнае перамяшчэнне або разбор дзікіх жывёл, у тым ліку загінулых, або іх частак, таксама цягне адміністрацыйную або крымінальную адказнасць. Калі ў багажніку вашага аўтамабіля пры праверцы знойдуць зайца, надыходзіць адміністрацыйная адказнасць. Калі аналагічнае правапарушэнне заўважаць паўторна на працягу года, вінаватага прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Падставы для крымінальнай справы пры незаконных перамяшчэнні або разборы дзікіх жывёл наступныя:

– шкода ад незаконнай здабычы жывёл, якая перавышае сто і больш базавых велічынь;

– названыя правапарушэнні ў запаведніку, нацыянальным парку, заказніку, на тэрыторыях, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню, дзе ўсталяваны кантрольна-прапускны рэжым;

– незаконнае перамяшчэнне дзікіх жывёл, віды якіх заведама для вінаватага ўключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі;

– дзеянні, учыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў або асобай, якая раней была асуджаная за паказанае злачынства.

Пры адміністрацыйнай адказнасці прадугледжаны штраф ад 580 да 1450 рублёў, а пры крымінальнай – штраф, папраўчыя работы да двух гадоў або пазбаўленне волі да трох гадоў. Акрамя названых відаў адказнасці, вінаваты павінны дадаткова пакрыць памер шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю. Напрыклад, шкода за адну еўрапейскую казулю – 3 480 рублёў, за лася ці аленя – 8 700, за барсука – 2 900.

Таму, калі вы збілі дзікую жывёлу асабістым аўтамабілем і вырашылі забраць мяса, падумайце, колькі прыйдзецца заплаціць. Калі вы заўважылі параненую, траўмаваную, хворую або загінулую жывёлу, неабходна

паведаміць пра гэта карыстальніку паляўнічых угоддзяў (у лясгас або тэрытарыяльную ўстанову Таварыства паляўнічых і рыбаловаў), у мясцовы РАУС або РАНС.

Нагадваем паляўнічым, што ў адпаведнасці з «Часовым палажэннем аб адмысловым рэжыме канфіскацыі, пахавання і (або) знiшчэння рэсурсаў дзіка на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», працягваецца канфіскацыя дзіка з наступнай яго ўтылізацыяй. Тушы канфіскаваных і трупы загінулых дзікоў да месца ўтылізацыі перавозяць на транспарце, які належыць паляўнічым угоддзям. Разбор і транспарціроўка туш дзікоў асабістым транспартам грамадзян забароненыя.

Кругласутачны нумар «тэлефона даверу» Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету – (8 015 92) 4 40 74.